Выбрать главу

Фельдмаршал штосьці непрыязна гаварыў па тэлефоне. Пачуўшы, што ў пакой увайшлі, ён азірнуўся з раздражнёнасцю і, не мяняючы гэтага выразу, адказаў на прывітанне. Услед за гэтым ён зноў павярнуўся к тэлефону, адтапырыўшы ніжнюю, у дробных маршчынках, губу, стаў слухаць.

— Праріваліся? Абышлі?! Камунікацыі?..— ён пачырванеў, стаў нервова жаваць губамі. Кінуў непрыхільны позірк на карту, разасланую на стале, пашукаў на ёй быстрымі неспакойнымі вачыма, мелькам прабег далёкім чужакаватым позіркам па твары Баумволя.

— Чорт пабяры!— Ён напружана задумаўся,— Адыходзьце ў раён Шапелічы. Правы бераг ракі Друць... Участак — паўночны бераг ад Шапелічы...

Ён кінуў трубку на вілку тэлефона. Не звяртаючы ўвагі на генерала, выклікаў ад'ютанта, коратка запытаўся:

— Звязаліся?

— Сувязь яшчэ не адноўлена, мой генерал-фельдмаршал...

— Доўга мне яе чакаць?

Ад'ютант павёў плячыма, як бы гаворачы, што цяпер гэта невядома нават яму.

— Я чакаю,— сказаў фельдмаршал патрабавальна, нават пагрозна.

Калі ад'ютант вышаў, ён павярнуўся да Баумволя. Вочы генерал-фельдмаршала пыталіся, што ад яго трэба, пыталіся і абыякава і натомлена, і ўпаўнаважаны не знайшоў, што сказаць. Яны маўчалі нейкі час. Гэтае маўчанне ішло не ад таго, што ім не было чаго казаць, а ад таго, што генерал-лейтэнант Баумволь і без слоў разумеў і стан і настрой фельдмаршала, і ўвогуле становішча войск. Цішыня і спакой, якія заўважыў ён, прыехаўшы ў вёску, былі абманлівымі. Не, не ціха і не спакойна было ў камандуючага.

— Сувязь парушана? — запытаўся з прыкметным спачуваннем генерал-лейтэнант.

— Так.

Фельдмаршал амаль безуважна пашукаў вачыма штосьці на разасланай карце.

— Яны разразаюць нашы войскі, дробняць адзінае цела нашай групы на часткі. Яны разлічваюць, што такім спосабам, па частках, лягчэй будзе справіцца з намі... Наступленне ідзе адначасова з шасці напрамкаў. І на ўсіх напрамках — у іх вялікая перавага...

Фельдмаршал зірнуў на генерала, сочачы, як генерал адносіцца да яго слоў. Вочы ўпаўнаважанага былі закрыты халоднымі шкельцамі акуляраў.

— Салдаты не праяўляюць дастатковай упартасці ў абароне,прамовіў Баумволь,— Ёсць адзнакі паяўлення нявер'я ў сябе...

— Генерал, толькі нямецкі салдат мог вытрымаць такі націск і не пасці духам,— нязгодна, сухавата адказаў фельдмаршал.— Нашы часці збераглі парадак, дысцыпліну. Гэта ў такіх акалічнасцях, дзе многія другія арміі немінуча загінулі б... Нельга не ўлічваць складанасць абстаноўкі. — Ён неспадзеўкі стомлена паведаміў: — Рускія прарваліся к Бабруйску.

— Калі?

— Сёння. Атакавалі. Але — адбіты.

Фельдмаршал апошнім словам, відаць, хацеў зрабіць сваё паведамленне не такім сумным, хацеў надаць яму выгляд абнадзейлівасці. Упаўнаважанага гэта не супакоіла.

— Бабруйск нельга здаваць ні ў якім разе! Мы не можам адступіць з Бабруйска!..

Генерал-лейтэнант узрушана падняўся. Ён глядзеў на фельдмаршала такімі вачыма, нібы ўся бяда была ад камандуючага,— гэтыя вочы патрабавалі і чакалі.

Фельдмаршал згадзіўся:

— Бабруйск — ключ да ўсёй нашай бярэзінскай абароны... Страціўшы Бабруйск, мы паставім пад удар увесь бярэзінскі рубеж... Я лічу, генерал, што наша абарона па Бярэзіне дае нам вялікія шансы стрымаць ярасны націск рускіх, абяскровіць іх...

— Трэба, каб нашы салдаты ўмацаваліся на Бярэзіне да падыходу рускіх. Рускія ўжо нярэдка ідуць наперадзе нас...

Фельдмаршал адчуў у гэтых словах папрок.

— Я паклапачуся пра гэта сам.

Ён запытаўся, ці доўга намеран генерал-лейтэнант яшчэ прабыць на фронце, і генерал-лейтэнант пачуў у яго словах і сум і скрытую непрыязнасць, як яму здалося, за тое, што ён, Баумволь, можа паехаць у ціхую, ратоўную далеч.

— Я павінен азнаёміцца з падрыхтаванасцю нашай абароны на Бярэзіне, у Мінску. Акрамя таго, я маю даць некаторыя інструкцыі Готбергу... Аднак, генерал-фельдмаршал, — усміхнуўся ўпаўнаважаны, — я зусім не развітваюся з вамі. Я яшчэ магу вярнуцца да вас, калі гэта будзе патрэбна справе і фюрэру... Усе нашы планы залежаць ад фюрэра...

Развітваючыся, гаворачы гэта, генерал-лейтэнант не ўяўляў сабе, пры якіх акалічнасцях ён можа вярнуцца ў армію. Але ён вярнуўся, вярнуўся, каб убачыць, перажыць вялікую ў сваім жыцці трагедыю.

Апоўдні наступнага дня ён быў у Мінску.