Выбрать главу

Уся эпоха Антычнасці падзяляецца на некалькі перыядаў культурнай гісторыі:

Крыта-мікенскі перыяд у гісторыі Антычнай Грэцыі.

Архаічны перыяд у гісторыі Антычнай Грэцыі.

Класічны перыяд у гісторыі Антычнай Грэцыі.

Культура Антычнага Рыма.

Культура элінізму.

Крыта-мікенскі перыяд

У ІІІ тыс. да н. э. на Балканскім паўвостраве і на блізкіх да яго астравах Міжземнага мора ўтвараюцца высокацывілізаваныя дзяржавы. Асновай іх гаспадаркі з’яўляецца земляробства, развітыя рамёслы і марскі ганд аль. Цэнтрам унікальнай культуры аказваецца ў гэты перыяд востраў Крыт, самы вялікі ў Грэчаскім архіпелагу. Народ, што жыў на Крыце і ў кантынентальнай Грэцыі, называўся пелазгі. Паводле самых сучасных доследаў, яны былі родзічамі таго народа, які жыў у Трыполлі ў ІV-ІІІ тыс. да н. э.

Значэнне крыцкай цывілізацыі для літаратуры ў тым, што адсюль, як мяркуюць сучасныя даследчыкі-міфалогі, паходзяць шмат якія багі грэчаскага пантэону, а таксама некаторыя папулярныя міфы.

Вярхоўны бог грэкаў Зеўс нарадзіўся на Крыце, тут жыў і выхоўваўся, бо яго хавалі ад бацькі Крона (Хронаса) бабуля Гея (Зямля як планета) і маці Рэя (паверхня Зямлі). Яшчэ антычныя філосафы пакутліва разважалі над загадкаю Зеўса, справядліва прыйшоўшы да высновы, што Зеўс — гэта «жыццё», «першапрычына жыцця», «першапатэнцыя, якая апладняе матэрыю», «дух — субстанцыя жыцця».

Малады Зеўс у выглядзе залатаскурага быка перавёз на Крыт з Малой Азіі багіню Еўропу. Паходжанне Еўропы тытанічнае, яна — дачка Акіяна і Тэфіі і напачатку атаясамлівалася з самой Маці-Зямлёй, Геяй, пасля з Герай, а ўрэшце ў пісьменнікаў Антычнасці зрабілася проста фінікійскай царэўнай. Самае цікавае ва ўяўленнях пра Еўропу тое, што яе імя вельмі рана атрымала геаграфічнае значэнне. Тапонімы «Еўропа», «Еўропія», «Еўроп» распаўсюджаны ў самой Грэцыі, але назва пашырылася і на ўвесь кантынент, прычым адбылося гэта яшчэ ў архаічны перыяд гісторыі Грэцыі.

У Зеўса і Еўропы на Крыце нарадзіліся тры сыны, малодшы з якіх — Мінас — і зрабіўся першым царом Крыта, а ўся культура вострава называецца мінойскай. Жонкай Мінаса была дачка бога Геліяса (Сонца) — Пасіфая. Яна пакрыўдзіла жонку марскога бога Пасейдона, і той, помсцячы, унушыў ёй каханне да быка. Ён жа сам і ператварыўся ў таго быка. Ад іх саюзу нарадзілася пачвара — напалову чалавек, напалову бык Мінатаўр. Каб схаваць Мінат аўра ад людзей, вялікі дойлід Дэдал па загаду Мінаса пабудаваў палац-сховішча — Лабірынт.

Мінатаўр аказаўся канібалам, і пераможаныя Мінасам грэкі з кантыненту павінны былі кожныя сем гадоў адпраўляць для хімерычнай істоты ахвяру — сем хлопцаў і сем дзяўчат. Даніна была заплочана тры разы, а на чацвёрты вялікі герой Грэцыі Тэсей забіў Мінатаўра з дапамогай Арыядны, дачкі Мінаса і Пасіфаі. Толькі дзякуючы чароўнай нітцы Арыядны аказалася магчымым выйсці з Лабірынта. Дарэчы, з ніткай, пражай звязана і ў антычных элінаў, і ў нашых продкаў ідэя лёсу, року.

Тысячы гадоў міф пра Мінатаўра і Тэсея лічыўся ва ўсім вымыслам. Але ў пачатку ХХ ст. англійскі археолаг Артур Эванс раскапаў велізарны палац на востраве Крыт. З таго часу знойдзенае збудаванне, што размясцілася на 24 гектарах, пачалі лічыць прататыпам міфічнага Лабірынта. Сапраўды, палац незвычайны. Самая характэрная рыса яго — хаатычнасць забудовы, адсутнасць у ёй цэнтральнай ідэі, агульнага канструктыўнага прынцыпу.

Яшчэ ў антычную эпоху філосафы ды пісьменнікі надавалі Лабірынту сімвалічны сэнс. Міфалагема была ў актыўным культурным ўжытку і ў час Сярэднявечча, звязвалася, напрыклад, з ландшафтнай архітэктурай, і ў эпохі Рэнесансу, Барока, Асветы. У адным з лепшых беларускіх паркаў у Бачэйкава (Бешанковічскі раён) быў размешчаны складаны каменны лабірынт, які існаваў нават у 20-я гады ХХ ст.

Лабірынты выкладваліся і на падлозе храмаў: праходжанне праз іх некалі сімвалізавала падарожжа ў святы горад Ерусалім, што лічыцца, як вядома, цэнтрам Зямлі. Сапраўды, знаходжанне цэнтра — галоўнае ў містыцы лабірынта: гэта азначала ўзыходжанне да Бога, вяртанне да Духу. Забойства героем Мінатаўра — знішчэнне чалавекам жывёльнага пачатку ў сабе, блуканне па лабірынце — пошук ісціны, выхад з яго — перавага духу над матэрыяй, розуму над інстынктамі, жыцця над смерцю.