Выбрать главу

Сафокл, як і Эсхіл, — рэлігійны чалавек. За сваё доўгае жыццё ён напісаў 123 п’есы, буйнейшую сваю трагедыю «Эдып-цар» — у 75 год. А ў 90 год зноў вярнуўся да любімага героя у п’есе «Эдып у Калоне», каб усё ж высветліць для сябе, чаму багі караюць невінаватага.

Сюжэт трагедыі «Эдып-цар» наступны. Эдып забівае бацьку, не ведаючы, што гэта бацька, і жэніцца з маці, зноў-такі не ўяўляючы ісціны. Багі караюць яго, хоць усё было прадвызначана імі ж яшчэ да з’яўлення Эдыпа на свет. У маладосці, даведаўшыся пра сваё небяспечнае мінулае ў Дэльфійскага аракула, Эдып робіць усё, каб пазбегнуць лёсу, але кожны яго крок садзейнічае запланаванаму на Небе развіццю падзей. Удары Року, здаецца, знішчаюць чалавека: маці-жонка Іакаста канчае жыццё самагубствам, сам Эдып асляпляе сябе і пакідае Фівы. І ўсё ж у кашмарнай сітуацыі застаецца нешта непраяўленае, нявытлумачанае.

Высакародны чалавек ідзе на злачынствы па волі багоў, і яны ж вінавацяць яго ў гэтым… Рацыянальна вытлумачыць трагедыю немагчыма. Эдып адчувае, што багі адступіліся ад яго, і адзіная яго думка — зноў яму, злачынцу, наблізіцца да багоў.

Сэнс антычнай трагедыі — не ў смерці герояў. Трагедыя ў тым, што чалавек не ведае законаў Сусвету, а вымушаны дзейнічаць. Кожны ж яго ўчынак, магчыма, парушае сусветную гармонію, і Космас, прырода, персаніфікаваныя ў вобразы багоў, рэагуюць на гэта. Лёс Эдыпа, хоць і незвычайны, на самай справе з’яўляецца вобразам, парадыгмай кожнага чалавечага лёсу. Сафокл папярэджвае. Мы дзейнчаем у жыцці, не ведаючы, якія таемныя спружыны, што кіруюць светам, мы парушылі. Здаецца, развязка трагедыі павінна прымусіць гледачоў і чытачоў жорстка расчаравацца ў жыцці. Прыклад Эдыпа можа давесці да адчаю: сваё жыццё ён пражыў прыстойна, быў добрым чалавекам, патрыётам свайго горада, мудрым і справядлівым царом, за што ж такая несправядлівасць лёсу? Тым не менш трагедыя паказвае тую цану, якую прыходзіцца плаціць за любое дзеянне, вынік якога ніколі не залежыць ад людзей. Нездарма мудрыя кітайцы, кіруючыся сваёй рэлігіяй даасізмам, адмаўлялі дзеянне ўвогуле, дзеянне як такое. Сляпы Эдып — вялікі сімвал: чалавек сапраўды сляпы перад Быццём, якое дзейнічае па сваіх уласных законах, нам невядомых. Эдып зразумеў сваю віну, таму што адчуў існаванне той рэальнасці, раўнавагу якой ён так бяздумна парушыў. Свет багоў (Космасу) — таямніца, у яго свае законы. Але чалавек перад імі здольны захаваць свой веліч і павагу да сябе.

У трагедыі «Эдып у Калоне» апісваецца дзіўная смерць Эдыпа: ён проста знікае ў ззянні святла — нібы багі, як бы кампенсуючы сваю несправядлівасць у адносінах да чалавека, прынімаюць яго да сябе. Філосаф ХІХ ст. Ф.Ніцшэ палічыў, што смерць Эдыпа робіцца асновай таго свету, дзе няма Року. Для іншага буйнейшага філосафа і псіхолага — З.Фрэйда — сюжэт пра Эдыпа стаў асновай яго тэорыі псіхааналізу, магчыма, самай папулярнай з гуманітраных у ХХ ст.

Надзвычай глыбокая яшчэ адна трагедыя Сафокла — «Антыгона». Яна распавядае пра дзяцей Эдыпа, бо Рок звычайна карае ўвесь род. Сыны героя Этэокл і Палінік не маглі падзяліць уладу пасля смерці бацькі. Палінік вядзе ворагаў на горад Фівы. Абодва сыны Эдыпа гінуць. Функцыі ўладара бярэ на сябе брат Іакасты — Крэонт. Ён з пашанай хавае абаронцу горада Этэокла, а труп здрадніка Палініка кідае на спажыву сабакам і драпежным птушкам. Пад пагрозай смяротнага пакарання сястра абодвух загінуўшых Антыгона хавае Палініка. Крэонт жорстка карае сваю пляменніцу, замураваўшы яе жывою. У склепе Антыгона павесілася. Ад адчаю закалоў сябе яе жаніх Гемон — сын Крэонта (сітуацыя пасля паўторыцца ў «Рамэа і Юліі» Шэкспіра). Маці Гемона, жонка Крэонта, канчае жыццё самагубствам. Крэонт застаецца адзін — гэта расплата за яго вернасць літары закону.

Сафокл не асуджае ні аднаго са сваіх герояў. Подзвіг любові Антыгоны, безумоўна, выклікае захапленне. Але і Крэонт мае рацыю на ўзроўні палітычнай неабходнасці, цяжкага ваеннага становішча горада. Ён лічыць, што ўшанаваць мёртвага здрадніка Палініка — значыць пакрыўдзіць памяць патрыёта Этэокла. Сітуацыя актуальная заўсёды: і ў наш час ідуць спрэчкі, ці патрэбна помнікамі ўшаноўваць на беларускай зямлі загінуўшых фашыстаў? З аднаго боку, мёртвыя — усе роўныя, з іншага, ушанаваць ворагаў — пакрыўдзіць памяць загінуўшых родных ваяроў. Так і Крэонт увасабляе дзяржаўны парадак і грамадзянскае права, увасабляе юрыдычны закон. Космас Антыгоны больш шырокі. Яна не проста адстойвае права няпісаных Законаў супраць пісаных, яна — са сваім сумленнем, вялікай любоўю да брата — сцвярджае існаванне іншай, духоўнай, рэальнасці — такой, перад якой патухае нават антаганізм паміж дабром і злом.