Выбрать главу

У сучаснай навуцы трывала зацвердзілася думка, што культура Крыта загінула ў выніку жахлівага катаклізму — узрыва вулкана Сантарын на востраве Ціра (у 70 км каля Крыта). Гэта адбылося, як мяркуюць, у 1470 г. да н. э. Сярэдзіна вострава правалілася, і неверагодная хваля вышынёй 250 м (!) пакацілася на Крыт. Катастрофа, магчыма, адбілася і ў міфалогіі як матыў пра тытанамахію — вайну ўжо дарослага Зеўса з тытанамі, другім пасля Урана і Геі пакаленнем багоў, у тым ліку, з бацькам Зеўса Кронам. Пасля перамогі Зеўса дзеянне міфалогіі перамяшчаецца з Крыта на мацярык: Зеўс узначальвае пантэон алімпійскіх багоў — вярхоўных багоў Грэцыі, дзелячы, аднак, уладу над Сусветам з братамі Пасейдонам і Аідам. І ўсё ж не толькі Зеўс, а іншыя персанажы антычнай міфалогіі маюць дачыненне да Крыта.

Багі Грэцыі апекавалі пэўныя планеты, увасаблялі розныя стыхіі прыроды, персаніфікавалі псіхічнае жыццё чалавека, адухаўлялі навуковыя катэгорыі. Інакш кажучы, за кожным богам Грэцыі хаваецца нейкі прыродны ці псіхічны закон. За стагоддзі развіцця ў Міжземнамор’і створана не менш за тысячу багоў, герояў, тытанаў, німфаў, муз і іншых персанажаў міфалогіі. І ўсё ж найбольш важныя псіхічныя працэсы, а таксама сацыяльныя і сацыяльна-прыродныя адносіны ўвасаблялі багі, што жылі на Алімпе: Зеўс — уладу і агульную гарманізацыю жыцця; жонка Зеўса Гера — сямейныя адносіны; Афрадыта — каханне і прыгажосць; Гесція — хатні побыт (у шырокім сэнсе — чалавечы род у яго сувязі з культурай); Дэметра — культурнае земляробства (таксама культуру, але ў яднанні з прыродай); Артэміда — стасункі людзей з жывёльным светам; Апалон — мастацтва; Гефест — фізічную працу; Афіна — інтэлектуальную працу; Гермес — гандаль, падарожжы, гульні; Геба — маладосць, юнацкую рамантыку; Дыяніс — весялосць, Арэс — палкасць і прагу знішчэння.

«Спазнай сябе!» — было выбіта на браме храма бога Апалона ў Дэльфах — самага знакамітага храма ў антычным свеце. Пазна нне фундаментальных уласцівасцей чалавека ішло ў Старажытнай Грэцыі перш за ўсё праз міфалогію, а пазней — праз філасофію. Кожны бог, багіня — магутная касмічная або генетычная сіла, што вызначае паводзіны, лёс чалавека.

У грэкаў «міф» першапачаткова азначаў «слова». Але «слова» ў іх мела шырокае значэнне — і «эпас», і «логас». Кожнае з названых вышэй імёнаў багоў уключала мноства нюансаў семантыкі. Міф увасабляў сабою агульнасэнсавую напоўненасць слова ў яго цэласнасці. Старажытны чалавек кожную з’яву называў пэўным словам, у якім не толькі канкрэтызаваў, але і абагульняў свае назіранні над жыццём. Абагуленае паняцце рабілася асобнай істотай, напрыклад, «рост раслін» — Дэметра.

Міфалогія развілас я да рэлігіі, якая патрабуе ўжо тэарэтычнага асэнсавання назіранняў над існым, выкладзенага ў догмах. Міф жа заснаваны на непасрэдна-пачуццёвым успрыняцці свету і адначасова абагульненні яго, расквечаным фантазіяй. Міф — і не казка, бо казка свядома прыдумляецца, але цуды казкі паходзяць, безумоўна, ад цудоўнасці міфа, у які яшчэ вераць абсалютна.

Грэчаская міфалогія (спачатку як міфалогія пелазгаў — аўтахтонаў краіны) існавала за шмат тысячагоддзяў да нашай эры, яшчэ ў дагістарычныя часы. Паэмы Гесіёда і Гамера занатавалі мяжу паміж быццём міфалагічным і ўжо гістарычным. Амаль уся антычная літаратура, як мастацкая, так і навуковая, перапоўнена міфалагічным матэрыялам. Ды ўласна літаратура і ўзнікла дзякуючы міфалогіі. У сваю чаргу міфалогія Грэцыі дайшла да нас у такім поўным, а галоўнае сістэматычным выглядзе, дзякуючы грэчаскім пісьменнікам, сярод якіх першымі і былі Гамер і Гесіёд. Больш за тое, міфалогія — народная паэзія і адначасова своеасаблівая навука — з’явілася падмуркам фенаменальнай з’явы ў гісторыі чалавечай культуры — антычнай філасофіі.

Літаратура Архаічнай Грэцыі 

Аслабелы пасля катастрофы Крыт захапілі плямёны ахейцаў, названыя мікенцамі (ад горада Мікены, дзе ўпершыню знойдзены рэшткі іх культуры). Некалькі стагоддзяў — прыкладна па 1100 да н. э. — яшчэ існавала сумесная крыта-мікенская культура, хоць Крыт, бясспрэчна, дэградаваў, не акрыяўшы пасля катастрофы. Менавіта ў гэты перыяд адбылася вядомая Траянская вайна. Яна апісваецца ў паэмах легендарнага старажытнагрэчаскага паэта Гамера, які жыў прыкладна праз 400 год пасля яе. Александрыйскі вучоны Эратасфен (ІІІ ст. да н. э.) лічыў, што Троя загінула ў 1184 г. да н. э. Гэта не супярэчыць даным археалогіі.