Выбрать главу

А Міколка зноў са сваімі роспытамі:

— А ці любіць Бог «зайцаў хлеб»?

Замест адказу матчыны пальцы даволі блізка знаёмяцца з Міколкавым вухам, і яно пачынае гарэць і чырванець, як той семафор за стрэлкамі. А маці прыгаворвае:

— Гэта табе за «зайцаў хлеб»! А гэта табе за непаслушэнства перад Богам. А гэта табе… бязбожнік ты гэтакі… Кажы цяпер «Багародзіцу»!

Маўчыць Міколка, насупіўшыся.

— Кажы: «Багародзіца Дзева, радуйся, благадатная…»

— Дужа яна ўзрадавалася б, твая благадатная, калі б яе так за вуха пацягалі… — мармыча Міколка пад нос.

— Што ты вярзеш там, неслуш! — гневаецца маці. — Ну, пачынай!

— Не буду…

— Кажы адразу!..

— Не буду… — упарта стаіць на сваім Міколка і скоса пазірае, як матка развязвае матузы ад фартуха, становячыся бліжэй да дзвярэй, каб адрэзаць Міколку ўсякі шлях да адступлення. Калі заўважае Міколка, што развязваецца апошні вузел і матузовая пагроза набывае яўную небяспеку, ён маланкай кідаецца пад тапчан, наганяючы страху на спаўшага там ката. Той стралой імчыць да дзвярэй, збіваючы з ног Міколкаву маці.

— Пастой жа, я цябе ўчастую, пазнаеш ты ў мяне Багародзіцу!

— А няхай яна згарыць, твая Багародзіца! — лямантуе пад тапчаном Міколка, забіраючыся ў самы куток за розныя скрынкі, клумкі з лахманамі.

— Пастой жа, паспытаеш ты ў мяне благадаці… — рашуча бярэцца маці за качаргу, і пачынаецца, як кажа дзед, баталія-вайна. Праўда, выпараць Міколку з-пад тапчана — не такая-то лёгкая справа. Ды і дзед прыходзіць на дапамогу Міколку. Ён асцярожна падыходзіць да дзвярэй і пачынае ўшчуваць маці:

— Ты пасаромелася б людзей, кабета. На роднае дзіця з ражном перці… Ды Бога пабаялася б, ён жа ўсё бача… — і дзед урачыста падымае руку ўгару, нібы хоча паказаць ёй Бога на небе. Усё гэта ён робіць, каб адцягнуць матчыну ўвагу ад Міколкавых тапчаноў. Маці мімаволі глядзіць угару. Там ляціць звычайная варона. Пакуль маці прыглядаецца да яе, Міколка паспявае вылезці з-пад тапчаноў і праслізнуць у дзверы пад самымі матчынымі рукамі. Тая толькі паспявае войкнуць — лаві цяпер бязбожніка ў чыстым полі. Усё гэта хітрыкі дзеда, і маці добра разумее яго палітыку. Але што ты з гэтым дзедам зробіш, не ганяцца ж за ім з качаргой, за гэтым старым бязбожнікам.

А дзед ужо ідзе з Міколкам да дэпо і павучае ўнука:

— Ты, браце, заўсёды, калі туга табе давядзецца з Багародзіцай, дык імчы ў дэпо. У нас, браце, багі не ў пашане, ураз ім крыллі абскубуць.

І сапраўды, хоць і віселі ў дэпо сям-там абразы, але не бачыў Міколка, каб дужа маліліся перад імі, шапкі скідалі. Усё больш завіхаліся ля паравозаў, ля паравозных колаў, кляпалі паравозныя печы, расточвалі цыліндры. І такі грукат стаяў там, што любы Бог, як думаў Міколка, адразу павінен быў аглухнуць. А якая пашана ім, глухім. Вісяць вось на сценах, копаці набіраюцца. І не дзіва, што дэпоўцы не паважаюць багоў. Вось і Міколкаў бацька, калі надакучала маці яму сваімі жалобамі на сынава бязбожніцтва, звычайна агрызаўся:

— А кінь ты са сваім дурным Богам!

Дзівіўся тады Міколка: у маці Бог разумны, у бацькі ж ён выходзіць дурным. Каму ж верыць? Відаць, бацьку, бо той усё ведае, той свет аб’ехаў на паравозе. І ўсё большае непавагі набіраўся Міколка да багоў, хоць і цярпеў за гэта не раз вялікія непрыемнасці. І не толькі ад маткі, але асабліва ў школе, куды давялося яму ў хуткім часе патрапіць. Тут адразу ўткнуўся ён у дыскусію з папом, не ведаючы спачатку, што такія дыскусіі заўсёды канчаюцца для вучняў вельмі кепска. Поп, заўважыўшы новага вучня, адразу спытаў Міколку:

— Хто ты такі?

— Міколка… — крыху нерашуча адказаў ён.

— Дурань! — накінуўся чамусьці поп. — Перш за ўсё ты раб Божы…

— Ну, гэта ўжо хлусня, усё роўна, што ў дзеда пра туркаў, — набраўся смеласці Міколка. — А мы не рабы божыя, а рабочыя-дэпоўцы…

Чуў Міколка пра рабочых, а пра нейкіх рабоў яму чуць не даводзілася. Тут і ўсхадзіўся поп.

— Хто, хто? — перапытаў ён, набіраючыся злосці, і ўжо запусціў свае пальцы ў Міколкаў віхор.

— Паравознікі мы, во хто мы… — пераказаў яшчэ раз Міколка, горка плачучы, бо поп не на жарты ўзяўся за яго чуб.

А другі раз такая дыскусія закончылася яшчэ горш для Міколкі. Расказваў поп, як Бог займаўся будаўніцтвам, як будаваў і стварыў свет, неба, зямлю, расліны і жывёлу і як урэшце ён чалавека стварыў, Адама, а з яго рабрыны жонку гэтаму чалавеку, Еву. Слухаў, слухаў Міколка ды — у рогат. Так і пусціўся ў смехі, аж да скамейкі прысядае. Раз’ярыўся поп, наступае грозна на Міколку:

— Ты чаго, ірад, з Божага слова смяешся?

А Міколка не сціхае, рагоча, заліваецца. І як не смяяцца яму. Узгадаў ён пра Адама і Еву. Не пра тых, з якімі Бог займаўся, а пра самых звычайных. Пра стрэлачніка Адама і прыбіральшчыцу Еву, якая дэпо падмятала. Худзюшчыя абодва, толькі рэбры ды косці. А «буржуй» вунь тоўсты-тоўсты, ледзь у дзверы пралазіць, калі ходзіць па складу. А поп ужо за вуха Міколкава ўзяўся:

— Кінь смяяцца, кажу!

— То як жа кінуць, калі смешна… Калі Адам і Ева ў нас такія хударлявыя, што Богу і клопату не было з імі, ці доўга іх стварыць… А вось як гэта Бог «буржуя» стварыў, няйначай тры дні пацеў.

— Якога «буржуя»? — вытарашчыў поп вочы.

— Ды нашага, што складам пры дэпо і нашымі вагонамі, дзе мы жывём, загадвае… Такі ж таўшчэзны. І злосны, гад, як прыйдзе, дык усё лаецца.

Поп учапіўся, як абцугамі, за вуха і пацёг Міколку ў кут на калені.

— Станавіся тут і не варушыся! — і як бразне Міколку аб падлогу, у таго аж іскры пасыпаліся з вачэй.

— А ты не біся, чорт кудлаты! — не сцярпеў тут Міколка ды як хопіць зубамі за папоўскую руку, той аж падскочыў на месцы.

І чаго-чаго не было тут пасля. Даўся ў знак Міколку гэты «буржуй». Пацярпеў і чуб, і вушы, і калені, хапіла яшчэ і па патыліцы. А ў дадатак да ўсяго загадалі бацьку паклікаць у школу. І доўга ўпрошваў бацька папа, каб не злаваў ён дужа на дзіця, якое нічога не разумее і вярзе часам тое, у чым само добра не разбіраецца. І калі ішлі са школы, бацька ўгаворваў Міколку:

— Ты ўсё ж дужа не задзірайся з папом… Вось выганяць са школы, дык будзе зусім дрэнна і будзеш зусім ты цёмным чалавекам. А што ён, поп гэты, гаворыць там, дык ты слухай і маўчы, ліха з ім.

— Калі ж гэты «буржуй» дужа смешны… Каб Бог ды стварыў яго.

І рашыў Міколка адпомсціць калі-небудзь «буржую» за ўсе непрыемнасці, панесеныя праз яго. А тут яшчэ і прычыны былі новыя. Ужо даўно працякаў дах, прагнілі некаторыя дошкі ў вагоне. І колькі ні прасіў бацька «буржуя», каб той загадаў дах пафарбаваць ды вагон падправіць, «буржуй» заўсёды аднекваўся ды лаяўся яшчэ:

— Набярэшся тут на вас на ўсіх фарбы, калі на паравозы ды на вагоны не хапае…

Адмаўляў.

А зрабіць ён быў павінен. І ведалі ўсе, што крадзе гэты загадчык усё са склада, прэ цэлыя бочкі — аліву, фарбу, скрынкі цвікоў, шкло, жалеза, — што ні трапіць пад руку. Збывае потым, прадае гандлярам. Затое і дом, які будаваў сабе за крадзеныя грошы, — палац цэлы. Дзе ж ты тут дапросішся ў яго?!

— Узяў бы я яго ды з пузам у бочку, у бочку з мазутай ці з фарбай… Ведаў бы тады ён.

А што ён ведаў, Міколка і сам добра не разумеў.

Але ў хуткім часе Міколка сапраўды адпомсціў «буржую». І хоць помста была і нядужа вялікай, але давялося ўсё ж «буржую» перажыць некалькі непрыемных хвілін. Было гэта тады, калі «буржуй» скончыў будаваць свой дом. Дом быў яшчэ не агароджаны, стаялі толькі некалькі сарайчыкаў з рознымі матэрыяламі, і, як падгледзеў Міколка з групай сваіх дружбакоў, былі там і бочкі з фарбай. З прычыны завяршэння будаўніцтва дома гаспадар наладзіў урачысты баль, склікаў шмат гасцей. Тут быў і начальнік дэпо, і некаторае дарожнае начальства, усе вялікія шышкі на чыгунцы. Госці весяліліся ў невялікім садку, выпівалі, закусвалі. Тут жа круціўся ля стала і вялікі пушысты кот, любімец «буржуя». Міколкава кампанія доўга завіхалася ля садка, пакуль ім не ўдалося заманіць ката да сябе і злавіць яго.

А злавіўшы, усе забраліся ў адзін сарай і наладзілі кату хрышчэнне ў бочцы з вадкай зялёнай фарбай, якой фарбуюць звычайна пасажырскія вагоны. Акунуўшы ката разы са два ў бочцы так, што з яго цякла з усіх бакоў фарба, Міколкава кампанія задала лататы і, схаваўшыся за садком, назірала, што будзе рабіць кот. Той адразу ж кінуўся да гасцей і, не доўга думаючы, скочыў на калені да свайго гаспадара і пачаў атрасацца ад мокрае фарбы. «Буржуй» не заўважыў спачатку нічога, усё гаварыў нешта з гасцямі. Але потым да Міколкавай кампаніі данёсся выбух рогату: то смяяліся госці над катовымі ўчынкамі. Увесь летні касцюм гаспадара быў канчаткова сапсуты.

Тады Міколкава кампанія крыкнула на ўвесь голас: «Крадзеная, крадзеная!» і ў адзін міг кінулася наўцёкі. Што было далей з «буржуем», Міколка не ведаў. Але быў вельмі задаволены — хоць чым-небудзь ды адпомсціў ненавіснаму чалавеку.

— Будзе ведаць, як фарбы шкадаваць нашым людзям…