Выбрать главу

— Хто даў вам такі закон распраўляцца з чужым дабром? Хто мае такое права?

Аж падскочыў тут Сёмка-матрос ды як лясне па стале рэвальверам:

— Маўчы, крывасмок! Вось як пастаўлю да сценкі, пазнаеш тады закон наш і права!

Сагнуўся кулак, згорбіўся. На ціхую авечку зрабіўся. Толькі барада шырокая трасецца ад страху. Прасіцца пачаў:

— Даруйце, таварышы! Па несвядомасці гэта я, па цемнаце нашай…

Ды бух у ногі з мольбамі, з просьбамі.

Зірнуў тут дзед Астап, і крыху жаль яго ўзяў. Не любіў ён, каб чалавек па зямлі поўзаў, задужа ўніжаў сябе. І сказаў Сёмку-матросу:

— Пусці ты яго лепш на волю… Ці варта на такога кулю псаваць?

Стараста ледзь дзверы не выбіў ад радасці, што застаўся жывым. Так спяшаўся да свае хаты. Але вышэй за радасць была пякучая злосць. Шкадаваў дабра, шкадаваў сваіх коней. І, апынуўшыся на сваім двары, ён пагразіў некаму кулаком:

— Я пакажу вам, галадранцы, як устанаўляць над светам закон свой…

Пайшоўшы да хлява, доўга быў там, потым вывеў каня, якога пакінулі яму партызаны з яго маёмасці. Сеў верхам і агародамі, па загуменню, паехаў у цемень ночы, хаваючыся па кустах і сцежках, каб не перанялі часам партызаны.

Ехаў, успамінаў пра нямецкія аб’явы і загады, дзе абяцалася некалькі тысяч марак таму, хто пакажа месца стаянкі партызан ці даставіць жывым альбо мёртвым Сёмку-матроса ці дзеда Астапа. Успомніў і ўзрадаваўся, кінуў коней сваіх шкадаваць. Не такіх стаеннікаў можна будзе набыць за такія вялікія грошы… Колькі зямлі яшчэ можна будзе купіць, дамы паставіць, сады пасадзіць, вялікія крамы паадчыняць. І будзе тады ягонай кожная капейчына. А капейка за капейкай — рубель. А там сотні, а там тысячы.

Аж дух захапіла ў яго ад прыемных мар. Ехаў, спяшаючыся, ды ўсё шаптаў сабе паціху ўголас:

— Гэткія ж грошы, гэткія грошы…

І, успамінаючы тых, якія прыносілі скаргі на яго партызанам, не шаптаў, а сіпеў праз вялікую злосць:

— Нічога… Я правучу! Я скручу вас так, што юшка з вас крывавая пацячэ!

Ён то выпростваўся, выцягваўся, пагражаюча сціскаў кулакі, то рабіўся адразу абмяклым, расслабленым і гойдаўся тады на кані, як саламяны куль. Тады ападаў на яго душу страх. Нібы прылятаў ён з недасяжных вышынь і ціснуў яго, прыціскаў да чорнай зямлі.

Гэты страх ішоў адтуль, дзе калыхалася чырвонае зарава. Махнатыя зоры рабіліся бледнымі перад заравам. Некаторыя ніклі, гаслі. Водбліскі зарава хадзілі па каменнях. Аб каменні спатыкаўся конь, таропка прабіраючыся па кустах, па глухіх ваўчыных сцежках.

Глухая ноч была напоена пахамі пажараў, крыві і чалавечае нянавісці.

Спяшаўся коннік.

* * *

А партызаны спалі.

Даўно адгулі гармонікі, разышліся дзяўчаты са скокаў з удалымі партызанамі. Дзед Астап з Міколкам спалі ў каламажцы, што была з кулямётам. У хаце не захацелі спаць. Там было душна. Ды і, акрамя таго, у хаце быў нябожчык. Там памёр нядаўна адзін стары селянін. Ён ляжаў цяпер на стале, васковая свечка гарэла ля яго. На лаве стаяла труна. Не сказаць, каб дужа далюбліваў дзед Астап нябожчыкаў.

Таму і сказаў самым рашучым чынам:

— Будзем спаць на дварэ, на каламажцы! Самае лепшае месца: ні прус цябе не джыгане, ні клоп не кусне, ні духаты, ні спякоты. Ты спіш, а табе зоры ўсміхаюцца ды падміргваюць. І зноў жа ноч, ці мала што можа здарыцца, а тут і кулямёт пад бокам…

Так і спалі, укрыўшыся дзедавым кажухом.

Ціха і спакойна мінулася ноч. Даўно ўжо пагаслі зоры, апала зарава і пачаў ружавець усход. Вось і першы сонечны прамень бліснуў, пазалаціў калодзежны журавель, перакінуўся на старую ліпу. Замычэлі каровы, забляялі авечкі. То выганялі сяляне жывёлу на пашу. І толькі паспелі выгнаць яе за сяло, як страшэнны крык пракаціўся па вуліцы. Ён узнік за сялом, адтуль беглі перапалоханыя пастушкі. Падхоплены дзесяткамі галасоў, крык шырыўся, рос, паланіў усе двары, усю вуліцу.

— Немцы! Ратуйцеся! — крычалі з усіх бакоў.

Як скрозь сон пачуў гэты крык Міколка, дзеда разбудзіў. Паднялі на ногі Сёмку-матроса, усіх партызан. Тыя кінуліся да коней.

Сёмка хутка ўзабраўся на высокую бярозу, за ім ускарабкаўся Міколка. Глянулі навокал. Па дарозе ад лесу ехаў конны нямецкі атрад. Было ў ім чалавек з сотню. Ужо хацеў скамандаваць Сёмка, каб выбіраліся партызаны ў другі бок сяла. Але заўважыў тут, што і з другога боку падаецца да сяла яшчэ большы конны атрад. Хвіліна-другая — і ад нямецкіх атрадаў аддзяліліся групы коннікаў і памчалі галопам, акружаючы з усіх бакоў сяло.