Так Клямту прышлося адступаць датуль, пакуль не засвіцілася ўскраіна. Ён падумаў, што можа ўдасца схавацца ў жыце, але ледзь толькі ўсе ўчатырох выбраліся бліжэй да поля, то ўбачылі непадалёк групу савецкіх салдат, якія назіралі за полем і ўскраінай лесу. Адзін салдат вёў у жыце немца з паднятымі рукамі.
Адступаць не было куды. Клямт і адзін эсэсавец шмыгнулі ў бліжэйшыя кусты, але іх заўважылі.
— Эй, фашыст... здавайся! — крыкнуў адзін з партызан.
Клямт, не раздумваючы, пусціў у адказ чаргу з аўтамата. Эсэсавец таксама стрэліў. Ён вылаяўся і сказаў, што рускія могуць зараз пачаць акружаць іх, а таму трэба скрытна хутчэй адысці адсюль.
Даўшы яшчэ чаргу, лейтэнант, угнуўшы галаву ў плечы, кінуўся следам за эсэсаўцам. Аднак, прабегшы некалькі крокаў, ён зноў заўважыў рускіх, цяпер ужо збоку. Ён убачыў маладзенькага хлопчыка з вінтоўкай і чалавека ў пілотцы, на якой ярка гарэла чырвоная палоска, каторага ён прыкмеціў тады з прагаліны. Відаць, яны хацелі абыйсці лейтэнанта.
Клямт стрэліў, і партызан з пілоткай адразу, спатыкнуўся і выпусціў аўтамат з рук. У той жа міг другі, зусім маладзенькі хлопчык, яшчэ амаль дзіця, размахнуўшыся, штосьці кінуў. «Граната!» — мільганула ў Клямта, і ён праворна адскочыў за дрэва.
Раздаўся выбух. Некалькі асколкаў парвала кару, агаліўшы мясцінамі дрэва, па траве папоўз сіні дым.
— Ах ты, фашыст паганы! — крыкнуў пагрозна хлопчык, увесь аж затросшыся ад нянавісці. Гэта быў Шабунёк Андрэй.
Клямт, хаваючыся за дрэвы, час-ад-часу адстрэльваючыся, пачаў адбягаць ад партызан. Ён раптам кінуўся ў поле, стараючыся дапасці да кустоў, але заўважыў, што справа наперарэз яму бягуць два байцы.
Клямт на міг спыніўся, дзіка азіраючыся, як звер. І тут яго здагнала куля. Лейтэнант, ранены ў ногі, упаў. Павярнуўшыся назад, перамагаючы боль, ён хацеў яшчэ стрэліць у Андрэйку, але яго папярэдзіў адзін з салдат. Клямт ірвануўся ўсім сваім кароткім, быццам абсечаным, целам і застыў, ухапіўшыся за камялёчак чырваналістага дубка-парастка, нібы намагаўся яго вырваць.
Андрэй, насцярожана выставіўшы вінтоўку, падышоў да Клямта, потым, убачыўшы, што той не варушыцца, спрытна выдраў з правай рукі аўтамат. Схіліўшыся ўсё яшчэ з перасцярогай над лейтэнантам, ён убачыў, што той мёртвы. Да Андрэя падышлі два вайсковыя, адзін з якіх быў сержант Туравец.
— Да чаго паганае стварэнне: бачыць, што капут, а яшчэ шкодзіць! — прамовіў узрушана Юрый. Вусны Шабунька-малодшага скрывіліся ад нянавісці:
— Уу-у, фашыст!
У тым баку, дзе быў узвод Праворнага, пачулася новая перастрэлка — гэта, як потым выявілася, стралялі два эсэсаўцы, — і Юрый, скінуўшы з шыі рэмень аўтамата, адразу пабег да сваіх таварышаў.
Андрэй, закінуўшы вінтоўку за спіну, з аўтаматам у руках падаўся ў лес, дзе застаўся ранены.
— Моцна ён, таварыш камандзір, зачапіў?— спытаў ён у Ляхоры, які ляжаў на траве. Шабуньку кінулася ў вочы разрэзаная амаль даверху штаніна, кроў, што праступала праз бінт, якім абкручвала «сястрычка» Валя раненую, белую, як нежывую, нагу.
— Не, здаецца... У мякаць папаў, — працадзіў ранены, стрымліваючы боль. — Адно пагана, што, відаць, прышыецца ў шпіталь лажыцца. Не адсвяткую, Андрушка, з вамі перамогу.
— Ну, нічога, таварыш камандзір, вы хутка паправіцеся, вы жывучы!
Шабунёк, якому хацелася сказаць раненаму штосьці вельмі харошае і ўсцешлівае, папрасіў, проста молячы вачыма, каб ён са шпіталя прыехаў у Паплавы: маці так будзе рада, і ён, Андрэйка, таксама.
— Не, Андрушка, не абяцаю пакуль... Хачу пайсці ў Чэхаславацкі корпус. Ваяваць за новую Чэхаславакію... Вось калі вызвалю Прагу, тады прыеду, чакай...
— Прыязджайце, абавязкова! Мамка так будзе рада... — ён раптам схамянуўся, супакоіў: — Мы яму — будзьце пэўны — адпомсцілі за вас! Цяпер ён адправіўся к Адаму. Абясшкодзілі канчаткова!..
Потым, нібы падводзячы вынік, дадаў стала:
— Адным словам, яшчэ адзін паганец даваяваўся!
4...
І вось сціхлі стрэлы. Фронт быў далёка на захадзе, і тут магло здацца, быццам скончылася вайна.
Немцы натоўпамі здаваліся ў палон. Здаваліся абознікам, збіраліся каля рэгуліроўшчыц, складваючы горы зброі. І салдат і афіцэраў бралі ў палон дзесяткамі работнікі рэдакцый, вясковыя жанчыны.
Па сцежках і дарогах цягнуліся доўгія натоўпы палонных. Гэта быў разнастайны зброд. Прадстаўнікі ўсялякіх часцей, часам даўно ўжо разбітых, усялякіх узростаў, рангаў, поглядаў. Змарнелыя, зарослыя шчацінаю, абшарпаныя, у выпэцканым торфам і глінаю адзенні...