Выбрать главу

Вялес-бог у назвах сустракаецца ад Брытанскіх астравоў да Урала (Волга) і характэрны ў асноўным для Паўночнай Еўропы (ВОЛС, ВЕЛС, УЭЛС), але суадносіцца, відаць, з антычным богам Панам. Вялес даваў людзям Веды, Нябесны Закон, вучыў Веры, мудрасці, быў апекуном музыкаў, спевакоў, творчых людзей. Таму ў «Слове» слынны славянскі бард Баян названы «унукам Вялеса». Гэта гаворыць пра напалову божаскае паходжанне Баяна або аб атрыманні паэтычнага дару непасрэдна ад Вялеса. Звычайна навукоўцы называюць яго богам свойскай жывёлы. На самай справе яго функцыі намнога шырэйшыя. Ён яднаў чалавека і жывёлу ў роднаснай лучнасці, вучыў любіць жывёл. Сучасныя даследчыкі лі чаць яго ўвогуле богам яднаючым. Можна меркаваць, што гэта быў бог найбольш, так бы мовіць, народны, бог сялянскай абшчыны.

У нейкі момант Вялес набыў змеепадобныя рысы — так ён пака заны на вядомым Збручскім ідале. Ён стаў богам падземным, богам памерлых, у той жа час богам багацця. Ён трымаў зерне пад зямлёю і не даваў коласу падняцца. Некаторыя даследчыкі лічаць Асноўным міфам славян міф пра бойку Перуна з Вялесам з-за нявесты Перуна (Лады-Лелі). Бой-навальніца канчаўся дажджом, а пасля вызваленнем Сонца-Лады (калі Сонца было яшчэ жанчынай) і зерня з-пад зямлі. Фактычна ў Асноўным міфе мы назіраем спрадвечную барацьбу духоўнага і матэрыяльнага пачаткаў, а таксама нябеснага і зямнога, барацьбу, якая адбываецца і ўнутры чалавека — паміж яго целам і духам і, акрамя таго, змаганне Дабра і Зла ў іх самых агульных праяўленнях.

Хоць хрысціянская царква называла Вялеса «лютым зверам», усё ж яго некаторыя функцыі перадала Святому Уласію. А з другога боку, Вялес ператварыўся ў вобраз фальклорнага чорта. Гэта невыпадкова. Культ Вялеса ў другіх народаў набыў гіпертрафаваныя памеры: у вавіланян і семітаў ён даў пачатак страшнаму богу Баалу (В узаемазамяняецца з Б): ВОЛ — ВААЛ — БААЛ. Кашмарная трансфармацыя адбылася з гэтым словам. У многіх мовах слова «бог» — ДЫЙ. Бог-вол = дый-вол або дыявал — д’ябал.

«Пра папулярнасць культу Вялеса або іншага падобнага па функцыях бога сведчыць распаўсюджанасць на тэрыторыі Беларусі шматлікіх узгоркаў з назвай Валова ці Турава гара. З назвай тура (жывёліны, прысвечанай Вялесу) напэўна звязана назва старажытнага горада Турава. Акрамя таго, у легендзе пра паходжанне гарадзішча ў Тураве гаворыцца, што „было там шмат вужоў“. Культ вужоў, найбольш распаўсюджаны ў беларусаў і балтаў, таксама звязаны з Вялесам. На карысць думкі пра асаблівае ўшанаванне Вялеса ў Полацкай зямлі можа сведчыць і этымалогія імя першага полацкага князя Рагвалода („уладар рогу“), асабліва калі разумець рог як атрыбут Вялеса. У „Слове аб палку Ігаравым“ гаворыцца пра здольнасць князя Усяслава Полацкага ператварацца ў ваўка. Аднак вядома, што абрад ператварэння чалавека ў ваўка быў прымеркаваны да другой паловы Калядаў (з 1 да 6 студзеня), якая называлася Вялесавымі днямі» [Зайкоўскі].

У пантэоне князя Уладзіміра згадваецца як адзін з важнейшых бог СТРЫБОГ. Этымалогія гэтага імені да сёння застаецца прадметам спрэчак даследчыкаў. На нашу думку, Стрыбог паходзіць ад лічбы 3, свяшчэннай у нашых продкаў. Можна думаць, што ён адказваў за ўсе тры вертыкальныя сферы быцця — Зямлю, Неба і Падзем’е. Але ў эпоху «Слова…» Стрыбог — ужо толькі бог вятроў («вятры — Стрыбожжы ўнуці»). Нашы продкі спявалі: «Стрыбу, Стрыбу, падабрэй, на палеткі нам павей». Але Стрыбог, на нашу думку, не сам вецер, а Прынцып Ветру. Можна сказаць, што гэта АТМАСФЕРА, ПРАСТОРА, ПРАМЕЖАК паміж небам і Зямлёю. У цэлым жа імя яшчэ патрабуе далейшай рэстаўрацыі.

Імя багіні МАРЫ — слова выключна старажытнае, корань «mar-mor-mer» сустракаецца не толькі ў індаеўрапейскіх мовах, але і ў цюркскіх, угра-фінскіх, семіцкіх. Указвае на добрае: МА — мацярынскі пачатак, РА — сонца. Аднак: «Мара мучыць сонных, не перапыняючы іх сну…». Чаму ж у беларусаў Мара набыла негатыўны сэнс? Але ж не толькі ў беларусаў. Мара ў індусаў — д’ябал, які спакушаў Будду. Ва ўсіх славянаў Мара — божышча зла, варожасці, смерці, вупар. «Мара прадзе і шые падчас поўні, але робіць гэта не на дабро». Ад таго ж кораня паходзіць бог вайны Марс у рымлян, Мароз — бог зімы, холаду, грузінскі яго адпаведнік х’Мерц, Марана — дзяўчына марская, дачка марскога цара (у казках Мар’я Мораўна, у рускіх былінах — Марынка).

Смерць асобнага чалавека — трагічная, але ўвогуле асабістая справа. Больш важна — смяротны пачатак у Прыродзе: смерць святла, сонца, дня і надыход ночы; смерць жыватворных пораў года — вясны, лета, восені — і надыход зімы. Мара, на нашу думку, якраз і ўвасабляла такое ўсеагульнае паміранне ў прыродзе. Але яна не выступала ў ролі незваротнага лёсу, бо на змену ночы заўсёды прыходзіў новы дзень, узыходзіла сонца, а пасля халоднай зімы абавязкова наступала вясна. Смерць Смерці (Мары) паскаралі з дапамогай агню і святла (у веснавых абрадах) і гэтым перамагалі.