Выбрать главу

Хоць усё абышлося добра, Юрый быў па-ранейшаму нацяты, гатовы да ўсякай небяспекі, — аднак цяпер яму цяжка было б спыніцца. Быццам нейкая нястрымная хваля штурхала яго, вяла наперад... Як акінуць вокам — справа і злева — рушылі наперад тысячы такіх жа, як ён. Ішлі, стралялі, хутка лажыліся, беглі. Над Юрыем групамі праносіліся імклівыя, як маланкі, штурмавікі, знішчальнікі, плылі бамбардзіроўшчыкі...

Уся гэтая агромністая, магутная, накіраваная ў адзін бок плынь нібы несла і яго.

Юрыя падначальваў, падганяў гэты агульны ўздым, і сержант, трымаючыся на яго хвалях, стараючыся не адставаць ад другіх, ад Праворнага, ішоў і ішоў. Ён цяпер бачыў сябе дзіўна дробненькім, кволым, нейкім незнаёмым. Усё, што адбывалася навокал, было таксама незвычайным, такім незвычайным, вялізным і бязлітасным, што здавалася незразумелым, нават нерэальным. Ён адчуваў сябе так, нібы трапіў у зусім іншы свет. Усе звыклыя ўявы ў гэтым свеце некуды зніклі, замяніліся іншымі, чужымі, незнаёмымі. Ён упершыню спазнаваў гэты дзіўны свет, слухаў, хваравіта востра сачыў, усё міжвольна падсвядома адзначаў, але амаль нічога не думаў, многага не разумеў.

Па меры таго, як батальён паглыбляўся ў размяшчэнне ворага, наступаць станавілася цяжэй. Хоць пехацінцы ішлі амаль адразу за артылерыйскімі выбухамі, якія, здавалася, змяталі са шляху ўсё жывое і нежывое, вораг яшчэ спрабаваў утрымацца. Калі выбухі аддаляліся, гітлераўцы, якім пад бетоннымі столямі і тоўстымі накатамі пашанцавала выратавацца, выпаўзалі наверх і секлі па нашых байцах з кулямётаў і аўтаматаў...

На адзін такі заслон наскочыў і ўзвод Праворнага. Кулямётная страляніна ўзнікла раптам так блізка, што Юрый не ўправіўся зразумець, што гэта. Але ён адразу кінуўся на зямлю, паспеўшы заўважыць, як непадалёк, недарэчна падагнуўшыся, паваліўся нехта з байцоў.

Юрый ляжаў нерухома, стараючыся аддыхацца. «Што са мной? Ці не ранены?» — падумалася трывожна. Нямецкі кулямёт лескатаў быццам перад самай галавой, і гукі стрэлаў, здавалася, стукалі па макаўцы. Справа, поблізу, чарга кулямёта зрэзала некалькі высокіх балотных сцяблін... Вось-вось,— яшчэ чарга, і куля, напэўна, увап'ецца ў галаву, у плечы. Ён раптам прыгадаў бацьку: «Няўжо не ўбачымся?..» Сэрца яго моцна калацілася.

Ён ляжаў на адкрытым месцы. Калі б тут быў хоць кусточак, хоць варонка, якімі перарыта амаль усё балота,— каб можна было схавацца ад куль! Адны толькі бародаўкі-купіны ды балотная трава. А навокал пачалі рвацца нямецкія міны.

Прыслухоўваючыся мімаволі да іх посвісту, Юрый стараўся асэнсаваць сваё становішча. Што з яго байцамі? Жывыя яны? Дзе яны цяпер?.. Ён азірнуўся па баках і ўбачыў аднаго крыху правей ад сябе, ззаду, — гэта быў Шарыфутдзінаў. Ён вострымі чорнымі вачыма штосьці высочваў з-за купіны. Злева ад Юрыя ляжаў тварам уніз забіты бялявы баец; на яго спіне тапырыўся новенькі рэчавы мяшок...

Юрый вачыма адшукаў поблізу ямку і асцярожна перасунуўся ў яе. Ямка была мелкая, але ўсё ж у ёй Юрый адчуў сябе больш надзейна. Хоць крыху, ды можна ўкрыцца. Цяпер ён пачаў турбавацца пра далейшае: колькі ж яшчэ ім прыдзецца тут ляжаць? Няўжо нельга прымусіць гэты пракляты кулямёт змоўкнуць? Чаго маўчыць Рыбалка з кулямётам? Чаго не страляе? Нельга марудзіць!.. Трэба прымусіць сціхнуць іх! Узвод Праворнага можа адстаць ад іншых, затрымаць усю роту... увесь батальён... Іншыя ўзводы, мусіць, ужо наперадзе... Ну, чаго ж ён, Рыбалка, не пачынае?..

І тут Юрый узрадавана пачуў — кулямёт загаварыў! Ён біў кароткімі, скупымі чэргамі, з перапынкамі... Малайчына, Рыбалка, дай ім аганьку!

Неўзабаве кулямёт змоўк. Мінула некалькі хвілін, а ён маўчаў. Што з Рыбалкам: патронаў няма ці, можа, загінуў?.. Не, патроны ён яшчэ не расстраляў. Няўжо ён загінуў?! Забіты?.. А што з другім нумарам?..

Як там ні было, кулямёт маўчаў... Ён не можа, не павінен бяздзейнічаць. Думкі Юрыя раптам пайшлі ў іншым кірунку: калі хутка праскочыць адлегласць да Рыбалкі, то варожыя кулямётчыкі, напэўна, не ўправяцца ўзяць на прыцэл. Трэба толькі выбраць момант, калі будуць біць кулямёты ў суседніх аддзяленнях...

Ён больш не думаў пра небяспеку. Трэба. Трэба зрабіць. Перад гэтым — трэба зрабіць! — усе іншыя меркаванні адступалі, здаваліся малазначнымі. Адчуваючы ў сябе прыліў сілы і рашучасці, ён ускочыў.

Юрый упаў каля Рыбалкі на якую-небудзь долю секунды раней, чым прайшлася над ім чарга. Не ўправіліся!

Ён не памыліўся: Рыбалка быў мёртвы, ляжаў, уткнуўшы галаву ў балота, нібы хаваў яе.

Куля вышла цераз патыліцу,— над кволай шыяю, над шышачкамі пазванкоў заплывала крывёю глыбокая варонка раны. Убачыўшы аголеную парваную тканку, мокрую ад крыві, кроў, у якой бялелі асколкі касці, Юрый хутчэй адвярнуўся. Ён адчуў, што яму робіцца млосна...