Выбрать главу

«А ён самы харошы, i толькі адна я, можа, гэта ведаю», — Юля тарганула Генадзя за рукаў.

...Нечакана мяккая вясновая цішыня прарвалася — палілася па наваколлі шчырая i радасная песня. Юля i Генадзь глянулі ўверх: недзе зусім блізка, у сіняй бездані неба, звонка i чыста выспеўвалі нябачныя жаўранкі, радуючыся, што прыляцелі з далёкіх краін у родную старану, на свае знаёмыя палі, перацярпеўшы ростань, вялікую дарогу, а цяпер пачынаюць нанова жыць.

1971

БІЯГРАФІЧНАЯ ДАВЕДКА

Генрых Вацлававіч Далідовіч нарадзіўся 1 чэрвеня 1946 года ў вёсцы Янковічы Стаўбцоўскага раёна ў сям'і каваля.

Закончыў філалагічны факультэт БДУ імя У. I. Леніна.

У 1968-1973 гадах служыў у Савецкай Арміі, працаваў настаўнікам, завучам Шабыньскай васьмігадовай школы на Барысаўшчыне. З 1973 года — супрацоўнік аддзела прозы часопіса «Полымя», з 1979 г.— намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Маладосдь».

Удзельнік VI Усесаюзнай нарады маладых пісьменнікаў i IV нарады маладых пісьменнікаў краін Азіі i Афрыкі. Першае апавяданне надрукаваў у 1966 годзе ў стаўбцоўскай раённай газеце «Прамень». Аўтар кніг прозы «Дажджы над вёскай» (1974), «Цяпло на першацвет» (1976), «Маладыя гады» (1979), «Міланькі» (1980), «На новы парог» (1983), «Станаўленне» (1985), «Гаспадар-камень» (1987), у перакладзе на рускую мову — «Тепло на первоцвет» (1978), «Осенняя перекличка» (1981).

Асобныя творы перакладаліся на ўкраінскую, казахскую, узбекскую, таджыкскую, асецінскую, англійскую, іспанскую, польскую, балгарскую, славацкую мовы.