Новы Запавет не прызнаецца іудаізмам.
Тэксты, якія ўваходзяць у склад Бібліі, уяўляюць сабою канон: ён зацверджаны хрысціянскай царквою. Канчаткова канон сфарміраваўся ў ІІ ст. н. э. Друкаванае выданне Старога Запавету ўпершыню з’явілася ў XV ст., Новага Запавету — у пачатку XVI ст.
Стары Запавет
У Старым Запавеце тры вялікія цыклы:
1. Закон (Тора), або Пяцікніжжа, які прыпісваецца прароку Маісею.
2. Прарокі: старажытныя хронікі. а таксама сачыненні трох вялікіх прарокаў (Ісаі, Іерэміі, Ізэкііля) і 12 так званых «малых» прарокаў
3. Пісанне: гімны, афарызмы, дыдактычныя (павучальныя) аповесці, лірычная «Песня песням» і г.д. Галоўныя героі тут — цары Давід і Саламон, падчас праўлення якіх старажытны Ізраіль дасягнуў найвялікшай магутнасці.
Асабліва важны для рэлігіі іудаізму першы цыкл — Закон, або Тора. Тут выкладзены асноўныя нормы, правілы, філасофскія ды маральныя прынцыпы іудаізму. Першая кніга цыкла «Быццё» распавядае пра стварэнне Богам свету, пра Адама і Еву, іх грэхападзенне, пра першых патрыярхаў, Іосіфа Прыгожага і пра егіпецкі палон, у якім знаходзіўся яўрэйскі народ. Кніга другая «Зыход» распавядае пра Маісея і яго Запавет (дамоўленасць з Богам), пра зыход яўрэяў з Егіпта. Трэцяя кніга «Лявіт» — звод рэлігійных законаў, правілаў, апісанні рытуалаў. Чацвёртая кніга «Лічбы» і пятая «Другі закон» прысвечаны гісторыі яўрэяў пасля зыходу з Егіпта.
Лічыцца, што Біблія мае як мінімум тры сэнсы: літаральны, сімвалічны і эзатэрычны (патаемны). Гэта надзвычай глыбокая Кніга пра свет, першаасновы быцця, важнейшыя жыццёвыя каштоўнасці.
Ужо першая кніга «Быццё» дае бясконцы матэрыял для роздуму. Тут распавядаецца пра стварэнне Богам свету.
Бог стварыў свет за шэсць дзён. У першы дзень было створана святло і аддзелена ад цемры, у другі дзень — неба і аддзелена вада нябесная ад вады зямной, у трэці дзень раздзелены суша і мора, а таксама створана расліннасць. У чацвёрты дзень Бог пачаў упрыгожваць, засяляць Зямлю, зрабіўшы яе зручнай для жыцця. Ён стварыў свяцілы (Сонца, Месяц і зоркі) для асвятлення 3ямлі і для разліку часу. У пяты дзень Ён засяліў водную стыхію і паветра рыбамі і птушкамі, у шосты дзень стварыў жывёл і чалавека. Прарабіўшы такую каласальную работу, Бог убачыў, што атрымалася добра і прызначыў чалавека быць уладаром над усім зямным. Закончыўшы працу, Бог аддаў сёмы дзень адпачынку, блаславіў і асвяціў яго. Тут заключаны глыбокі сэнс: міф паказвае паслядоўнасць эвалюцыі Космасу і жыцця, паэтапнасць утварэння розных касмічных, прыродных формаў. А «дзень» Бога неабходна разумець метафарычна: «дзень у Бога як тысяча гадоў», інакш кажучы, «дзень» — нейкі перыяд. Сучасная навука пацвердзіла тэзіс, які выклікаў заўсёды найбольшы скепсіс у крытыкаў Бібліі: святло было створана раней за свяціла. «Што магло свяціць, калі не было Сонца, Месяца, зорак?» — смяяліся на працягу стагоддзяў буйнейшыя філосафы Еўропы. Хрысціянскія каментатары Бібліі тлумачылі Святло, створанае ў першы дзень, як першае світанне, першы ранак. Аддзяліўшы яго ад цемры, Бог устанавіў непарушны парадак у Космасе. Сапраўды, святло і цемра — самыя універсальныя і па вялікаму рахунку найбольш важныя паняцці, што абазначаюць з’явы Сусвету. Навуковыя адкрыцці самага апошняга часу сведчаць: свабодная касмічная прастора напоўнена незлічонымі фатонамі, мірыяды іх працінаюць штоімгненна кожны куток Космасу. А фатон і ёсць носьбіт святла. А можа, першаснае Святло — гэта халодная лептонная плазма — своеасаблівы касмічны агонь, носьбіт інфармацыі, якая імгненна перадаецца ў Галактыцы?
Свет гарманічны і прыгожы, бо створаны Богам. Чалавека ж Бог стварае падобным да сябе. Што маецца на ўвазе? Можа, тое, што Бог — уладар Сусвету, а чалавек — Зямлі? Але хутчэй за ўсё чалавек падобны да Бога сваім творчым патэнцыялам, чалавек па сутнасці сваёй — творца. Акрамя таго, яму даравана свабода выбару, ён свабодны, як і Бог, і гэтым адрозніваецца нават ад анёлаў. Але прырода чалавека дваістая, бо цела яго — матэрыяльнае, ён створаны з зямлі (Адам па-яўрэйску «чырвоная зямля»). Адам заключае ў сабе каласальную магутнасць Універсуму, тут Мікракосмас ставіцца ўпоравень з Макракосмасам. Першачалавека Адама сімвалічна неабходна разглядаць як увасабленне ўсяго чалавецтва. Жонка яго Ева — сімвал матэрыяльнага аспекту жыцця, яна маці ўсяго Існага. 3 духоўнага пункту гледжання Ева — антыпод Дзевы Марыі, духоўнай Маці ўсіх людзей.