Выбрать главу

Лысы немец прайшоў побач, падаўся ў хату. Там ці то са стомленасщо, ці то з абыякавасцю зморшчыўся, агледзеў невялікі пакой, калыску i босага Казіка, які ўслед за бацькамі зайшоў у хату. Пасля скінуў шынель, згарнуў яго, паклаў на калені i сеў на лаве. Падняў са свайго боку сурвэту i закрыў ёю сняданак. У адным месцы сурвэта абвісла i пачала мокнуць, чырванець ад буракоў. Лысы здзьмухнуў перад сабою на голым стале крошкі, дастаў з нагруднай кішэні зложаны папалавіне, абшмальцаваны з сінімі вокладкамі тоўсты сшытак i аловак. Аловак быў без дзюбкі.

«Будзе нешта пытацца, — падумаў Казік.— Але я нічога не скажу, хоць чуў, як прыходзіў той ноччу барадаты партызан, бачыў, цікуючы з-пад коўдры, як маці завешвала акно, паліла газоўку i давала начному госцю есці... Цяпер няможна нічога нікому гаварыць... Цяпер трэба маўчаць, а то за язык...»

—Зваць як? — перапыніў Казікавы думкі стары немец, зірнуў на бацьку, нахмурыўшы бровы.— Цяляты язык аджавалі, ці што? Ну, як назвіско ваша, фамілія?

—Хлябовіч, — зноў шэптам адказаў бацька.— Браніслаў Хлябовіч, бацька Янам быў.

—Вось што, Хлябовіч...— ні на кога не пазіраючы, прамовіў уладна немец, распраміў, прыгладзіў далонню сшытак, а пасля пачаў вастрыць ножыкам аловак; глядзеў толькі на свае вялікія рукі, на хвіліну пасля змоўк, калі хацеў яшчэ нешта сказаць, то паламалася дзюбка, i ён так не прамовіў нічога, зноў пачаў вастрыць.

Казік са страхам пазіраў на старога немца, чакаў, што ж ён запытае. Што той гаварыў па-польску i па-тутэйшаму, не здзіўляўся: амаль усе немцы, што заходзілі сюды, гаварылі па-свойму, але былі не раз i такія, што гаварылі i паруску, i па-польску i ўстаўлялі тутэйшыя словы. Хваліліся, што да вайны жылі разам з палякамі ці паблізу ix.

Стары немец здзьмухнуў ca стала смецце, падняў галаву — усе ca сполахам на яго глядзелі ды чакалі, што ж ён скажа, здзіўляліся, чаго ён марудзіць, не дапытвае. А можа, ён не марудзіў, можа, гэта толькі здавалася... Ён строга зірнуў на паліцыянта, што стаяў у парозе, прытуліўшыся да вушака, — i той не вытрымаў позірку, апусціў галаву. Раней, калі заязджаў, быў смелы: i кепікі ўсякія строіў, i на паліцу, дзе стаялі пустыя пляшкі, заглядваў, i хваліўся, як яго начальства паважае...

—Дык вот што, Хлябовіч, — пастукваючы пальцам па стале, надзьмуў тоўстыя губы, з халодным бляскам у вачах зірнуў на бацьку стары немец.— Маем загад з Івянца сёння ачысціць гэтую зону пад нумарам... Значыць, людзей трэба вывезці, а хутары i мястэчка спаліць...

Бацька, слўхаючы, здаецца, пабялеў з твару, маўчаў — ад нечаканасці i страху не мог вымавіць i слова.

—За што гэта?— нарэшце прашаптаў ён, сціскаючы ў руцэ бульбіну.

—Партызан корміце i адзяецё...— сказаў немец.— Ворагаў нашых, ворагаў новага парадку... Вось i маем загад зрабіць мёртвую зону...

—Не кормім мы нікога...— пачала апраўдвацца маці.— Самі во без хлеба, без сала ды без солі жывём. Што тут дасі, калі сам усяму жадзён. Ды i не ведаем мы ніякіх партызан...

—Дзесяць мінут вам на зборы...— больш не стаў яе слухаць стары немец, падняўся.— На каня — i ў Янковічы... А ты хадзі сюды...— прамовіў ён i хацеў узяць маці за плячо, але яна адскочылася.— Тады хадзі ты, гаспадар...— павярнуўся, падышоў да бацькі, узяў яго за кашулю i павёў на двор.— Зобач, паглядзі!

Зірнуў i Казік, куды паказваў немец, i ўбачыў неспадзяванае i не паверыў спачатку сваім вачам: гарэлі суседскія хаты. Высока ўверх над імі ўскідваліся чырвона-жоўтыя языкі, шугалі, аж чуўся шум ад ix. Даносіўся i пах гарэлай саломы.

—А што ж гэта?— загаласіла маці.— Што ж гэта робяць з людзьмі?

—Збірайцеся, — нарэшце азваўся i паліцыянт, — Сёння i мястэчка, i хутары — усё будзе спалена. Аж да Ружэвіч. Вас вот яшчэ так, а мястэчка з раніцы абкружылі з усіх бакоў, пачалі збіраць усіх на аселіцы... Хто пробаваў уцячы — на месцы... Такая воля вялікага начальства. З Мінска, а можа, пават i з Берліна.

—Воля, воля...— перадражніла яго, плачучы, маці, — Каб яго, тое тваё начальства, дзень i ноч гарачка паліла...

Аж дзіва было: паліцыянт — грозны, злосны, прыдзірлівы — нічога не адказаў, адвёў позірк, як пабіты сабака, павярнуўся i пасунуўся на двор.

—Нy, хопіць гавэндаў, — зазлаваў стары немец i ўжо ў сенцах, каб чутно было, мусіць, на двары, прыкрыкнуў: — Лoc, лос шнэль!..[2]

—Толькі i ведаеце: шнэль адно...— перадражніла i старога немца маці.— Калі ўжо якая халера вас сашнэліць адгэтуль... О божачка, чым мы цябе так угнявілі, што ты на нас такую няміласць наслаў?..

Стары немец раптоўна павярнуўся, аж зачырванеўся, сціснуў губы.

вернуться

2

Давай, давай хутчэй!.. (ням.)