Выбрать главу

У старажытнарускай мове існавала яшчэ адна назва агню — «крэс». Корань захаваўся ў беларускіх словах «крэсіва», «краса», «краска» (кветка). «уваскрасаць» (ажываць). «Ігорев а храброго полку не кресіті», — трагічна заключае аўтар «Слова пра паход Ігаравы». Значыць, важнейшае паняцце хрысціянскай рэлігіі — Уваскрэсенне — мае старажытнае дахрысціянскае паходжанне і звязана з культам агню. На нашу думку, пад словам «агонь» (бярэ пачатак ад санскр. Agni) продкі разумелі натуральны агонь, які можна было захаваць у вуголлях, а паняцце «крэс», хутчэй за ўсё, азначала штучны агонь, атрыманы шляхам высякання з каменя, ахвярны агонь. Са словам «крэс», відаць, звязана і слова КРЫЖ. Увогуле лічылася, што агонь перамагае смерць, як ён перамагаў цемру, змрок. У першабытным светаадчуванні паняцці смерці і змроку (ночы) практычна супадалі. Адсюль аднакарэнныя словы «мор» (смерць) і «змрок».

Паколькі агонь высякаўся з каменя, значыць і камень звязаны з культам святла і агню. Узнікае яшчэ адзін загадкавы вобраз — Бел-гаруч камень АЛАТЫР, што сустракаецца літаральна ў тысячах замоў. Але вогненна-светавой прыродай не абмяжоўвалася функцыя дзіўнага каменя. Ён яшчэ і ўбірае ў сябе ўсе сілы нябесныя, з’яўляецца як бы ўсяленскім вытокам жыцця, таму і вылечвае ад усіх хвароб, дае моц, дужасць. Яш чэ ў ХІХ ст. акадэмік А. Весялоўскі звязваў словы «алатыр» і «алтар». Я ж бачу ў слове і корань «лат» — тое ж, што і «лад» — як бы зыходнае касмічнае паняцце.

З нябесным агнём-маланкай быў звязаны і ПЯРУН — трэці брат (Сонца і Агню), сын Сварога. Яму адпавядае Пірва ў хетаў, Тор у скандынаваў і германцаў, Перкунас у балтаў. Пярун — галоўны ў пантэоне князя Уладзіміра 980 г. Гэта княжацкі бог, бог дружыны, ваенных паходаў, ваеннага саслоўя — кшатрыяў-вояў (Дажбог, на нашу думку, — божышча брахманаў-жрацоў, Агонь — вайшаў-рамеснікаў і земляробаў). Апісанні Перуна сустракаюцца ў розных крыніцах: сівавалосы волат, які трымае ў адной руцэ лук-вясёлку, у другой — стрэлы-маланкі. Ён звязаны з дубам і каменем. Яго жывёла — конь, ахвярная жывёла — вол, які сімвалізаваў жыццёвую магутнасць. Пярун — страшны бог, які меў вялікую ўладу, але час яго — з першых да апошніх навальніц. Перуноў дзень — чацвер.

Падчас хрышчэння Русі ў Кіеве Перуна кінулі ў Дняпро, і гэта быў сімвалічны жэст — канец язычніцкай эры. Але ў апошні час выказва юцца іншыя думкі, на наш погляд, правільныя. Летапісец не зразумеў або свядома перайначыў старажытны абрад праводзін бога, язычніцкае свята паміраючага і ўваскрасаючага бога. Яшчэ ў ХІХ ст. тых, каго абвінавачвалі ў чараўніцтве, кідалі ў ваду. Калі выплывалі, значыць — ведзьмы ці ведзьмакі, калі танулі, абвінавачванні з іх здымаліся. Абсалютна такі ж абрад, з той жа семантыкай апісвае М. Гусоўскі ў «Песні пра зубра». Па сутнасці Перуна маглі таксама выпрабоўваць. Або, у сувязі з культам вады, такім чынам выклікалі дождж. Увогуле знешне Хрышчэнне Русі можна лічыць працягам рэлігійных рэформаў Х ст. Але калі ў межах язычніцтва да старых багоў дабаўляліся новыя, і пантэон павялічваўся, то з прыняццем хрысціянства 988 г. пантэон паменшыўся — ранейшыя багі былі знішчаны. Хоць, магчыма, хрысціянская рэлігія прынімалася як бы ў язычніцкай абалонцы, язычніцтвам былі працяты дзеянні Уладзіміра.

А з другога боку, выбар веры князем Уладзімірам не быў, можна меркаваць, выпадковым, ён вызначаўся асаблівасцямі народнага характару. Душа славяніна найбольш падыходзіла для вучэння Хрыста.

Найбольш старажытны бог у групе язычніцкіх багоў — ВЯЛЕС. Першапачатковая форма ВОЛАС, магчыма, ад «вол» (асноўнага віду свойскай жывёлы да прыручэння каня; буйны рагаты скот паходзіў ад тураў). Некаторыя даследчыкі (Б. Рыбакоў) выводзяць культ Вялеса з палеаліту, ад мядзведзя. У людзей таго часу ён быў богам татэмаў, апекуном паляўнічых, апранутых у звярыныя скуры. Ад вала меў рогі і капыты. Быў сынам нябеснай каровы Зямун і бога Рода. Этымалагічна з ім звязаны волаты, пахаваныя ў курганах-валатоўках. Ад яго імені паходзяць многія другія словы: ВОЎК, ВОЛАК (сыходжанне дзвюх рэчак), ВОЛАС, тапанімічныя назвы на Беларусі: ВОЛАС, ВОЛАСНА, ВОЛМА, ВОТЧАС, ВОЛЬНА, ВІЛЕЙКА і пад.