Па насыпу блізка пратупаў абходчык, потым вяр-
нуўся. Ужо стала добра ўграваць сонца, калі падрыўнік пачуў далёкі шум самалётаў, які паступова грозна мацнеў. Шашура стаў сачыць за небам, якое поўніў магутны гул, і, нарэшце, убачыў агромністую стаю самалётаў з чырвонымі зоркамі, што ішлі з захаду. Самалёты нібы кіраваліся ў бок станцыі, на якой узнялася бязладная страляніна.
Самы час! Немцы цяпер будуць больш глядзець у неба, чым на пуці.
Ён разам з двума хлопцамі выбраўся на дарогу... Усе пачалі хутка раскапваць шчэбень. Прысыпалі дзве міны, разраўнялі. Шашура азірнуўся ў бок станцыі — здавалася, што заўважылі. Не, усё добра.
Хлопцы пакаціліся ўніз з насыпу. Шашура прыклаў вуха да рэйкі — ці не ідзе поезд. Не, не ідзе... Праверыў вачыма, ці добра замаскіраваны міны, азірнуўся па баках і тады спрытна ссунуўся ўніз.
— Будзем яшчэ сядзець?
— А як жа, а раптам абходчык знойдзе міны?.. Хіба ж можна, каліна-маліна, так фармальна рабіць: падлажыў і ўсё...
Прайшло некалькі немцаў. Адзін з іх штосьці апавядаў іншым... Нічога не заўважылі... Шашура супакоена апусціў аўтамат.
Нарэшце пачуўся працяжны свіст паравоза, і хутка падрыўнік, углядаючыся ў гэты бок, убачыў белы дымок, які раз-по-раз пругка пыхкаў угару і паволі набліжаўся...
Тады Шашура вылез з-пад абломкаў вагона і скочыў у ваду, у чарот. Трэба як мага хутчэй адбегчы ад насыпу... Хлюпаючы ў вадзе, прадзіраючыся праз чарот, ён увесь час чуў ззаду нарастаючы перастук калёс і натужнае пыхканне, было падобна, што гэта сапе нейкі звер. Паравоз, не прыпыняючыся на станцыі, хутка падыходзіў бліжэй...
Шашура азірнуўся: састаў быў мяшаны — тры-чатыры платформы з гарматамі, таварныя вагоны і два пасажырскія, у якіх у вокнах былі вайскоўцы. Паравоз быў так блізка ад таго месца, дзе ляжалі міны, што падрыўнік мімаволі спыніўся, чакаючы напружана, што будзе далей.
Праз які міг ён убачыў, як успыхнула полымя, і тады ж першы таварны вагон палез угару...
Шашура прыгнуўся і колькі сілы пабег да сваіх. Ззаду зусім блізка, не сціхаючы, суха лопаліся, выбухалі снарады. Калі ён ужо быў блізка да берага, згары нешта пляснулася ў ваду. «Яшчэ прыб'е так!»— мільганула ў галаве. Ён наддаў ходу.
— Ну што, каліна-маліна,— весела гаварыў падрыўнік, калі яны адышлі ад гэтай мясціны,— бачыў хто, каб Шашура калі вяртаўся ні з чым?
4...
Шашура і сёння не мог прайсці міма Паплавоў. Не мог ён упусціць зручнага выпадку завітаць у іх. Нейкая невядомая сіла цягнула падрыўніка зазірнуць на селішча, дзе жыла Аксіння.
Праўда, бачыў ён тое селішча не надта даўно. За апошнія дні Шашура ўжо некалькі разоў, нібы выпадкова, заходзіў туды. Неяк так атрымлівалася, што яго сцежка амаль пасля кожнай аперацыі абавязкова ці з аднаго, ці з другога боку вілася блізка ад Паплавоў...
Шашура з таварышамі нырнуў улева, у чорны зараснік алешын. Неўзабаве яны вышлі на шэры вільготны луг, па якім бегла ледзь прымятая сцежачка. Шашура пачаў размахваць кіёчкам і паціху весела пасвістваць. Хоць далёкая і бяссонная дарога стаміла падрыўніка, яму было цяпер лёгка.
Яны прышлі ў вёску, калі сонца толькі пачало ўздымацца. На вуліцы, як звычайна ў ранні час, было пуста.
— Прызямляйся!— скамандаваў Шашура, спыніўшы хлопцаў на ўскрайку вёскі. — Гадзінку даю перадрамаць...
Ідучы на знаёмы двор, ён падумаў, што Аксіння яшчэ, напэўна, спіць, — прыдзецца, відаць, чакаць у садку. Але ўвішная жанчына ўжо гаспадарыла. Прысеўшы на чурбачок, яна чысціла бульбу ножыкам, абгорнутым на месцы тронка анучкай. Каля яе ног стаяў салдацкі кацялок, у якім у вадзе ўжо бялела некалькі бульбін.
Аксіння не заўважыла Шашуру. Той наводдалек абышоў яе на цыпках, стараючыся зайсці ёй з-за спіны і з'явіцца знянацку. Але, калі ён стаў набліжацца, жанчына пачула крокі і азірнулася.
На кончыках яе строгіх вуснаў затрапятала ўсмешка. Спакойны, яшчэ санлівы твар яе неяк памаладзеў і заявіўся. Аксіння была рада яму, і Шашура гэта адразу заўважыў.
— Які вецер у такі ранні час прынёс?
— Чаму ж ранні, скажыце, калі ласка? У нас, падрыўнікоў, гэта пара лічыцца позняй.
— Ну то ў вас, у падрыўнікоў!.. А я ж не падрыўнік, здаецца...
— Знаёмая падрыўніка!..
Ён сеў поруч і выняў з кішэні складаны ножык са штопарам, адвёрткай, шылам і яшчэ нейкімі прыстасаваннямі. Расчыніўшы ножык, падрыўнік узяў з мяшочка дробную бульбінку, пакруціў у руках.
— Дзе ты дастала гэты шрот?
— Дзе дастала, там цяпер няма... Невядома, якая яшчэ ў цябе вырасце.