Выбрать главу

Осипенко Александр

Мiрная вайна (на белорусском языке)

Алесь Асiпенка

Мiрная вайна

На ўзгорку, пад стромкiмi выносiстымi соснамi - могiлкi, звычайныя вясковыя могiлкi з драўлянымi чорнымi агарожамi, чорнымi драўлянымi крыжамi i парослымi муравой курганамi, таксама чорнымi ад густых ценяў. Толькi тут, на самым высокiм месцы, з якога вiдаць вёска са светлай школкай пад лiпамi, не пануе самотная чарната. Невысокi белы абелiск з зоркай наверсе ўвесь зiхацiць на сонцы. Пад iм пахавана Вера Мiкалаеўна Смолiч, наша настаўнiца. "Колькi ёй было б цяпер гадоў? - думаю я. - Мабыць, пад семдзесят. Магла б яшчэ жыць... Хай бы паглядзела, што сталася з нашай вёскай, з намi. Вось бы ўзрадавалася..."

Успамiны захоплiваюць мяне, i я ўжо не магу стрымацца, каб не прыгадаць тое, пра што ведае ўся вёска.

I

Вёсачка наша Гнiлавостраў, адрэзаная ад усяго свету балотамi i лясамi, рэдка калi здзiўлялася чуткам, што сяды-тады даходзiлi да яе. Нават пра рэвалюцыю гнiлавостраўцы пачулi праз год i не вельмi каб здзiвiлiся таму, што ў Расеi няма ўжо цара. Старыя пачухалi галовы i парашылi, што цар хiтруе, схаваўся ў Сергiеўскай лаўры, каб людзi папрасiлi яго, як Iвана Жахлiвага, вярнуцца на трон, а ён тады возьме ды i ўвядзе апрычнiну.

Яшчэ адна падзея на кароткi час узрушыла была гнiлавостраўцаў. Неяк гады праз тры пасля рэвалюцыi ў вёсцы паявiўся фокуснiк-фальшываманетчык. Ён глытаў кiнжалы i агонь, выцягваў з рота доўгiя каляровыя стужкi i вельмi спрытна даставаў з чужых кiшэняў грошы, якiх там нiколi не было. Знiк ён нечакана, падарыўшы малодшаму сынку васпаватага Верамея Ерку-Чыжыку маленькую шпiлечку, з якой можна было зматаць сотню аршын стужкi.

Днi беглi за днямi, складалiся ў тыднi, месяцы, гады, а ў Гнiлавостраве нiшто не мянялася. I хоць адны гнiлавостраўцы памiралi, другiя - нараджалiся, раслi, жанiлiся, уклад заставаўся стары, дзядоўскi. А потым надышла пара, калi ўсё перайначылася на гэтым кавалачку сухадолу, што быў адрэзаны ад свету балотамi.

Пачалося з таго, што аднаго дня хлапчукi разнеслi па вёсцы незвычайную навiну, якая ўзрушыла нават абыякавых да ўсяго на свеце дзядоў. Здзiўляла не тое, што ў Гнiлавостраве спынiлася на сталае жыццё чужая жанчына. I раней бывалi выпадкi, калi тут хавалiся незнаёмыя людзi. Але ўсе яны былi падобны на самiх гнiлавостраўцаў i таму не выклiкалi асаблiвай цiкавасцi. Жанчына ж, што паявiлася ў вёсцы, была iнакшая, як бы з другога свету. Па-першае, i гэта асаблiва кiдалася ў вочы, яна была коратка падстрыжаная i хадзiла без хусткi, з голай галавой. Па-другое, ранiцай яна вядзьмарыла на Яўпраксiным гародчыку: махала рукамi, кланялася бярозе, не згiнаючы ног у каленях, а пасля аблiвалася халоднай вадой са студнi. Мужчыны клялiся, што стрыжаная жанчына вядзьмарыць у чым мацi парадзiла. Але мы аднойчы, перамагаючы жудасны страх, падгледзелi, што чужая цётка сяк-так прыкрытая. Па-трэцяе, i гэта было самае страшнае, яна была прыгожая, зграбная, насiла не саматканую вопратку, а крамную: белую кофтачку i кароткую сiнюю спаднiцу, i гэта вельмi абурала гнiлавостраўскiх жанчын.

Дзён тры гнiлавостраўцы толькi i гаварылi, што пра гэтую незвычайную жанчыну. I хоть усе ведалi, што жанчына прыехала вучыць дзяцей, што ў яе недзе ў горадзе ёсць муж i дачка, неспакой i трывога апанавалi людзей. Асаблiва ўстрывожылiся людзi пасля таго, як Еркаў дзед, белабароды i лысы Купрыян, вычытаў у бiблii, што настаў канец свету i на Гнiлавостраў паслана богам блуднiца вавiлонская, каб помсцiць людзям за iх грахi.

Падвечар, калi чырвонае, яркае сонца хавалася за вяршалiны соснаў на Ведзьмiнай выспе i мiльярды камароў таўклi над балотам мак, гнiлавостраўскiя жанчыны рушылi да Яўпраксiнай хаты выганяць блуднiцу вавiлонскую з вёскi. Мы, вясковыя хлапчукi ў даўгаполых кужэльных кашулях, хаваючыся за плятнямi, цiкавалi за сваiмi маткамi.

Жанчыны, усе ў чорным, у нiзка павязаных хустках, з-пад якiх злосна зыркалi вочы, iшлi па вулiцы моўчкi; так ходзяць за труной. Наперадзе iх сунулiся па пяску такiя ж чорныя злавесныя ценi. На Яўпраксiным гуменцы яны спынiлiся. Было вельмi цiха, нават глуха. Потым пранiзлiва зарыпелi дзверы, i на парозе Яўпраксiнай хаты паявiлася жанчына, Вера Мiкалаеўна. Яна была ў той жа белай кофтачцы i ў кароткай, па каленi, сiняй спаднiцы.

Вера Мiкалаеўна пайшла насустрач жанчынам, неяк вельмi лёгка прымiнаючы доўгiмi нагамi густую атаву гуменца. Крок у яе быў рашучы, а вочы жмурылiся, бо сонца сляпiла iх яркiм святлом.

- Вельмi добра, што вы прыйшлi, - сказала Вера Мiкалаеўна.

Голас у яе быў мяккi, напеўны, але не скрыпучы, як ва ўсiх вядзьмарак. Яна iшла проста на жанчын, i тыя пачалi адступаць, збiвацца ў цесны, напужаны гурт. Тады Вера Мiкалаеўна загадала iм:

- Прашу сесцi. Мне трэба з вамi пагаварыць. Ну-ну, сядайце, расы яшчэ няма.

Падуладныя яе голасу, мяккаму, але настойлiваму, жанчыны неахвотна селi. А яна стаяла перад iмi, i сонца асвятляла яе прыгожую постаць. Потым яна падняла руку, паправiла валасы i пачала гаварыць ў меру гучна, але не крыклiва:

- Мяне паслаў да вас пралетарыят Расеi, што скiнуў цара, выгнаў буржуяў i паноў, а iх фабрыкi i землi аддаў рабочым i сялянам. Буржуi ўсяго свету хацелi знiшчыць пралетарскую ўладу. Яны чатыры гады лезлi на нас са зброяй у руках, але iм не ўдалося вярнуць цара i старыя парадкi: пралетарыят перамог. I вось цяпер ён паслаў мяне вучыць вашых дзяцей. Пралетарыят хоча, каб усе дзецi ўмелi чытаць, пiсаць i лiчыць.