Важнае значэнне маюць так званыя універсальныя кванціфікатары: «ніколі», «усе», «зусім», «заўсёды». Яны дазваляюць рабіць абагульненні, неабмежаваныя ў прасторы і часе. Часта выкарыстоўваюцца так званыя прэсупазіцыі: сярод іх найбольш часта ўжываецца прыметнік «новы». Увогуле прэсупазіцыі ёсць ва ўсіх рэкламных тэкстах: гэта дзеясловы і прыслоўі месца, стану, паўторнасці дзеяння.
Псіхіфізіялагічна магутна дзейнічае і гукапіс: алітэрацыі і асанансы. Розныя гукаспалучэнні ўзбуджаюць адпаведныя цэнтры мозгу, якія ў сваю чаргу выклікаюць пэўныя асацыяцыі, напрыклад: «Ваша киска купила бы Вискас».
Выкарыстанне эўфемізмаў. У ЗША яшчэ падчас вайны ў В’етнаме ў 60-я гады ХХ ст. была распрацавана спецыяльная мова, з якой выключаліся словы, што выклікалі адмоўныя рэакцыі. Напрыклад, ваенныя дзеянні называліся «праграмай прымірэння», масіраваныя бамбардзіроўкі — «аборончай рэакцыяй», мёртвыя зоны, калі была выпалена ўся расліннасць, — «санітарнымі кардонамі», канцлагеры — «стратэгічнымі паселішчамі» і інш. Адпаведнае ўнушэнне дасягаецца з дапамогай і навуковых тэрмінаў. Прыгожым тэрмінам, лічаць людзі, нельга назваць нешта дрэннае. Яшчэ старажытны гісторык Фукідыт назваў гэта «карупцыяй мовы»: словы пачынаюць абазначаць супрацьлеглае таму, што яны заўсёды азначалі.
Спрашчэнне, стэарэатыпізацыя. Чалавек масы ў значнай ступені створаны прэсай, электроннымі СМІ. Тут абапіраюцца на стэратыпы, прымітыў. Журналісты лічаць, што чалавек павінен успрымаць паведамленне без намаганняў, без унутранай барацьбы і крытычнага аналізу. Напрыклад: «камунізм упарта чапляецца за дрэннае. Давайце чапляцца за добрае» — тыповы ўзор спрашчэння. Складаныя з’явы і праблемы зводзяцца да простых і лёгкіх для ўспрыняцця. Безумоўна, і паэзія заўсёды аперыравала словамі, якія б найлепш уздзейнічалі на чытача ці слухача. Але сучасныя СМІ шукаюць словы, якія ствараюць менавіта прымітыўную мадэль. Або раздзяляюць цэласную праблему на асобныя фрагменты, так, каб чытач ці глядач не мог звесці іх у адно і асэнсаваць. Гэта фундаментальны прынцып сугестыі. Тут выкарыстоўваюцца дастаткова прымітыўныя прыёмы: тэлеперадача разбіваецца рэкламай, тэкст — на розных старонках газеты. Дыскусійныя перадачы якраз выкарыстоўваюць фрагментацыю як асноўную форму падачы матэрыялу. А ў чытача і гледача ствараецца ілжывы вобраз рэальнасці. Мозг ператвараецца ў сіта, у якое памяшчаюць шэраг важных, але часцей пустых інфармацыйных паведамленняў. Усё як быццам тэрміновае, але чалавек пазбаўлены гістарычных каардынат. У выніку сёння нічога не мае сапраўды важнага сэнсу, усё — суп-пюрэ. З другога боку, устаноўка на сенсацыйнасць патрымлівае пастаянную нервовую напружанасць.
Такім чынам, сучасныя сугестыўныя сродкі ўздзеяння шырока выкарыстоўваюць прыёмы, вядомыя і ў прыгожым пісьменстве, але ўжываюць і новыя, якія не заўсёды станоўча ўздзейнічаюць на чалавека.
Слова мае каласальную ўладу над нашым жыццём, уладу магічную. Мы зачараваны словамі і ў значнай ступені жывём у іх царстве. Словы дзейнічаюць нярэдка як самастойная сіла, часам нават незалежна ад іх сэнсу. За словамі ідуць масы. Любая прапаганда ў значнай ступені заснавана на ўладзе слоў, на гіпнозе слоў. У нас шмат абсалютна ілжывых рэпутацый, імёнаў, створаных уладай слоў, а не рэальнасцю.
Нейра-лінгвістычнае праграмаванне шырока выкарыстоўваецца ў палітыцы і ў рэкламе. Але існуе і нейра-лінгвістычная дапамога. Сёння псіхіятры гавораць, што 70 % жыхарам Беларусі патрабуецца такая дапамога. Але лепшая дапамога — мастацкае слова: яно дае эстэтычную асалоду, суцяшае і лечыць.
Паняцце магіі. Чаму, як вы думаеце, магія аднавілася ў канцы ХХ ст.?
Віды магіі.
Вашы ўласныя прыклады магіі, што ўздзейнічае на чалавека.
Прывядзіце прыклады выкарыстання магічных прыёмаў у мастацкай літаратуры.