Вергілій звярнуўся да міфа пра Энея, адзінага з траянскіх герояў, хто здолеў збегчы з палаючага горада, і паказаў яго як ідэал рымляніна. Ва ўсіх сваіх дзеяннях Эней кіруецца ўказаннямі багоў, якія ўжо прадвызначылі ўсю гісторыю Італіі і Рыма. Асабліва паэт апявае «рымскі дух», што найбольш праявіўся менавіта ў эпоху Аўгуста, дзейнасць якога як бы дае сэнс і апраўданне блуканням, прыгодам і пакутам Энея. Такім чынам, Эней слаўны не столькі подзвігамі, колькі вернасцю свайму жыццёваму прызначэнню, што заключалася ў аснаванні новага паселішча і сусветнай дзяржавы.
Творчасць Вергілія ўяўляе сабою глыбока самабытную з’яву. Нездарма яго паэма стала ўзорам для шматлікіх твораў падобнага тыпу і ў тым ліку матэрыялам для пародый (пачынаючы ў Х VІІІ ст.), бо парадзіраваць можна толькі творы арыгінальныя сюжэтам і стылем.
Другі вялікі паэт эпохі Аўгуста — Гарацый. Як і Вергілій, ён таксама горача вітаў новую эпоху, якая прынесла грамадзянам Рыма мір, спакой і надзеі на адраджэнне старых добрых звычаяў. Гарацый зацікаўлена адгукаўся на перамогі Аўгуста, праслаўляў яго законы і адроджаную дзякуючы яму старую рымскую мараль.
Вяршыня творчасці Гарацыя — чатыры кнігі «Од». Падобна таму як «Энеіда» ў свядомасці рымлян заняла пачэснае месца побач з паэмамі Гамера, «Оды» Гарацыя працягвалі традыцыі таксама грэчаскай літаратуры, але ўжо не эпасу, а лірыкі. Тут пануюць тэмы, характэрныя і для класікаў грэчаскай паэзіі: каханне, сяброўства, жыццё на ўлоніі прыроды, перамога розуму над страхам смерці і адначасова — поспехі рымскага войска, веліч старадаўніх рымскіх культаў. Найбольш вядомы твор Гарацыя — яго «Помнік», паводле якога пазней пісалі многія еўрапейскія і рускія паэты, прыкладам М.Ламаносаў, Г.Дзяржавін, А. Пушкін.
Стабільнае, спакойнае, мірнае жыццё заўсёды садзейнічае квітненню інтымнай лірыкі. Вяршыняй рымскай эратычнай паэзіі з’яўляецца творчасць Авідзія Назона. Малодшы сучаснік Авідзія і Гарацыя, ён найбольш таленавіты з усіх рымскіх паэтаў. У сваіх «Любоўных элегіях» ён пафасна, з яркімі рытарычнымі фігурамі распавядае пра сваё каханне да нейкай Карыны. У зборніку «Гераіні» пра сваё каханне і боль гавораць розныя міфалагічныя гераіні, прыкладам Арыядна, Пенелопа. У паэме «Навука кахання» паэт вучыць юнакоў, як заваёўваць сэрцы жанчын.
Адна з самых цікавых прац Авідзія — паэма «Метамарфозы», у якой апісаны шматлікія ператварэнні міфічных герояў у жывёл і расліны. І сёння гэты вялікі твор з’яўляецца каштоўнейшым матэрыялам па міфалогіі Антычнасці. На доўгія стагоддзі расповяды з кнігі Авідзія сталі матэрыялам для шматлікіх паэм, опер, балетаў, жывапісных і скульптурных твораў. Адзін з сюжэтаў — пра каханне Венеры і Адоніса: кроў апошняга пасля яго смерці стала кветкай анемонам. Другі вядомы матыў: німфа Дафна адвергла каханне магутнага бога Апалона і папрасіла дапамогі ў бацькі — рачнога бога: той ператварыў дачку ў дрэва лаўр. З таго часу Апалон сам насіў лаўравы вянок і ўзнагароджваў ім у нечым выдатных людзей — адсюль паходзіць слова «лаўрэат». Трэці сюжэт: багі ператварылі ў кветку нарцыс самазакаханага хлопца. Усе гэтыя міфы шырока вядомыя, але зрабіліся яны папулярнымі менавіта дзякуючы кнізе Авідзія.
Ад Аўгуста пачынаецца імперская эпоха ў гісторыі Рыма. Упраўленне каласальнай імперыяй патрабавала цэнтралізаванай і моцнай дзяржаўнай улады. У літаратуры гэта час адмаўлення ад грэчаскіх традыцый і арыентацыя на ўласныя — на творчасць паэтаў «залатога веку». Новым жанрам, найбольш пашыраным у эпоху імперыі, стаў раман.
Паходжанне рамана поўнасцю не высветлена. Мяркуюць, што першыя празаічныя творы, у якіх панаваў прынцып распавядання, з’явіліся ў Грэцыі ў ІІ ст. да н. э. Яны былі перакладзены на лацінскую мову і карысталіся проста неверагоднай папулярнасцю ў Рыме, праўда, не ў эліты, а ў плебсу. Самы вядомы з грэчаскіх раманаў — «Дафніс і Хлоя» Лонга, створаны, як мяркуюць, у ІІ ст.н. э. Раман распавядаў пра ўзвышанае каханне маладых людзей, выхаваных пастухамі (пасля высвятляецца, што яны — з радавітых сем’яў), іх вандраваннях, шматлікіх небяспечных прыгодах, спакусах, нарэшце радаснай сустрэчы і шлюбе. Сюжэт рамана можна лічыць вандроўным. Ён пройдзе праз стагоддзі развіцця літаратуры, нязменна папулярны і любімы ў самых шырокіх колах насельніцтва.