Корань «mar-mor-mer» звязаны і з морам, з якога выйшла ўсё жывое, таму невыпадкова маці Хрыста, што ўвасабляе ўласна Жыццё, — МАРЫЯ. Шырока прадстаўлены корань у тапаніміцы: Марока, Маравія, Марсель, Марыупаль, Марбург, Мары, Маршанск і яшчэ сотні назваў. На нашу думку, прычына амбівалентнасці слова з дадзеным коранем тая ж, што і ў адмоўнасемантычных з марфемай РА, і звязана яна з нейкай катастрофай у Сонечнай сістэме або з так званым Чорным Сонцам — сонцам, якое знаходзіцца пад зямлёю ноччу і вымушана рухацца ў варожым для яго асяроддзі з захаду на ўсход, каб раніцай устаць над небасхілам. Вось чаму і Мара, якая заключае ў сабе «сонечную» марфему РА, жыве ў хаце ў асноўным пад падлогай, што семантычна ў прасторы жылля разумеецца як падзем’е. А далейшы сэнс слова (мара — летуценне) указвае на сувязь істоты з іншасветам, які, уласна, і размяшчаўся пад зямлёю. У прынцыпе амбівалентнасць таго ці іншага божышча — тэма, якая пастаянна нагадвае пра сябе на працягу ўсёй рэлігійнай гісторыі чалавецтва. Свяшчэннае прыцягвае людзей — і ў той жа час палохае іх.
Увогуле ж, на нашу думку, усе багі — увасабленні, інкарнацыі (іпастасі) адзінага Абсалюта. Што гэта азначае, лепш за ўсё можна перадаць з дапамогай аналогіі. «Чалавек» — агульная назва. Але чалавек можа быць земляробам, не перастаючы быць чалавекам. Можа іграць на жалейцы — вось ён ужо і музыка, чытае кнігі — чытач. Усё гэта — іпастасі аднаго і таго ж чалавека. Іпастасі — пэўныя функцыі (ролі) на пэўным адрэзку часу. Так і ўсе багі — іпастасі Усявышняга. Розніца толькі ў тым, што чалавек не можа адначасова рабіць сто спраў, а Бог можа. Такім чынам, у нашых продкаў ф актычна быў абмежаваны монатэізм.
Мы прадставілі прыблізную схему асноўных філасофскіх прынцыпаў і асноўных багоў беларускага пантэону. Сістэма гэтая не застылая, а вельмі рухомая, зменлівая ў часе. Яна некалькі (а ў некаторых момантах і істотна) адрозніваецца ад выпрацаваных рускімі, украінскімі, ды і беларускімі даследчыкамі міфалагічных канструкцый. Міфалогія — такая сфера культуры, дзе, як і ў літаратуразнаўстве, кожны даследчык мае права на ўласную інтэрпрэтацыю.
Такім чынам, хоць беларуская міфалогія не шырока прадстаўлена ў пісьмовых крыніцах, але яе асноўную парадыгму і многія элементы можна рэканструяваць паводле фальклорнрых вытокаў, уласна фактаў мовы і ў параўнанні з міфалагічнымі сістэмамі іншых краін.
У рэканструкцыі пантэона багоў мы таксама адступаем ад звыклай схемы, якая заўсёды асноўваецца на пантэоне князя Уладзіміра 980 г. На нашу думку, князь у палітычных мэтах звёў у адно божышчы розных плямёнаў, якія, магчыма, да цяперашніх беларусаў і не мелі адносін ы. Мы спыніліся толькі на тых божышчах, дачыненне якіх да нашых продкаў і паводле мовы, і паводле згадвання ў фальклорных тэкстах — бясспрэчнае.
З імёнамі багоў (іх філасофскім напаўненнем) і з прасторава-часавымі адносінамі ў міфалогіі звязаны многія абрады, гульні, павер’і, прыкме ты, казкі, замовы, загадкі. Але галоўнае: міфалогія — выток літаратурных тропаў і матываў.
РАЗДЗЕЛ 3
Антычная літаратура
***
Антычная цывілізацыя, культура старажытных грэкаў і рымлян — самы трывалы падмурак, аснова цяперашняй цывілізацыі — той, якую мы называем заходняй. Мы, беларусы, таксама маем дачыненне да яе. Антычнасць магутна паўплывала на агульны працэс станаўлення, развіцця еўрапейскай, у цэлым сусветнай культуры. У Антычнай Грэцыі нарадзілася палітычная сістэма дэмакратыі, тут узніклі філасофскія школы, якія вызначылі развіццё чалавечай думкі на 2500 год, тут у літаратуры і мастацтве былі створаны шэдэўры, якія ўвайшлі ў скарбонку чалавечай культуры і з’яўляюцца часткай нашага жыцця. Нельга адчуваць сябе сучасным адукаваным чалавекам, не ведаючы таго фундаменту, на якім ўсталяваўся каласальны будынак сусветнай цывілізацыі, і ў тым ліку, беларускай культуры.
Тэрмін «антычнасць» быў прыняты ў пачатку Х VІІІ ст. у французскай мове і меў дачыненне спачатку толькі да мастацтва пэўнага перыяду. Тры стагоддзі інтэнсіўнага вывучэння пашырылі межы паняцця: ў наш час яно тычыцца рэлігійнага і філасофскага мыслення, палітычных і навуковых поглядаў, мастацтва і літаратуры. Уплыў антычных ідэй і традыцый на чалавечае грамадства наступных эпох настолькі велізарны, усеахопны, што гісторыя класічнай спадчыны складае не толькі асобную вялікую навуку, каласальны пласт чалавечых ведаў, але і з’яўляецца неад’емнай часткай, асновай большасці сучасных спецыфічных навук, у пэўным сэнсе слова — базісам адукацыі.