Выбрать главу

Цэнтральнае паняцце ўсіх сусветных рэлігій — Бог. Бог — найвышэйшае імя, з якім звязаны ўсе самыя чыстыя і светлыя надзеі чалавецтва. У ім быццё знаходзіць сваё тлумачэнне і апраўданне — сваю прычыну і сваю мэту,

Бог — абсалютна свабодная Асоба, бясконцая Сіла, самы дасканалы Розум і бязмежная Любоў. Так разумее Бога хрысціянства. У іншых гістарычных рэлігіях (акрамя іудаізму і ісламу) шматграннасць з’яў прыроды раздзяліла ва ўяўленнях чалавека вобраз адзінага Бога на мноства багоў, з якіх кожны ўвасабляў адзін з атрыбутаў адзінага Бога. 3 часам імкненне мыслення да адзінства злучыла гэтыя персаніфікаваныя вобразы паміж сабою і са светам — сістэма такіх поглядаў атрымала назву пантэізм. Для старажытных беларусаў якраз было характэрна пантэістычнае светаадчуванне.

Звычайна Бога ўяўляюць сівым велічным старым, які жыве на Небе, недзе ў Космасе. Гэта наіўны погляд. На самай справе Бог — непадзельнае Адзінства. Ён прысутнічае ўсюды, напаўняе сабою Сусвет. Увесь Космас жывы, бо Богам прасякнуты, запоўнены. Гаворачы проста, Бог — Жыццё як ёсць, усе яго праяўленні ў тых ці іншых рэчах і з’явах. У прынцыпе ж ні ў якіх словах і паняццях недасканалай мовы і розуму чадавечага не можа быць выяўлена адэкватна сутнасць Бога. У Бога можна толькі верыць, але часта інтуітыўнае пачуццё нават людзей-атэістаў гаворыць аб набліжэнні прадмета да Бога або аддаленасць ад яго: ёсць рэчы і з'явы прыгожыя, добрыя, і гэта крытэрый набліжанасці да Бога, а ёсць пачварныя, ліхія, благія — яны не звязаны з Богам.

Такім чынам, сутнасць Бога нельга спазнаць розумам, але можна адчуць накіраванаю на матэрыю Божаскую Волю, Божаскую Энергію, Божаскую Ласку. Праз гэты выхад Бога за межы сваёй сутнасці — праз Божую Ласку — Ён пазнаецца чалавекам. Сэнс чалавечага жыцця — у спазнанні Святога Духа, у асэнсаванні адчування Божай Ласкі.

Бог прысутнічае ў чалавечай рэфлексіі як нейкая ідаэльная сутнасць, лепш сказаць, сукупнасць сутнасцяў (жыццё, дух, бясконцасць, вечнасць, еднасць, сусветны розум і г.д.), якія не атрыманы чалавекам у выніку свядомых дзеянняў, а дзіўным чынам дадзены людзям і існуюць незалежна ад іх у нейкай іншай, не звязанай з побытам рэальнасці.

Божаскі Розум, Яго Слова (Логас) — сіла, якая дае быццё ўсяму існаму. Некаторыя мысляры сцвярджалі, што свет перастаў бы існаваць, калі б Бог не уяўляў яго існуючым, не ствараў бы яго пастаянна сілаю сваёй Думкі. Бог — абсалютна дасканалы Розум. Чалавечае ж мысленне абмежавана ў шматлікіх сваіх параметрах, ніколі не абдымае сваім пазнаннем увесь прадмет цалкам, ніколі не дасягае сутнасці пэўнай з’явы. У чалавечых меркаваннях няма ісціны ў апошняй інстанцыі. Толькі Божаскае Пазнанне ведае рэчы такімі, якія яны ёсць, і не карыстаецца ніякімі лагічнымі прыёмамі, што характарызуюць наша абмежаванае мысленне.

Звычайна простыя людзі з цяжкасцю разумеюць паняцце Адзінасутнасці Святой Тройцы — Бога-Бацькі, Бога-Сына і Бога-Духа Святога. Але яны гэтак жа непадзельныя, як непадзельныя думка і пачуццё ў самога чалавека. Праўда, шматлікія філосафы свету, пачынаючы ад знакамітых філосафаў Антычнасці (Сакрат, Платон, Арыстоцель), імкнуліся лагічна даказаць наяўнасць Бога.

У ХVІІІ ст. нямецкі філосаф І. Кант абвясціў немагчымасць доказаў існавання Бога лагічным шляхам. Але развіццё філасофскай думкі не спынілася. Пазнейшыя мысляры не прынялі пастулаты Канта, сцвярджаючы магчымасць іншага, не лагічнага, а вопытнага шляху пазнання Бога. Бог непасрэдна ўздзейнічае на дух чалавека, а чалавеку ўласцівая здольнасць успрымаць Божую Ласку. Бога мы адчуваем гэтак жа, як існаванне іншых знешніх з’яў, і набытая такім чынам упэўненасць намнога вышэй за тую, якую даюць лагічныя доказы.

Залежны ад прыроды, чалавек жыве пачуццёвым, жывёльным жыццём. Перамагаючы яго сваёй воляю, ён аказваецца здольны жыць і разумовым жыццём. Але і такое жыццё не можа задаволіць чалавека. Найбольшая асалода для яго — у падпарадкаванні свайго «вызваленага» «я» Вышэйшай Рэальнасці і ў кантактах з гэтай Рэальнасцю.

У прынцыпе ўсё вакол, кожная драбяза, гаворыць чалавеку пра існаванне Бога і блізкасць яго да людзей. Але якія б шматлікія сведчанні не былі, у чалавека не нанародзіцца вера ў Бога, пакуль ён не адчувае Бога ва ўласным сэрцы.

Важнейшай падзеяй у гісторыі чалавецтва з’яўляецца пераварот, у выніку якога найбольш высакародныя людзі адчулі Бога ў сэрцы і перайшлі ад старажытных язычніцкіх рэлігій да рэлігіі новай, заснаванай на трыадзінстве Бога, на ўвасабленні Бога-Сына.

Хрысціянская рэлігія атрымала назву па імені адной з іпастасяў Святой Тройцы — Хрыста. Узнікненне хрысціянства мела глыбокія, глабальныя, можна сказаць, касмічныя вытокі.