Выбрать главу

Прадстаўленне сатыраў — драма, бо слова «драма» азначае «дзеянне». Драма — аснова трагедыі і камедыі. Ужо пазней, згодна «Паэтыцы» Арыстоцеля, пачалі адрозніваць драму як род літаратуры і драму як від, які ўзнік намнога пазней за трагедыю і камедыю. А сэнс адзіны: драма — дзеянне, у аснове якога абавязкова ляжыць антаганізм, спрадвечная дыхатамія свету, значыць, канфлікт. Каб паглыбіць канфлікт, наватар тэатру Эсхіл да карыфея дадаў яшчэ аднаго акцёра, а Сафокл увёў трэцяга. Яны ігралі розныя ролі, толькі мяняючы маскі. Паступова дыялог набыў важнейшае значэнне ў драме, хоць хор як каментатар дзеяння яшчэ заставаўся дастаткова доўга.

Абрад, які зрабіўся прадстаўленнем для гледачоў, змяніў месца дзеяння. Ранейшая пляцоўка, магчыма, паляна, на якой збіралася на свята абшчына, ператварылася ў архестру — месца для хора (адсюль «аркестр»); гледачы размясціліся на схіле гары, які называўся «тэатрон» (адсюль «тэатр»), алтар бога Дыяніса трансфармаваўся ў сцэну. Першыя дэкарацыі ўвёў зноў-такі Сафокл. Але гэтыя, няхай і надзвычай важныя навацыі ў тэатры, — яшчэ не галоўнае. Каб драма зрабілася сапраўднай антычнай трагедыяй, неабходна была глабальная, агульначалавечая, глыбокая філасофская ідэя. Такая ідэя была яшчэ ў індаеўрапейцаў: вяртанне душ памерлых на зямлю ў пэўны перыяд года, вясною, і расповяд іх пра свае перажыванні і прыгоды. Відаць, філасофскія вытокі трагедыі — пакутлівы роздум чалавека аб несправядлівасці жыцця на зямлі. Але і надзея на выратаванне, бо Персефона і Дыяніс — паміраючыя і ўваскрасаючыя багі. Па сутнасці ўся грэчаская міфатворчасць урэшце як бы пералілася ў персефона-дыянісійскую ідэю. Такім чынам, трагедыя і камедыя — з’явы глыбока сінтэтычныя, узніклі яны з мноства розных міфаў і сінкрэтычных абрадаў. У сваю чаргу, культ паміраючых і уваскрасаючых багоў прыроды — філасофская аснова хрысціянства. Вялікая рэлігія і вялікае мастацтва — з аднаго вытоку.

Першы вялікі трагік Грэцыі — Эсхіл. Відаць, невыпадкова вялікае дзеянне («драму») устанавіў чалавек дзеяння: Эсхіл гераічна ваяваў, актыўна ўдзельнічаў у грэка-персідскіх войнах, вынікам якіх стала перамога маленькай Грэцыі над агромністай, найвялікшай на той час, Персідскай імперыяй. Але войны прынеслі і шмат пакут, гора, нястач. Людзі звярталіся да сваіх багоў не толькі з удзячнасцю, але і з папрокамі. Патрабаванне грэкаў ад сваіх багоў справядлівасці супала з устанаўленнем у Афінах справядлівага (адносна) грамадскага ладу — дэмакратыі. Праўда, гэта не азначала, што жыццё адразу зрабілася лягчэйшым. У чалавечым жыццё ўсяго хапае. Але заставалася надзея. Трагічны герой змагаецца якраз за тое, каб свет стаў лепшы ці, ва ўсялякім разе, каб у чалавека хапала мужнасці і волі выносіць прыгнёт абставін.

Усяго трагедый у Эсхіла — 70, да нас дайшло 7, і тое не ўсе поўнасцю. Творы Эсхіла заснаваны на міфах, у якія грэкі яшчэ верылі абсалютна. Эсхіл не выпраўляе міфы, не інтэрпрэтуе іх, але ж міфы ў народзе перадаюцца ў безлічы варыянтаў, і Эсхіл выбірае адпаведны з яго задумай сюжэт.

Найбольш вядомая трагедыя Эсхіла — «Прыкаваны Праметэй». Сюжэт яе шырока вядомы. Зеўс карае тытана Праметэя за выкрадзены тым на Алімпе і падараваны людзям свяшчэнны агонь. Аўтар тут як быццам сумняваецца ў справедлівасці Зеўса. На самай справе, на нашу думку, гэта літаратурны інтрыгуючы прыём, бо ў Эсхіла была яшчэ адна п’еса — «Вызвалены Праметэй», дзе драматург вяртае веру ў справядлівы касмічны парадак: абодва персанажы — Зеўс і Праметэй — прыйшлі да кампрамісу, адмовіліся ад сваіх пераваг дзеля вышэйшай мэты — гармоніі свету. А ўвогуле дзве трагедыі — часткі трылогіі. Так тады пісалі п’есы і выконвалі на працягу трох дзён каляндарнага свята.

У V ст. да н. э. грэкі робяцца перадавым народам усяго тагачаснага свету. Гэта вышэйшы ўзлёт, класічная эпоха, той фенаменальны росквіт, якога Еўропа не дасягала больш ніколі. Архітэктура (Афінскі Акропаль), скульптура (творцы яе — Мірон, Паліклет, Праксіцель, Лісіп), філосафы (Сакрат, Платон, Арыстоцель) — усё мела для пазнейшых эпох узорны характар.

Узлёт літаратуры звязаны з імем вучня Эсхіла — Сафоклам. Абодва драматургі належалі да арыстакратыі — у эпоху дэмакратыі, але гэта не мела значэння, бо яны — геніяльныя паэты і патрыёты горада Афін, аднаго з найпрыгажэйшых у свеце.