Выбрать главу

Для эпохі росквіту імперскага Рыма (ІІ-ІІІ ст.) характэрны каласальны ўзлёт паэзіі, добрае яе веданне ўсімі адукаванымі людзьмі, вялікая колькасць зусім маладых паэтаў, талент якіх часта адкрываўся ў 10–11 гадоў. Пісалі вершы і некаторыя імператары. Але ў цэлым літаратура Антычнага Рыма ўжо ніколі не дасягала таго росквіту, як у эпоху Аўгуста.

ЛІТАРАТУРА ЭПОХІ ЭЛІНІЗМУ 

Паходы Аляксандра Македонскага (пачаліся ў 334 г. да н. э.) паклалі пачатак новаму перыяду ў гісторыі Антычнасці — перыяду, які атрымаў назву «элінізм». «Элін» — другая назва грэка. Аляксандр імкнуўся стварыць сусветную манархію, і ён-такі заваяваў палову свету, дайшоў да Індыі, але павярнуў назад і памёр у горадзе Вавілоне даволі маладым (323 г. да н. э.). Яго каласальную імперыю, якая ўключала Грэцыю, палову Афрыкі, палову Азіі, раздзялілі паміж сабою яго сябры-военачальнікі, так званыя дыядохі. Утварылася некалькі новых царстваў, з якіх магутнейшым аказаўся Егіпет пад уладай дынастыі Пталемеяў. Асаблівасцю новага перыяду было перамяшчэнне культурных цэнтраў з кантынентальнай Грэцыі ў яе былыя калоніі (Малая Азія) і ў Егіпет. Адбываўся сінтэз грэчаскай (пасля рымскай) і ўсходняй культур. Гэтая з’ява і атрымала назву «элінізм».

Фактычным культурным цэнтрам у эпоху элінізму стала Александрыя — сталіца пталемеяўскага Егіпта. Горад уражваў сваёй раскошай. Тут было пабудавана сёмае з цудаў свету — маяк на востраве Фарос, царскі палац і асабліва вядомы Мусейон — цэнтр навукі і мастацтва. У горадзе жылі прадстаўнікі розных народаў, але ў асноўным грэкі, і дзяржаўнай мовай была грэчаская — «кайнэ», заснаваная на атычным дыялекце.

Надзвычай спрыяльныя ўмовы для працы ў Мусейоне прыцягнулі сюды мноства грэчаскіх вучоных — спецыялістаў у матэматыцы, фізіцы, астраноміі, геаграфіі, філалогіі. Тут працаваў выдатнейшы матэматык Эўклід, аўтар трактату «Пачаткі геаметрыі», а таксама вядомы фізік Архімед, заснавальнік тэарэтычнай механікі і іншых раздзелаў фізікі, і географ Эратасфен, які вылічыў даўжыню мерыдыяна і стварыў новую карту свету.

Адной з найбольш папулярных навук у Александрыі была філалогія. Цікавасць да мовы, граматыкі, вершаскладання ў грэкаў абудзілася яшчэ ў класічную эпоху. Вывучэннем паэтыкі, літаратурных формаў займаліся ў Ліцэі Арыстоцеля. Але па-сапраўднаму філалогія як навука ўзнікла ў III ст. да н. э. у Александрыі. Гэта стала магчымым дзякуючы каласальнай Александрыйскай бібліятэцы, сабранай Пталемеямі. Вядома, што ў І ст. да н. э. яна налічвала 700000 рукапісаў.

Паэт Калімах, супрацоўнік бібліятэкі (III ст. да н. э.), склаў вялікі каталог твораў грэчаскіх пісьменнікаў (120 тамоў), прычым ён даказаў сапраўднае аўтарства некаторых твораў. Калімах і іншыя выдатныя філолагі рабілі поўны эстэтычны аналіз класічных твораў, параўноўвалі іх варыянты, стваралі каментарыі, устанаўлівалі імёны аўтараў для ананімных твораў, а таксама час напісання. Тут была выпрацавана тая вялікая культура філалагічнай працы, якая ў традыцыі дайшла ажно да эпохі Адраджэння і яскрава выявіла сябе ў творчасці Ф. Скарыны, С. Буднага, В. Цяпінскага.

Цікава, што выдатнейшымі паэтамі ў эпоху элінізму былі перш за ўсё вучоныя-філолагі, той жа Калімах. Яшчэ адной адметнай рысай эліністычнай паэзіі быў яе касмапалітызм. Літаратура класічнага перыяду жыла інтарэсамі роднага горада-поліса. Літаратура ж элінізму жыве праблемамі ўсёй грэчаскай адукаванай публікі, рассеянай па свеце. Праўда, ад гэтага літаратура зрабілася больш элітарнаю, не прызначанай для ўсяго народа. Трэцяй важнейшай рысай літаратуры элінізму быў адыход ад прынцыпаў класіцызму, ад ранейшых нормаў і правілаў, смелае наватарства.

Найбольш значным паэтам-наватарам пачатку эліністычнай эпохі быў Калімах. 3 яго мастацкіх твораў захавалася шэсць гімнаў багам, 63 эпіграмы і элегіі, своеасабліва пабудаваныя, вельмі часта з навуковымі адступленнямі, з вытанчанымі дэталямі, з архаічнымі рэмінісцэнцыямі. Так, ідылія «Гекала» распавядае пра адзін з подзвігаў Тэсея — утаймаванне марафонскага быка. Але сам подзвіг недзе на далёкім плане, а ўся ўвага паэта скіравана на сціплай хацінцы бабулі Гекалы, дзе Тэсей спыніўся на ноч нерад рашаючым паядынкам. Старажытны міф тут поўнасцю пераасэнсаваны дзякуючы новаму пункту гледжання, новай перспектыве, у якой на першым плане аказваецца чалавечы побыт і чалавечая псіхалогія: падрабязна апісаны інтэр’ер хацінкі, посуд, вячэра для Тэсея, хваляванні Гекалы за лёс героя.