Выбрать главу

Калімах — цэнтральная постаць александрыйскай літаратуры. Ён аказаў велізарны ўплыў на рымскіх паэтаў — Катула, Авідзія, Гарацыя. Праўда, для шырокай публікі Калімах з яго незвычайнай эрудыцыяй аказаўся залішне цяжкім, ён застаўся «паэтам для паэтаў», таму і вядомы горш, чым заслугоўвае па сваім значэнні.

Вучань Калімаха Апалоній Радоскі зрабіў спробу аднавіць старажытны эпас. Яго паэма «Арганаўтыка» мела вялікі поспех. Яна распавядала пра падарожжа Ясона ў Калхіду за Залатым Руном. Для апісання экзатычных краін Апалоній карыстаўся працамі вядомых гісторыкаў і географаў, для распрацоўкі характараў — творамі грэчаскіх трагікаў: у іх ён вучыўся псіхалагічнаму майстэрству. Паэма насычана геаграфічнымі і культурна-гістарычнымі падрабязнасцямі — гэта ўвогуле яркая асаблівасць эліністычнай літаратуры.

Культурнае жыццё ў Александрыі і іншых цэнтрах эліністычнага свету не прыпынілася і тады, калі яны былі заваяваны Рымам, у прыватнасці Александрыя — у 33 г. да н. э. Менавіта тут была перакладзена, на грэчаскую мову Біблія (Стары Запавет). Праўда, хоць на працягу некалькіх стагоддзяў тут працавала безліч выдатнейшых літаратараў, геніяльных імёнаў сярод іх няма.

Новы ўзлёт эліністычнай культуры назіраецца ў II–IIІ стст. нашай эры. Сітуацыя склалася ў многім падобная да той, што была ў пачатку эліністычнай эпохі (у ІІІ — ІІ стст. да н. э.). У той час заняпала мацерыковая Грэцыя, і культура перамясцілася на перыферыю. Цяпер дэградаваў Рым, і найбольш значныя імёны зноў-такі дала правінцыя.

У час «эліністычнага адраджэння» найбольш буйны пісьменнік— Плутарх, паходжаннем грэк, але блізкі да рымскага імператара. Вядома, што Плутарху належала 227 твораў, але захавалася менш паловы з іх. Найбольш вядомы яго твор — «Паралельныя жыццяпісы»: 46 біяграфій вялікіх грэкаў (ад Тэсея) і вялікіх рымлян (ад Ромула), аб’яднаныя па парах згодна характараў і падобнасці лёсу, напрыклад Аляксандр Македонскі і Юлій Цэзар (ваенаначальнікі), Дэмасфен і Цыцэрон (вялікія прамоўцы, рытары). Пісьменнік падыходзіць да сваіх герояў не як вучоны-біёграф, а як мараліст: таму ён найперш вылучае асноўныя рысы маральнага вобліку сваіх герояў, якія раскрываюцца ў розных сітуацыях. Вакол характару героя ён групуе ўвесь матэрыял. Атрымоўваецца своеасаблівы псіхалаічны эцюд на біяграфічнай аснове. «Паралельныя жыццяпісы» Плутарха былі, магчыма, самай папулярнай кнігай ва ўсе пазнейшыя эпохі. Ён, безумоўна, аказаў уплыў на стварэнне жанру жыціяў святых. Яго любілі чытаць многія класікі літаратуры эпохі Сярэднявечча, Адраджэння, XVIII–XIX стст. Гэты класічны твор стаў вытокам матэрыялу для многіх іншых твораў біяграфічнага характару.

Апошні з вялікіх пісьменнікаў эпохі элінізм — Лукіян з Сірыі. Ён працаваў у многіх жанрах, але найбольшай славаю карысталіся яго камічныя і сатырычныя дыялогі як адметны сінтэз філасофскіх дыялогаў і дыялогаў-урыўкаў з класічных камедый. Наватарства Лукіяна было своеасаблівай камбінацыяй традыцыйных элементаў, але ўжо вядомыя формы ён зрабіў кароткімі, лёгкімі, жывымі і вытанчанымі.

Важнейшая рыса творчасці Лукіяна — яго рацыяналізм і скептыцызм. У эпоху, калі містыка і забабоны ўсё больш ахоплівалі грамадства, ён захаваў абсалютную яснасць розуму і высмейваў іх у сваіх творах. Яго скептычны нігілізм — аснова тых іранічных адносін да свету, якія робяць Лукіяна адным з вялікіх майстроў антычнага камізму.

Найбольш вядомы твор Лукіяна — «Размовы багоў», дзе багі выступаюць абсалютнымі зямнымі мяшчанамі з дробнымі інтарэсамі і імкненнямі. Такое камічнае зніжэнне міфалагічных персанажаў мы будзем назіраць і ў беларускіх парадыйных паэмах XIX ст. Уплыў Лукіяна на сатыру пазнейшых эпох выключна моцны: ён з’яўляўся прыкладам для Эразма, Рабле, Свіфта, ды і для нашага К. Крапівы. Творчасць Лукіяна сведчыла пра разбурэнне міфалагізму як арсеналу і асновы антычнай літаратуры.

Апошні перыяд у развіцці антычнай літаратуры (з IV ст. н. э.) ужо звязаны з новай рэлігіяй — хрысціянствам.

Такім чынам, міфалагізм з’яўляецца асноўнай рысай літаратуры антычнасці. Міфалагічная аснова ва ўсім вызначальная. Любы новы змест, філасофскае казанне ці палітычная прапаганда — усё лёгка ўвасаблялася ў традыцыйныя вобразы і сітуацыі міфаў. Пазней міфалогія была арсеналам і для літаратуры Адраджэння, і для класіцызму, і для рамантыкаў, ды і для сучасных пісьменнікаў, хоць, можа, ужо больш у выглядзе літаратурнай гульні. Міфы — найбольш універсальны матэрыял літаратуры. У іх заключаны агульначалавечы, вечны змест, закладзены мадэлі чалавечых паводзін і адчуванняў. Так званыя вобразы-архетыпы заснаваны на міфах.