Выбрать главу

У літаратуры Рыма былі засвоены ўсе жанры, перанятыя з Грэцыі. Відавочна гэта праявілася ўжо ў ІІІ ст. да н. э. у камедыях Плаўта. У Грэцыі пасля Арыстафана камедый было створана шмат, і Плаўт іх творча перапрацоўваў. Прычым ён не браў псіхалаігчна тонкія або сентыментальныя, папулярныя ў высокакультурных грэчаскіх гледачоў, бо разумеў, што для грубага рымскага плебсу яны будуць незразумелыя. Часцей за ўсё ён выбіраў сюжэты, дзе галоўным героем быў хітры служка-інтрыган, разумнейшы за свайго гаспадара, або гетэра, якая дзякуючы свайму розуму займае высокая палажэнне ў грамадстве. Плаўт уводзіў у свае камедыі песні, ператвараючы твор у фактычна вадэвіль або аперэту, а таксама балетныя нумары. П’есы Плаўта слабыя ў плане кампазіцыі, але ў іх шмат руху, дзеяння, шуму — гэта эксцэнтрычныя камедыі. Уплыў Плаўта на развіццё сусветнай камедыі, як і ўплыў Арыстафана, цяжка пераацаніць. Але традыцыі Арыстафана сёння паўстаюць хутчэй элітнымі, хоць ён пісаў для дэмасу, а традыцыі Плаўта — прыдатнымі для масавай культуры. Яго прыёмы можна заўважыць у беларускім тэатры сатыры «Хрыстафор», у тэлевізійных серыялах.

У І ст. да н. э. як зместам, так і формаю вылучалася паэма Лукрэцыя Кара «Аб прыродзе рэчаў». Гэта найбольш поўны паэтычны пераклад тэорыі грэчаскага філосафа Эпікура. Паэма складаецца з шасці частак, у якіх гаворыцца пра атамы, пра ўтварэнне складаных рэчаў, пра структуру чалавечай душы, пра пачуцці, пра развіццё чалавечага грамадства, пра з’явы прыроды. У гісторыі сусветнай культуры паэма засталася як аптымістычны гімн пазнанню дзеля пазнання. Але думка самога аўтара была іншая. Лукрэцый бачыў прычыны бедстваў радзімы ў чалавечых заганах, выкліканых страхам смерці і імкненнем узяць ад жыцця ўсе магчымыя ўцехі. Між тым шлях да шчасця, згодна Лукрэцыю, у пазнанні свету і прымірэнні з думкай пра смерць. Яркай асаблівасцю паэмы з’яўляецца шырокая карціна Космасу, бязмежнага і цэласнага ў сваіх законах. Лукрэцый паказвае і надзвычай яркія малюнкі зямной прыроды, прадстаўленай ва ўсёй разнастайнасці сваіх праяў. На нашу думку, натурфіласофская паэма Лукрэцыя аказала ўплыў на паэму Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра».

Сучаснікам Лукрэцыя быў вялікі паэт Катул. Калі першы жыў у свеце думкі, то другі — у свеце пачуццяў. Катул пражыў мала і большай часткай у Рыме, хоць нарадзіўся і памёр у Вероне. Да нашага часу дайшло 116 яго вершаў і некалькі паэм. Усе яны прысвечаны сяброўству і каханню, прычым апяваюцца ўсе нюансы пачуццяў: каханне здалёк, ганарлівасць, шчасце ўзаемнасці, сумненні, рэўнасць. Каханне, якое ў грэчаскіх аўтараў гэтага часу паказана з тонкай іроніяй, у Катула выглядае надзвычай сур’ёзна: можа быць, гэта звязана з больш незалежным становішчам рымскай жанчыны ў параўнанні з грэчаскай. Велізарная заслуга і наватарства Катула — узвышана-духоўны паказ кахання. Гэта яднае яго з паэтамі Новага часу, а ў эпоху Антычнасці ён не меў у гэтым плане ні папярэднікаў, ні паслядоўнікаў.

«Залаты век» рымскай літаратуры — гады праўлення прынцыпата (фактычна першага імператара) Аўгуста (27 г. да н. э. — 14 г. н. э.), унучатага пляменніка і прыёмнага сына Юлія Цэзара. Вялікія паэты гэтага часу Вергілій, Гарацый, Авідзій верылі, што адбылося вяртанне да гераізму і магутнасці продкаў, да старых рымскіх звычаяў і нораваў, якія часткова яшчэ захоўваліся ў італійскіх вёсках. Думка пра адраджэнне сельскай гаспадаркі ў Італіі і аб стварэнні дзякуючы гэтаму шырокай сацыяльнай асновы новаму сацыяльнаму ладу панавала ў ідэалогіі таго часу.

Вергілій, адчуваючы гэта як сацыяльны заказ, напісаў «Георгікі» — дыдактычную паэму ў 4 кнігах, якая апявала сялянскую працу і цудоўнае вясковае жыццё. Малюнкі працы, свят і ўсяго жыцця селяніна пададзены тут коратка, сцісла, з вялікай сілай выразнасці. Амаль палову паэмы складаюць цудоўныя філасофскія адступленні — роздумы паэта пра гармонію прыроды, пра будову Сусвету, пра шчасце земляроба. І агульным пафасам, і ў некаторай ступені структурай «Новая зямля» Якуба Коласа нагадвае паэму Вергілія.

Але найбольш праслаўлены Вергілій сваёй паэмай «Энеіда», створанай паводле ўзору гамераўскіх гераічных паэм. Каб ухваліць існуючы лад, Вергілій паказаў вельмі далёкіх продкаў роду Цэзара (Цэзар, згодна легендзе, паходзіў ад сына Энея Юлія), цудоўным чынам выявіўшы гістарычнае пачуццё агульнасці сучаснага яму насельніцтва з перасяленцамі эпічных часоў. «Энеіда» стала нацыянальным рымскім эпасам.