Усведамленне абмежаванасці чалавечых магчымасцяў перад тварам вечных багоў (законаў Космасу) не пазбаўляе герояў Сафокла актыўнасці, свабоды волі, адказнасці за свае дзеянні. У той жа час тут усё ж сцвярджаецца ўсемагутнасць волі багоў, пры тым, што яе маральна-этычны сэнс застаецца прыхаваны ад людзей. Няпісаныя законы, якімі кіруецца Антыгона, устаноўлены багамі, а Крэонт, які іх парушае, ва ўсім церпіць паражэнне. Імкненне змагацца з Рокам у Эдыпа непазбежна канчаецца расплатай Рока — тых жа Законаў. Але паколькі воля багоў усемагутная, то і людзі, якія супрацьстаяць ёй, такія яркія, незвычайныя: Эдып, Крэонт. Праўда, велічныя, магутныя духам і тыя, хто змагаецца за свае правы кіравацца няпісанымі законамі ў жорстка рэгламентаваным соцыуме — як Антыгона. Героі Сафокла, што самастойна выбіраюць свой шлях, сведчылі пра ўсё большае значэнне індывідуальнага пачатку ў літаратуры Антычнасці.
Не менш паказальная творчасць трэцяга з вялікіх драматургаў класічнай Грэцыі (V ст. да н. э.) — Эўрыпіда. У адрозненне ад шчырых вернікаў Эсхіла і Сафокла Эўрыпід скептычны ў адносінах да багоў. Ён не верыць у божаскае паходжанне законаў абшчыны, нормаў чалавечага жыцця. У Эўрыпіда не багі, а чалавечыя пачуцці вызначаюць лёсы людзей.
Адна з найбольш вядомых трагедый Эўрыпіда — «Медэя», пастаўленая ў. да н. э. Медэя, дачка цара Калхіды, дапамагала Ясону здабыць незвычайную каштоўнасць — Залатое Руно (сімвал, хутчэй за ўсё, рунаў, запісаных на скуры, — эзатэрычных ведаў). Яна ахвяруе сваёй радзімай, дзявочым гонарам, добрым імем. І вось пасля некалькіх гадоў шчаслівага жыцця Ясон пакідае Медэю дзеля дачкі карынфскага цара. Медэя забівае цара і яго дачку, а таксама — пасля доўгіх і цяжкіх ваганняў — сваіх уласных дзяцей, каб гэтым адпомсціць здрадніку Ясону.
Яшчэ адна вядомая трагедыя Эўрыпіда — «Іпаліт». Яна распавядае пра грахоўнае каханне Федры, маладой жонкі Тэсея, некалі пераможцы пачвары Мінатаўра на Крыце, да свайго пасынка Іпаліта. Іпаліт адвергнуў заляцанні мачахі. Тая жорстка адпомсціла: павесілася, пакінуўшы ліст мужу, дзе абвінавачвала Іпаліта ў замаху на яе жаночы гонар. Тэсей праклінае сына. Праклёны бацькоў заўсёды спраўджваюцца: Іпаліт гіне. Даведаўшыся праўду ад багіні Артэміды, якой служыў Іпаліт, Тэсей не можа дараваць сабе.
Эўрыпід паўстае выключным майстрам псіхалагічнай распрацоўкі вобразаў: ён з вялікім майстэрствам паказвае душэўнае жыццё сваіх герояў: ваганні, гнеў, страшэнныя пакуты Медэі, усе перыпетыі любоўнай палкасці Федры, чысціню Іпаліта. Тут ужо асабістыя пачуцці ўступаюць у канфлікт з няпісанымі нормамі чалавечай маралі, тымі нормамі і законамі, якія, на думку Сафокла, устанавіла багі. Але і яны ў Эўрыпіда адступаюць перад чалавечымі эмоцыямі.
Творы Эўрыпіда сведчылі, што класічная трагедыя развівалася надзвычай хутка і ў напрамку да ўсё большай займальнасці, дынамічнасці, напружанай інтрыгі, нечаканых паваротаў сюжэту і, безумоўна, псіхалагізму. У трагедыях Эўрыпіда адбываліся хуткія перамены сітуацый, непрадказальнае развіццё падзей, бо героі яго пастаянна ў сумненнях, у пераходаў пачуццяў. Драматург браў заўсёды міфы ці варыянты міфаў, менш вядомыя, і інтэрпрэтаваў іх адвольна. Трагедыі багоў і герояў ператвараліся ў трагедыі звычайных людзей. Сафокл паказваў чалавека такім, якім ён павінен быць, а Эўрыпід — такім, які ён ёсць.
У перыяд росквіту антычнай трагедыі нарадзілася і камедыя. Калі паходжанне трагедыі не зусім зразумелае, дык генезіс камедыі ўвогуле загадкавы. Арыстоцель гаворыць пра камедыю ў другой частцы сваёй «Паэтыкі», але яна поўнасцю да нас не дайшла.
Як і трагедыя, камедыя злучала ў сабе элемент лірычна-архестравы, звязаны з хорам, і элемент драматычны. Слова «камедыя» абазначае «песню комаса» — святочнага вясковага шэсця ў веснавым абрадзе, таксама прысвечаным Дыянісу (у дзень веснавога раўнадзенства). Слова блізкае да беларускага «камаедзіцы», якое азначае спецыфічна беларускае веснавое свята, прысвечанае выхаду мядзведзя з бярлогу вясною. Першапачаткова ў Грэцыі і Рыме падчас святаў таксама былі смешныя прадстаўленні з мядзведзямі ці з людзьмі, пераапранутымі ў скуры. Пазней перайманне, імітацыя павадак, рухаў жывёл перайшло ў каракатуры на пэўных людзей. Драматычныя сцэнкі вясёлага, фарсавага зместу злучыліся з гуллівымі вясковымі прыпеўкамі, часта эратычнага зместу (бо яны вядуць сваё паходжанне ад песень, звязаных з магіяй урадлівасці). Такім нам бачыцца ход развіцця камедыі. Для нас, беларусаў, ведаць вытокі камедыі асабліва важна, бо ў беларускай драматургіі ХІХ-ХХ стст. камедыя — найбольш развітая форма драмы.