Выбрать главу

Змяшаць сваю кроў (так часам робяць героі-волаты ў казках) — значыць парадніцца. Тое ж тычыцца выпівання чужой крыві. І на гэтым жа заснаваны абрад еўхарыстыі, бо ў міфалагічным мысленні кроў і віно, якое п’ецца падчас абраду, — узаемазаменныя паняцці.

З крывёю звязана сімволіка чырвонага колеру, надзвычай важная ў культуры. Напрыклад, у Кітаі на свята Новага года пераважае якраз чырвоны колер — колер сонца, радасці, прыгажосці: развешваюцца адпаведныя малюнкі, дзеці і жанчыны апранаюцца ў чырвонае, усюды чырвоныя кветкі. Паводле ўяўленняў кітайцаў, злыя духі баяцца менавіта гэтага колеру. У Рымскай імперыі толькі імператар меў права насіць чырвонае адзенне; арыстакраты, сенатары павінны былі задаволіцца чырвонай паласой. Сімволіка колеру важная і ў набажэнстве, у геральдыцы, у літаратуры, у жывапісе.

Эксперыментальная псіхалогія даказала, што чырвоны колер выклікае ў чалавека актыўнасць, напружанне, хваляванне. У міфалогіі чырвоны азначае палкасць, пачуццёвасць, сілу жыцця, часам агрэсіўнасць, таму звязаны з богам МАРСАМ. У хрысціянскай рэлігіі чырвоны колер — кроў, раны, пакуты і ачышчэнне. У сімволіцы мастацтва еўрапейскага Сярэднявечча чорны колер азначаў грэх, белы — чысціню, чырвоны — дабрыню і любоў.

У большасці народаў абярогі — чырвонага колеру: бранзалеткі з чырвоных нітак або бісеру (азначаюць, на нашу думку, жылу), а таксама спрадвек вышыўка на кашулях, сукенках, ручніках.

Ва ўсіх народаў свету рабіліся адпаведныя дзеянні са следам чалавека. Увогуле, усё, што пакінута чалавекам, захоўвае з ім сувязь, таму паняцце «следу» неабходна разумець шырока. «Пакінуць след у жыцці» ўсе народы разумелі аднолькава: пражыць добрае жыццё, пакінуць пасля сябе нешта значнае, што перажыве самога стваральніка. Са слядаў-учынкаў чалавека складваецца яго біяграфія. А абрадаў, звязаных непасрэдна з фізічным следам, таксама шмат. След часта выкарыстоўваўся ў любоўнай магіі. Напрыклад, беларускія дзяўчаты сушылі ў печцы, рабіўшы па сутнасці керамікай, вынуты з жвіру след жаніха. У Чарнагорыі дзяўчына брала зямлю з-пад следу каханага, сыпала ў вазон, саджала кветачку і сачыла за ёю: добра расце, квітнее — значыць, яе любяць. Калі кветка гінула, выкарыстоўвалі больш моцную магію для прысушкі: напрыклад, дабаўлялі ў пітво хлопцу сваю месячную кроў. У старажытнай Даніі падчас заключэння розных дамоўленасцяў палівалі сляды адзін аднаго сваёй крывёю. Уяўленні, звязаныя са следам, трывала захавала народная славянская культура. Напрыклад, нельга падмятаць у доме, калі жыхар гэтага дома знаходзіцца ў дарозе: нябачныя сляды, ім пакінутыя, як бы дапамагаюць па-за межамі роднай хаты.

Надзвычай важнае і складанае пытанне з тварам чалавека. Важнейшы пастулат дзвюх сусветных рэлігій — іудаізму і ісламу — забарона выяў жывых істот, бо на малюнак або фотаздымак пераносіцца частка душы чалавека, і гэта можа нанесці яму шкоду. І навука сёння гаворыць, што на фота зберагаецца некаторая частка найдрабнейшых часцінак — мікралептонаў, якія неяк звязаны з разумова-эмацыянальнай сферай чалавека. З выявай чалавека (лялькай, партрэтам, фота), сапраўды, заўсёды праводзілі магічныя дзеянні. Некаторыя вядомыя мастакі часам бралі ў якасці мадэляў сваіх любімых жонак, і тыя нярэдка паміралі ў маладым узросце (Пітэр Пауль Рубенс, Рэмбранд ван Рэйн, Ілья Глазуноў). Выяву чалавека заўсёды разумелі як яго двайніка. Яшчэ ў Старажытным Егіпце такую ролю ігралі скульптуры ў пахавальнях. А ўжо ў Рыме скульптурныя бюсты памерлых пачалі памяшчаць на іх магілах, а не ў склепах, а пазней звычай прыйшоў і да іншых еўрапейскіх народаў.

З феноменам партрэта (падваення чалавека) цесна звязаны вобраз двайніка ў мастацкай літаратуры. Твар — закадзіраваная асоба. Гэта асабліва ярка праявілася ў знакамітым рамане Аскара Уайльда «Партрэт Дарыяна Грэя» або ў аповесці Мікалая Гогаля «Партрэт». Эгацэнтрызм (засяроджанасць на сваім «я») здольны выклікаць у чалавека адчуванне праследвання сваім двайніком (у Іагана Вольфганга Гётэ, Альфрэда дэ Мюсэ, Фёдара Дастаеўскага, Сяргея Ясеніна).

Феномен партрэта цікавы і ў іншым сэнсе. Многія з нас бачаць твары і постаці людзей у абрысах гор, дрэў, аблокаў. Нашы вочы як бы антрапамарфізуюць прыроду, і гэта надзвычай часта абыгрываецца ў мастацтве. З другога боку, цікавым па сваёй псіхалагічнай сутнасці з’яўляецца звычай ушаноўваць скульптуры багоў і святых, а таксама абразы. Кожны з гэтых сакральных прадметаў не сам па сабе атрымоўвае звышнатуральную сілу, а менавіта таму, што ён двайнік таго, хто ёю ўжо валодае.