З эпохі Антычнасці да сёння дайшлі ў поўным выглядзе толькі камедыі Арыстафана, найбольш ранняя з якіх датуецца 425 г. да н. э. Яго творы грунтуюцца на фантастычных уяўленнях, на травесціі, на пародыі. Але з травесційных, парадыйных паэм «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе» пачыналася і новая беларуская літаратура. Грэчаскіх гледачоў прыцягвала не толькі смешная пераробка міфа, але і палітычныя намёкі на першую асобу ў дзяржаве — уладара Афін Перыкла. Арыстафан, праўда, не спыняўся перад высмейваннем і філосафаў, і людзей мастацтва — Сакрата, Эўрыпіда. Яго камедыі вызначаюцца вострай тэндэнцыйнасцю. У прынцыпе камедыёграф выяўляў кансерватыўныя настроі патрыярхальнага сялянства і звычайных афінскіх грамадзян — дэмасу, гэта значыць народа.
Адной з найбольш прыкметных асаблівасцяў старажытнай камедыі была актыўная роля хора, якая ў трагедыі пасля Эсхіла значна зніжаецца. А вось тут хор выказвае асноўную публіцыстычную ідэю п’есы. Харысты ў камедыі апрануты часта незвычайна: птушкамі, жывёламі, аблокамі, падземнымі духамі і інш. Удзел хора ствараў своеасаблівую кампазіцыйную структуру камедыі. У многіх беларускіх камедыях таксама важнымі з’яўляюцца масавыя сцэны з песнямі, танцамі, прыпеўкамі.
З 40 камедый Арыстафана поўнасцю захавалася 11. Смех Арыстафана розны: і гнеўны, аблічальны, сатырычны, і — радасны. «Залаты век» грэчаскай антычнасці канчаўся, пачыналася дэградацыя палітычнай улады (век дэмакратыі, выходзіць, нядоўгі — яна ўсяго толькі расшчышчае дарогу для алігархаў), і Арыстафан ярка адлюстраваў супярэчнасці новага перыяду — фактычна імперыялістычнага: ён паказвае бедствы вайны, страшэнную беднасць народа, выкрывае чыноўнікаў таго часу, дэмагогаў і спекулянтаў. Але для Арыстафана характэрны і смех вясёлы, гуллівы — смех, які вяртаў людзей да любові, да простых чалавечых радасцей, спрадвечных каштоўнасцей — хлеба, міру, прыгажосці прыроды.
Многія персанажы камедый Арыстафана мелі карыкатурны выгляд, высмейвалі пэўныя чалавечыя заганы. Таму акцёры насілі адпаведныя маскі. Пазней такія ж маскі-тыпы, але ўжо без непасрэднага матэрыяльнага атрыбута, а як псіхалагічныя мадэлі, мы сустракаем у італьянскай камедыі «дэль артэ», у камедыях Мальера, Бамаршэ, а яшчэ пазней і ў беларускай камедыях. Прыкладам, тып дурнога ганарліўца, выхвалякі (пан Быкоўскі ў «Паўлінцы» Я. Купалы).
У час Пелапанескай вайны, вайны паміж полісамі, Арыстафан піша адну з лепшых сваіх камедый — «Лісістрату» (411 г. да н. э.). Каб знішчыць, праклясці вайну — справу мужчын — аўтар вывеў галоўнымі героямі жанчын. Па закліку афінянкі Лісістраты жанчыны, пратэстуючы супраць дурасці ваюючых мужчын, аб’явілі ім любоўны байкот. Аўтар стварыў цікавую камедыйную сітуацыю, паказаўшы, што значыць спыніць дзеянне фізіялагічных законаў (мы паслядоўна разгледзелі розныя віды законаў у антычнай драматургіі). У надзвычай смелых сцэнах аўтар з усімі падрабязнасцямі паказвае пакуты мужчын. У канцы ваяры ўрэшце ўстанаўліваюць мір; прыміраюцца і мужчыны з жанчынамі. П’еса лічыцца ледзь не самай бессаромнай у гісторыі тэатра, але тым не менш яе ніяк нельга назваць амаральнаю, бо напісана яна з любоўю да жыцця, якое праслаўляецца праз праслаўленне фізічнага кахання. Смех «Лісістраты» выяўляе жыццёвае здароўе грэчаскага народа, больш за тое, здароўе ўсяго чалавечага роду.
Творчасць Арыстафана аказала каласальны ўплыў на літаратуру эпохі Адраджэння, класіцызму — на Рабле, Расіна, Мальера, камедыю «дэль артэ». Шмат якія прыёмы Арыстафана (абагуленасць вобразаў, матэрыялізаваныя метафары, гратэск) шырока выкарыстоўвалі рускія класікі М. Е. Салтыкоў-Шчадрын, Ул. Маякоўскі. Глыбока вывучае вопыт Арыстафана і літаратура постмадэрнізму.
ЛІТАРАТУРА АНТЫЧНАГА РЫМА
«Вечны горад» Рым, заснаваны ў 786 г. да н. э., — спачатку горад-рэспубліка, затым гаспадар усёй Італіі, пасля ўсяго Міжземнамор’я, а ўрэшце — ўсяго антычнага свету. За стагоддзі сваёй гісторыі (VІІІ ст. да н. э. — V ст. н. э.) Рым паслядоўна сцвярджаў асноўную дзяржаўную ідэю — барацьбу за сусветнае ўладаранне. (Невыпадкова сучасныя ЗША параўноўваюць з Рымскай імперыяй.) Але ў культуры, як выказаўся Гарацый, «пераможаная Грэцыя перамагла свайго некультурнага пераможцу». Сапраўды, заваяваўшы ў ІІ ст. да н. э. Грэцыю, Рым у многім пераняў і яе міфалогію, і яе мастацтва. Але дасягненні ўласна Рыма таксама грандыёзныя: каляндар, якім мы карыстаемся і сёння; права; арганізацыя дзяржаўнага кіравання; лацінская мова, што на працягу тысячагоддзяў дае пачатак навуковым тэрмінам; надзвычай багатая, магутная архітэктура, зноў-такі паклаўшая пачатак некаторым гістарычным архітэктурным стылям; індывідуалізаваны скульптурны партрэт і інш.