3...
У Мінску генерал-лейтэнанту Баумволю і Вольфу давялося спаткацца.
Вольф атрымаў часовае прызначэнне да палкоўніка Шульцэ, які рыхтаваў абарончыя збудаванні каля горада і ў горадзе.
— Вас да мяне накіравалі? — паморшчыўся Шульцэ. Гэта быў яшчэ малады чалавек, гадоў трыццаці дзевяці, з сухім, посным тварам. Шульцэ быў нечым вельмі незадаволены.
— Яволь, гер палкоўнік.
— Для якой патрэбы?
— Памагаць, гер палкоўнік...
— Вам тут рабіць няма чаго, — ён убачыў здзіўлены позірк Вольфа.— Я ўжо ўсё зрабіў... Войскі могуць хоць сёння займаць умацаванні і ваяваць.
Ён зірнуў на Вольфа, які стаяў, як свечка, і, мусіць, для таго, каб пераканаць гэтага недаверка-маёра, дастаўшы папку, разгарнуў карту са схемай умацаванняў:
— Вось, палюбуйцеся — знешні абарончы пояс... Гэта — сістэма апорных пунктаў у горадзе... Яны ўсе гатовы!
Не ўправіўся Вольф разабраць што-небудзь, як Шульцэ карту згарнуў і стаў, не зважаючы на маёра, збірацца. Пазваніў шафёру, загадаў падаць машыну.
— Мяне чакае генерал Баумволь. Трэба пабыць на некаторых участках...— гэтым ён, відаць, даваў знак, што размова скончана.
Шульцэ ўжо накіраваўся быў да дзвярэй, але, ступіўшы крок ці два, задуменна спыніўся і неахвотна прамовіў:
— Можаце паехаць і вы...
Ён адносіўся да Вольфа яўна высакамерна, як бы падкрэсліваючы, што яны не раўня. І Вольф адразу знелюбіў яго. «Індык самаўпэўнены...— смаркач!»— аблаяў ён у думках палкоўніка: Шульцэ быў не менш як гадоў на пяць маладзей за яго.
У такім настроі Вольф і сядзеў на заднім скураным сядзенні «мерседэса-бенца» каля будынка, дзе быў генерал. Чакаць давялося нядоўга. Неўзабаве машыны ўжо імчалі па вуліцах, усцяж якіх беглі доўгія горы руін.
Генерал і яго ад'ютант і ахова ехалі ззаду.
Машыны мінулі мост над Свіслаччу, Камароўку і неўзабаве выбеглі за горад. Шульцэ высіўся поруч з шафёрам, вельмі прамы, і ад таго, мусіць, што ён быў поўны ўласнай вялікасці, у яго і верх фуражкі неяк асабліва лез ўгару. За ўвесь час ён не сказаў ні слова Вольфу.
Шульца павёў генерала палявой дарожкай. Яны спыніліся на невялікім узгорку каля дота, замаскіраванага ельнічкам.
— Гэта — някепска,— стрымана сказаў генерал, агледзеўшы дот і пазіраючы ў амбразуру, за якой віднелася жытняе поле, кусты наводдаль.
— Тут можна трымацца. Можна трымацца...— задуменна сказаў ён, гледзячы на тое ж поле ўжо з узгорка.
— Аб гэты бастыён можна зламаць нават моцныя зубы,— запэўніў Шульцэ.
Баумволь, незадаволена прыплюшчыўшы вочы, пазіраў на ўсход так, быццам стараўся ўбачыць рады чужых войск.
Выцершы хусцінкай потны лоб, Шульцэ рэзка павярнуўся і кінуў руку ўлева:
— Там — паглядзіце, генерал, — яшчэ адзін... Вунь лінія траншэй... Тут няма ніводнага метра «мёртвай» прасторы. Кожны пункт пад скрыжаваным агнём з двух-трох кірункаў... Хадзем, вы яшчэ тое-сёе пабачыце...
Ён паказаў некалькі пляцовак, падрыхтаваных для артылерыі. На адной з іх яшчэ віднеліся салдаты, якія маскіравалі нядаўна выкапаную зямлю травой і дзёрнам.
— Позніцеся... Трэба спяшацца...
— Мы канчаем, генерал. За намі затрымкі не будзе.
Баумволь прыдзірліва праверыў, якога дыяметра кожная пляцоўка, адлегласць паміж іх, глыбіню раўкоў для разлікаў і многае іншае, — ён не выпускаў з-пад увагі, здавалася, ніякай дробязі...
— Калі рускія нават і прарвуцца сюды, ім прыдзецца тут засесці,— пахваліў палкоўніка Вольф, калі яны вярталіся к машыне. Ні Баумволь, ні Шульцэ не адказалі. Але маёр на няветлівасць Шульцэ не пакрыўдзіўся: ён пачынаў паважаць гэтага фанатыка-інжынера.
У Мінску яны аблазілі некалькі дотаў на Траецкай гары, потым абгледзелі ўмацаванні ў самым цэнтры, між гор бітага камення.
— Руіны вельмі зручны для абароны...— гаварыў Шульцэ, паглядаючы ў амбразуру, праз якую ў змрок дота цадзілася святло.— Вялікае злачынства, што пытанне аб тым, як іх скарыстаць для абароны, не вывучана... Я зрабіў, генерал, у гэтай справе цэлы рад вельмі важных знаходак. Яны маюць значэнне для ўсёй арміі, і я аб гэтым пішу вучоную працу...
Калі ўсе выбраліся з руін на вуліцу і генерал паехаў, Шульцэ мірна сказаў маёру:
— Паабедайце і прыходзьце на працу, — калі вас да мяне назначылі. Я гуляць вам не дам.
...З гэтага дня Вольф то прападаў цэлыя дні там, дзе капалі ўсё новыя траншэі ці цэментавалі доты, то ўдакладняў схемы абароны.
4...
Каля будынка гарадскога тэатра, які панура цямнеў на рагу ціхага цэнтральнага сквера, штурмбанфюрэр Рзйзе нечакана спаткаў Вольфа. Штурмбанфюрэр прывітаўся з ім, як знаёмы, і хітравата запытаўся, дзе ён прападае, чаму яго не відаць у «Афіцыргайме».