Выбрать главу

Сапраўды, надыходзілі іншыя часы. Каланізаваўшы значныя тэрыторыі (у Пярэдняй Азіі, у Прычэрнамор’і), Грэцыя закончыла эпоху гераізму і пачала эпоху лірыкі. Новы род літаратуры звязаны з ушанаваннем бога Апалона, які быў апекуном Мастацтва, а таксама Гармоніі, Парадку, Прыгажосці. Яго можна разглядаць і як Творчае Слова, Вялікага Пасрэдніка паміж светам багоў і светам людзей. Такім пасрэднікам з’яўляецца і кожны мастак. Вуснамі паэта з людзьмі гаворыць як бы сам бог Апалон. Напачатку паэзія і разглядалася як мова бога, свяшчэнная мова Апалона, і валодалі ёю вельмі нямногія. Узнікае лірыка ў VІІ ст. да н. э. Лірыка — паэзія, якая выконвалася абавязкова ў суправаджэнні музыкі, ліры. Сучасны сэнс слова: паэзія, якая перадае перажыванні творцы. Менавіта разнастайнасць і зменлівасць душэўнага, эмацыянальнага жыцця чалавека вызначае гнуткасць рытму і яго непасрэдную сувязь са спевамі, з музыкай.

Першы еўрапейскі лірык — Архілох (VІІ ст. да н. э.). Ён нарадзіўся на востраве Парас ад свабоднага бацькі і рабыні-маці, балюча перажываючы сваё двухсэнсоўнае палажэнне, і гэта наклала адбітак на яго характар, на жыццёвы лёс і, урэшце, на паэзію. Малады паэт закахаўся ў Неабулу, бацька якой спачатку абяцаў дачку Архілоху, а затым адмовіў. У далейшым паэт жорстка адпомсціў сваёй былой каханай, высмеяўшы яе ў сваіх вершах. А вершы гавораць пра чалавека палкага тэмпераменту, які не ведае межаў ні ў каханні, ні ў нянавісці. Але тэмперамент вызначае пафас паэзіі. Пасля расчаравання ў любімай дзяўчыне Архілох пакідае родны востраў і адпраўляецца насустрач прыгодам — шукаць золата, служыць у войску. Усё жыццё ён праводзіць у войнах і блуканнях. Загінуў прыкладна каля 640 г. да н. э.

Архілох — першая ярка выявіўшая сябе індывідуальнасць у грэчаскай літаратуры. І ён жа сваім лёсам як бы сцвердзіў архетып еўрапейскага паэта — чалавека са складаным, як правіла, жыццёвым шляхам. Яго творчасць сведчыла, што эпоха гамераўскіх герояў закончылася. У новых абставінах — міжусобіцаў, войнаў, распаду родавых, сямейных сувязяў — асоба імкнулася знайсці сваё месца ў свеце, выявіць свой дух. З нябачнай да таго сілай Архілох перадаў у сваіх вершах парывы няспраўджанай страсці, прыступы саркастычнай помслівасці, гатоўнасць пераносіць удары лёсу. Ён адмовіўся ад старых вершаваных памераў — гекзаметру, пентаметру — і звярнуўся да формаў народнай паэзіі, увёўшы ў прыгожае пісьменства нязвыклы для яго памер — ямб. З таго часу ямб — адна з самых распаўсюджаных формаў еўрапейскага, у прыватнасці, усходнееўрапейскага вершаскладання. У беларускай літаратуры ямбам напісаны паэмы «Энеіда навыварат» В. Равінскага, «Тарас на Парнасе» К.Вераніцына, «Новая зямля» Я. Коласа, шматлікія агульнавядомыя вершы: «Зімой» М. Багдановіча, «Спадчына» Я. Купалы, «Аблокі» А. Вялюгіна і інш.

Яшчэ адзін з першых лірыкаў — Анакрэонт (VІ ст. да н. э.) з вострава Тэас. Ён ва ўсім супрацьлеглы Архілоху і застаўся ў памяці чалавецтва як пясняр кахання і сяброўскіх баляванняў. Вершы яго радасныя, вясёлыя, жыццясцвярджальныя. Праўда, ён актыўна цікавіўся і палітыкай, а калі расчараваўся ў ёй, то шукаў забыцця ў каханні і сяброўстве. Паэзія Архілоха вызначаецца вытанчанасцю апрацоўкі, таму шматлікія пазнейшыя паэты, зачараваныя яго стылем, пісалі ў той жа манеры, імкнучыся да прыгажосці формы. Захапляўся ім і М. Багдановіч, хоць пафас Архілоха не мог быць прыняты беларускай літаратурай ХХ ст. з яе, шчыра кажучы, больш слязьмі, чым радасцю.

І ўсё ж самы пранікнёны лірык у антычнай паэзіі — геніяльная жанчына-паэтка Сафо (VІ ст. да н. э.) з вострава Лесбас. Яшчэ ў старажытнасці цанілі яе, называлі загадкай, цудам. Вялікі філосаф Платон абвясціў яе «дзесятай Музай», а ў эпоху Адраджэння Рафаэль сапраўды памясціў яе ў сваёй фрэсцы «Парнас» сярод дзевяці Муз — сясцёр Апалона.

Саф о на сваім востраве кіравала школай дзяўчат, якіх рыхтавала да замужжа. Нявесты з гэтай школы карысталіся, так бы мовіць, каласальным попытам сярод радавітых жаніхоў. Сафо называла сваю школу «домам служкаў муз», а прасцей — музеем. Выхаванне тут было перш за ўсё рэлігійнае, уласна школа ўяўляла сабою рэлігійную абшчыну, як, скажам, і філасофская школа Піфагора. Толькі тут абшчына прысвячалася жаночым багіням, перш за ўсё Афрадыце і Музам. Сафо вучыла сваіх вучаніц быць жанчынамі ў самым высокім сэнсе слова, яна выхоўвала творчых, культурных людзей, і настолькі ўдала, што на Лесбасе ў галіне мастацтваў жанчыны выступалі нароўні з мужчынамі. Задача Сафо — сцвердзіць культуру і ідэал жаночай прыгажосці ў грамадстве.