Выбрать главу

Герояў Троі розныя даследчыкі ацэньваюць па-рознаму. Паколькі з’явіліся доказныя навуковыя працы пра Ахілеса як праславянскага князя, то заходнія даследчыкі ў апошні час ацэньваюць яго негатыўна. Ён, маўляў, хваравіты самалюбца: прага славы і нянавісць да ворагаў і нават да саюзнікаў-грэкаў проста кіпяць у ім. Сапраўды, у многіх месцах паэмы ён выклікае негатыўныя пачуцці ў чытачоў як крыважэрны забойца. Але неабходна ўлічваць норавы таго часу — жорсткага, бескампраміснага. Прытым, што і Ахілес часам здольны на высакародныя ўчынкі: ён перадае цела Гектара бацьку. У цэлым герой увасабляе маладосць, сілу, гарачую кроў.

Гектар — самы абаяльны герой у паэме. У гэтым вобразе паэт увасобіў сваю веру ў чалавека. Уся дзейнасць Гектара накіравана на выратаванне Троі: ён палымяны патрыёт сваёй радзімы, грамадзянін і цывілізаваны чалавек, добры муж і бацька. Развітанне Гектара з Андрамахай — самы лірычны момант у гераічнай паэме, запоўненай суцэльнымі бойкамі. Ад гэтай сцэны ідзе ўся еўрапейская лірыка кахання.

Расповяд пра лёс Троі — толькі адзін з устаўных эпізодаў «Адысеі», паэмы марскога падарожжа. Ад Крыта ахейцы атрымалі два вялікія падарункі — сельскую гаспадарку і мараходства. Аліва, вінаград і караблі — на доўгія стагоддзі атрыбуты грэкаў. Горы і мора вызначаюць воблік краіны. Грэцыя — Гарэцыя — горны край, хоць горы і невысокія. Але яны — паўсюдна. Паміж імі — невялікія даліны. Такі рэльеф абумовіў тып дзяржаўнай арганізацыі — полісны. Кожная даліна — горад-сталіца, абкружаны вёскамі. І адначасова гэта як бы маленькая дзяржава-поліс, якой кіруе свой цар.

Горы абаранялі і раз’ядноўвалі, а мора — аб’ядноўвала. Яно абмывала ўсю краіну, толькі некалькі ўнутраных полісаў не мелі выхадаў да мора. Але Грэцыя — гэта і шматлікія астравы, часам вялікія — Крыт, Кіпр, Родас, Лесбас, з усіх бакоў абкружаныя морам. На грэчаскай мове адна з назваў мора — дарога. У беларускай літаратуры дарога — адзін з важнейшых літаратурных матываў. Але ў нас дарога — на прасторах зямлі і па рэчках. Тут — марская дарога. Яна становіцца ўнутраная тэмай гамераўскай «Адысеі».

Аўтар паэмы сабраў яе з матэрыялу самых розных міфаў, стварыўшы твор цэласны і гарманічны, намнога больш белетрыстычны, а значыць, лепшы для чытацкага ўспрыняцця, чым «Іліяда». «Адысея» з’явілася ў эпоху заваявання грэкамі заходняга Міжземнамор’я. Ёсць думка, што тут зашыфраваны шлях за волавам, неабходным для вытворчасці бронзы, да берагоў Італіі, а можа быць, нават да Брытанскіх астравоў. У паэме выкарыстаны, па сутнасці, фальклор маракоў — міфы ды паданні, якія распавядаліся ва ўсіх прыморскіх гарадах Грэцыі. Большасць з міфаў не маюць ніякага дачынення да падзення Троі. Але вобраз Адысея, бясспрэчна, цэментуе сюжэт.

З Адысеем звязаны розныя прыгоды, якія раней тычыліся іншых герояў казак ды легендаў. Прычым Адысей — не авантурыст, свядомы шукальнік прыгод. Добры муж і бацька, цар земляробчага народа, ён пастаянна марыць пра вяртанне на радзіму. Але прыгоды нібы самі шукаюць яго. У неверагодных перыпетыях сюжэту вельмі цяжка раздзяліць вымысел і рэальнасць. Так, сёння ўжо як быццам даказана, што пачвары Сцыла і Харыбда — персаніфікаваныя горы па абодва бакі Месінскага праліву, і цяпер небяспечнага, а на той час увогуле непраходнага для караблёў. У адносінах цыклопа Паліфема зноў-такі сучасная навука схіляецца да думкі, што раса велізарных людзей некалі сапраўды існавала: знойдзены косткі чалавекападобных істот па 3 м вышынёй. Веліканы-волаты сустракаюцца ў міфалогіях ды казачных эпасах літаральна ўсіх народаў Зямлі, а ў беларускіх легендах менавіта веліканы-асілкі фарміравалі ландшафт нашай краіны. Адысей таму і герой, што не баіцца ні веліканаў, ні іншых незвычайных істот. Яму хочацца ўсё паглядзець і ўсё паспытаць самому — ён дапытлівы, цікаўны чалавек. Так, ён адзіны са смяротных паслухаў спевы дзяўчат-сірэн і застаўся жывы — дзякуючы сваёй знаходлівасці. Яго цягне зведаць сакрэты чараўніцы Цырцэі. Увогуле вобразы паэмы сведчаць, што грэкі не толькі баяліся мора, але і бачылі ў ім шмат прыгажосці. А прыгажосць заўсёды загадкавая, чароўная. Тут згадваюцца выключна прыгожыя, але жахлівыя птушкі-сірэны; дзіўныя людзі, што ядуць лотас — царскую кветку; па-жаночы надзвычай прыцягальныя чараўніцы Цырцэя і Каліпса. У Адысеі ўвасоблены рысы чалавека, пастаўленага перад тварам Прыроды і Лёсу. І ён з гонарам — дзякуючы свайму розуму — выходзіць пераможцам з усіх небяспечных калізій.