Выбрать главу

Але ёсць яшчэ адзін, надзвычай важны, матыў у паэме — сустрэча м ужа і жонкі пасля доўгага расстання. Гэты матыў быў выдатна распрацаваны яшчэ ў індыйскай «Рамаяне». І ён таксама — з разраду вечных.

Пакуль Адысей адсутнічае, да яго жонкі Пенелопы сватаюцца шматлікія (паводле адной версіі, 112 чалавек) жаніхі. Яны падоўгу жывуць у доме Адысея, крыўдзяць яго дарослага сына Телемаха, харчуюцца, паводзяць сябе непрыстойна. Праўда, яны традыцыйна кожны дзень на вачах Пенелопы праводзяць спартыўныя спаборніцтвы, як і належыць жаніхам, але затым балююць, бессаромна знішчаюць усе прыпасы, крыўдзяць насельнікаў палаца. Урэшце Пенелопа прапаноўвае ім рашаючае выпрабаванне: стрэліць з лука Адысея. Зрабіць гэта здолеў толькі сам Адысей, які інкогніта і вельмі ў час вярнуўся на родны востраў у выглядзе жабрака. Больш за тое, ён растрэльвае са свайго лука ўсіх (акрамя аднаго) жаніхоў, помсцячы за крыўды жонкі і сына. Затым Пенелопа пазнае мужа па прыкметах, якія ведаюць толькі яны — муж і жонка. Гэта выключна цікавы літаратурны прыём, ён і сёння хваляе чытачоў.

Паэма здзіўляе сваёй шматграннасцю, шматпланавасцю. Тут адбіліся тысячагоддзі культурна-гістарычных напластаванняў. Менавіта таму часам супярэчлівымі і дзіўнымі выглядаюць героі эпасу, але ж яны — і прыцягваюць, вабяць чытачоў ужо на працягу трох тысяч гадоў.

Гамер ствараў свае паэмы прыкладна ў ІХ- VІІІ ст. да н. э. — пасля так званых «цёмных стагоддзяў». Сапраўды, на працягу некалькіх вякоў (ад падзення Троі) вельмі мала вядома пра сітуацыю ў Грэцыі. Цывілізацыя грэкаў-ахейцаў прыходзіць у заняпад. Спустошаны гарады-полісы. Адны з іх былі разбураны землятрусамі, іншыя заваяваны прышлымі плямёнамі дарыйцаў. Разам са знішчэннем мікенскай культуры знікла і пісьменнасць — пісьмовых помнікаў таго часу не захавалася. Мала гавораць пра Грэцыю і летапісы суседніх народаў, значыць, кантактаў амаль не было.

800 — 500 гг. да н. э. — новы этап у развіцці культуры Грэцыі — перыяд Архаікі. Ён пачынаецца з новастворанага пісьма. Грэкі, як мяркуюць, перанялі фінікійскі алфавіт, спрасцілі яго, дадалі галосныя гукі, і іх сістэма аказалася настолькі ўдалая, што стала асновай і для сучасных алфавітаў многіх народаў, у тым ліку нашага — кірыліцы. Нагадаем, аднак, што фінікійскае пісьмо, у сваю чаргу, было запазычана ў шумераў.

Пісьменнасць, а значыць, пашырэнне інфармацыйнага поля, заўсёды цягне за сабою росквіт цывілізацыі ў цэлым. Праўда, у «цёмныя стагоддзі» развівалася, можна нават сказаць, квітнела вусная народная творчасць — міфалогія. Гамер якраз і аб’яднаў шматлікія міфы ў вялікія эпічныя паэмы.

Гамер — першы еўрапейскі паэт. На працягу тысячы гадоў ён лічыўся ў Грэцыі ледзь не святым. Адукаваныя людзі ведалі яго паэмы на памяць, па іх вучылі розным навукам. Паэмы сталі ўзорам для іншых выдатных творцаў, са збору і апрацоўкі твораў Гамера пачалася навуковая праца ў знакамітай Александрыйскай бібліятэцы.

Перакладаць архаічнага Гамера на сучасныя мовы надзвычай цяжка. Тым не менш асобныя песні «Ідіяды» ў 20-30-я гады ХХ ст. перакладалі на беларускую мову Б. Тарашкевіч і Ю. Дрэйзін. а ў 70-я гг. — А. Клышка.

Гамер — усё ж паэт легендарны. Першы рэальны літаратар у гісторыі антычнай літаратуры — Гесіёд, які жыў у VІІІ ст. да н. э. і пра якога дастаткова многа вядома. Ён стварыў філасофска-дыдактычную паэму «Турботы і дні». Тут аўтар вучыць чытачоў у шырокім сэнсе слова жыццю, працы на зямлі. Як і Гамер, Гесіёд асноўваецца на міфалогіі. Так, менавіта ён выкладае міф пра пяць вякоў гісторыі чалавецтва: залаты, сярэбраны, медны, гераічны і, нарэшце, апошні — жалезны век, сучасны паэту, у які, дарэчы, і мы жывём. У гэты век, на думку Гесіёда, знікаюць усе маральныя нормы, людзі, губляючы сорам і сумленне, ідуць да сваёй пагібелі. Але на самай справе ў часы Гесіёда Грэцыя развівалася надзвычай хутка, грэкі рабіліся ўсё больш актыўным і умелым у шматлікіх сферах дзейнасці народам.