Іншая назва Троі — Іліон. Таму гамераўская паэма, што распавядае пра Траянскую вайну, названа «Іліядай». Гамер, магчыма, рэальна існаваў, а можа быць, імя яго збіральнае — усіх старажытных паэтаў-бардаў. Баян са «Слова пра паход Ігаравы» або купалаўскі Гусляр з паэмы «Курган» могуць даць рэальнае ўяўленне пра грэчаскага песняра. Такія гусляры-аэды захоўвалі ў памяці гераічныя паданні ды легенды. Яны чыталі вершы нараспеў, перабіраючы струны ліры ці іншых музычных інструментаў, падобных да нашых гусляў. Апірышчам для памяці спевакоў быў памер верша, а таксама пастаянны набор рыфмаў і іншых выразных сродкаў. У «Іліядзе» ледзь не трэцяя частка тэксту складаецца з паўтораў, шаблонаў. Тут і цэлыя строфы, якія характарызуюць падобныя адно да аднаго дзеянні, і эпітэты багоў, герояў. Так, Зеўс — «сатрасальнік зямлі», Ахілес — «хутканогі», Адысей — «хітруган», Парыс — «богу падобны» і г. д. Безумоўна, кожны аэд уносіў у песні, легенды нешта сваё, але ў цэлым вялікая эпічная традыцыя здзіўляе сваёй устойлівасцю.
Прычынай Траянскай вайны была царэўна Алена са Спарты, дачка Зеўса-лебедзя і царыцы Леды. Алена была настолькі прыгожая, што ўсе грэчаскія цары хацелі ажаніцца з ёй. У Старажытнай Грэцыі быў цікавы звычай выбару жаніхоў. У горад, дзе цар меў дачку-нявесту, з ’язджаліся юнакі з іншых краін і гарадоў. Для іх наладжваліся спаборніцтвы, дзе яны дэманстравалі свой спрыт, сілу, адвагу. Магчыма, тут — выток Алімпійскіх гульняў, а таксама некаторых відаў казак. Праўда, у беларускіх казках патэнцыяльны жаніх часцей пасылаецца некуда далёка за якімі-небудзь незвычайнымі рэчамі. Магчыма, на славянскіх землях так і было: маладыя людзі адпраўляліся ў далёкія падарожжы, на разведку новых земляў, і гэта было іх ініцыяцыяй. Акрамя таго, у нас яны і разгадвалі загадкі, якія задаваў цар і яго дачка. Інакш кажучы, інтэлектуальныя іспыты мелі не меншае значэнне, чым фізічныя. Алена, між тым, выбрала і не самага дужага, і не самага разумнага (праўда, самага багатага) — Менелая, брата цара Агамемнана з Мікен. На няшчасце, багіня прыгажосці і кахання Афрадыта паабяцала Алену Парысу — сыну траянскага цара Прыама. Яна прымусова закахала Алену ў Парыса, і пара закаханых збегла ў Трою. Славуты і найбольш аўтарытэтны у Грэцыі Агамемнан быў раз’юшаны прыніжэннем брата. Ён арганізаваў паход грэчаскіх цароў на Трою, каб вярнуць Алену.
Троя на той час была магутнай крэпасцю. Дарэчы, тут жыў той жа народ, што і на Крыце. І той, што на тэрыторыі Трыполля. Дзесяць гадоў грэкі асаджалі горад. Траянцы мужна абараняліся. І з аднаго, і з другога боку ваяры дэманстравалі мужнасць і адвагу. Дзеянне «Іліяды» ахоплівае апошнія тыдні Траянскай вайны.
Завязка паэмы — сутычка Агамемнана, вярхоўнага правадыра ахейцаў і арганізатара экспедыцыі, з Ахілесам, самым магутным грэчаскім ваяром. Пакрыўджаны Агамемнанам, Ахілес адмаўляецца далей ваяваць. Яго «забастоўка» мела цяжкія наступствы для ахейскага войска. Грэкі да таго наступалі, цяпер пераходзяць да абароны, церпяць тры цяжкія паражэнні ад асмялелых траянцаў, якімі кіруе Гектар, — таксама, як і Парыс, сын траянскага цара Прыама. Гектар рыхтуецца спаліць грэчаскія караблі і скінуць войска супраціўніка ў мора. Абараняе караблі Патрокл — лепшы сябра Ахілеса. Але Патрокл гіне ў двубоі з Гектарам, праўда, не без дапамогі бога Апалона, які, як і Афрадыта, быў на баку траянцаў (гэта лагічна, бо Апалон — бог паўночны, паходзіць з легендарнай краіны Гіпербарэі). Смерць сябра прыводзіць у адчай Ахілеса. Пакуты вяртаюць яго да жыцця, да дзейнасці. Ён зноў уступае ў вайну. Паядынак Гектара і Ахілеса — кульмінацыя паэмы. Гектар абараняе радзіму, жонку, сына, таму змагаецца мужна. Але Ахілес — мацнейшы (сын марской багіні Фетыды) — і перамагае. Потым ён здзекваецца над мёртвым Гектарам, цягаючы яго цела вакол Троі. Цар Прыам прыходзіць у палатку да Ахілеса і прыніжана просіць яго вярнуць цела сына. Крануты горам бацькі, Ахілес згаджаецца. Паэма заканчваецца плачам траянцаў над Гектарам.
Пра далейшыя падзеі мы даведваемся з іншай гамераўскай паэмы — «Адысеі». Грэкі адчуваюць немагчымасць авалодаць Трояй. Тады найбольш разумны з іх — цар вострава Ітакі Адысей — прыдумляе велізарнага драўлянага каня, у якім хаваюцца грэчаскія ваяры (30 чалавек, сярод якіх Менелай і сам Адысей). Каня пакідаюць як падарунак траянцам, а грэкі робяць выгляд, што адплываюць дадому. Траянцы задаволены падарункам і святкуюць перамогу. Але дачка траянскага цара прарочыца Касандра і жрэц Лаакаон просяць суайчыннікаў не давяраць грэкам. У прарочыя словы Касандры ўжо даўно ніхто не верыць, а на Лаакаона і яго сыноў нападаюць дзве велізарныя змяі, накіраваныя апякункай грэкаў багіняй Афінай, і душаць іх. Каня ўвозяць у горад. Жанчыны кветкамі ўпрыгожваюць яго. Ноччу з чэрава каня вылазяць грэкі і адкрываюць гарадскія вароты. Ахейцы захопліваюць горад. Троя гіне. Усе мужчыны-абаронцы знішчаны, дзяцей і жанчын бяруць у палон. Выратоўваецца адзін з герояў — Эней — сын Анхіса і багіні Афрадыты. Ён са сваім сынам Юлам і некаторымі з простых жыхароў Троі плыве ў Італію, дзе асноўвае новую дзяржаву — будучую Рымскую імперыю. Неабходна адзначыць, што сярэднявечныя хронікі літаральна ўсіх еўрапейскіх краін выводзяць паходжанне сваіх народаў ад ацалелых траянцаў, больш за тое, ад нашчадкаў Прыама (скажам, унукаў). Значыць, падзенне Троі сапраўды было найкай надзвычай важнай падзеяй старажытнай гісторыі, якая ў значнай ступені змяніла парадыгму еўразійскага развіцця.