Выбрать главу

— ...таму ты без лішняй гаворкі з'язджаеш, і спрэчкі на гэтым скончаны, — роўным голасам прамовіў дзядзька. — Петэр, дапівай шампанскае.

Іза ўсхліпнула і, закрыўшы рот рукамі, уцякла.

— Што гэта з ёй? — спытаў я.

— Закахалася, — паціснуў плячамі дзядзька. — 3 дзяўчынкамі яе ўзросту гэта здараецца вельмі часта. Вырашыла, што сустрэла свайго нарачонага, хоча звязаць з ім жыццё.

Я булькнуў шампанскім, насілу стрымаўшы шырачэзную ўсмешку трыумфатара. Ах, як прыемна, я — аб'ект любові! Небарака Іза, як моцна яна мяне кахае! Я піў шампанскае, а ў галаве спеў план. Спаслацца на стомленасць, прыкінуцца, што іду адпачываць, а самому — прабрацца да Ізы. Не цярпелася пачуць гарачыя прызнанні з вуснаў дзяўчыны. Ганарлівая, яна выдатна хавала свае пачуцці. Але няма сэнсу больш утойвацца. Мы ідэальная пара, мы створаныя, каб быць разам, мы сёння ж уначы з'едзем адсюль. Збяжым. Употай прабяромся на станцыю, сядзем у цягнік... Разамлеўшы, я ўяўляў, як знаёмлю Ізу з бацькамі, як яна цалуе мне руку i дзякуе за выратаванне, а потым у цішы і адасобленасці шлюбнага гняздзечка яна... яна... i я...

— Петэр! — дзядзька ўстрывожана паляпаў мяне па шчацэ. — Ты спіш, дружа! Штосьці мы заседзеліся. Жыва ў пасцель!

— А як жа... поўнач... Іза... — залапатаў я, вынырваючы з салодкіх мрой і спалохаўшыся раптам, што дзядзька чытаў мае думкі.

— Ты паверыў? — ён усміхнуўся. — Поўнач, карэта, — гэта спецэфекты для застрашвання свавольнай дзяўчыны. Заўтра раніцай я адвязу яе на вакзал і пасаджу ў цягнік, толькі і ўсяго. Якія карэты ў наш час, што ты! — ён пажадаў мне салодкіх сноў і, прыхапіўшы свечку са стала, выйшаў. А я, узяўшы іншую свечку, пусціўся адшукваць спальню Ізы.

Уначы дом дзядзькі Лунеша паводзіў сябе яшчэ больш загадкава i непрадказальна, чым днём. Там, дзе я меркаваў усходы, знаходзілася камора з мяцёлкамі. Замест вокнаў за гардзінамі хаваліся таямнічыя замкнёныя дзверцы. Цёмныя калідоры прыводзілі мяне ў тупікі, у прамым значэнні гэтага слова. У кожным тупіку стаяла ўтульнае мяккае крэсла — быццам дом прапанаваў мне прысесці і падумаць, ці варта працягваць блуканні і ці не лепш пайсці ў люлю. Уласную спаль­ню я абмінуў не меней за пяць разоў. Гэта ўжо злавала. Два паверхі і з тры дзясяткі памяшканняў! Як жа мог я так бязглузда заблудзіцца?

Да таго ж, скразняк раптам задзьмуў маю свечку, i я апынуўся ў цемры. Прыйшлося тупаць, выцягнуўшы наперад рукі, i шэптам лаяць дзядзьку, які не лічыў патрэбным начное асвятленне. Чараўнікам добра, яны добра бачаць нават уначы, а як хадзіць простым смяротным? Уразаючыся ў куты, натыкаючыся на мэблю i чапляючыся за дзвярныя ручкі, я вельмі хутка здаўся. Прападзі яно пропадам! Перахаплю Ізу раніцой, а цяпер нядрэнна было б дабрацца да ўласнай пасцелі. Я замёр, спрабуючы вызначыць напрамак, і пачуў прыдушаныя рыданні зусім блізка. Іза!

Мудры чалавек той, хто, не здаволены заваламі і клямкамі, вынайшаў ключ, замок і заадно замочную шчыліну. Уладкоўваючыся ямчэй на каленах, я прытуліўся да дзвярэй. Заспець мяне, падкраўшыся ззаду, не было каму: дзеючыя асобы сабраліся ўнутры. Таму я расслабіўся і пачаў прагна падглядваць і падслухоўваць.

Зарумзаная Іза, усё ў той жа чорнай сукенцы з шырокімі рукавамі, стаяла сярод пакоя i хлюпала носам. Дзядзька Лунеш размясціўся ў фатэлі каля акна і моўчкі глядзеў на дзяўчыну, мабыць, чакаючы, калі ж струмені слёз вычарпаюцца. Мне нібы давалі час азнаёміцца з дэкарацыямі, перш чым акцёры пачнуць спектакль.

Што першае прыйшло ў галаву: цікава, хто абстаўляў пакой Ізы? Я ўявіў дзядзьку Лунеша, які натхнёна перабірае ўзоры ружовага паркалю, спрабуе на мяккасць пуфы і скупляе ў краме ўвесь асартымент парцэлянавых кацянят. Дзіўна, як дом трывае ў сабе гэты прыкры, засмечаны статуэткамі і фальблокамі, куток?

Іза пачувала сябе тут камфортна. Аб гэтым сведчылі кінутыя на падлозе панчохі, поўная шакаладу банбаньерка з размаляваным вечкам і тонкі водар ванільных духоў, які моцна засеў ва ўсіх здольных пахнуць паверхнях і тонкай нябачнай стужкай працякаў праз замочную шчыліну. На падаконніку ляжала расчыненая на сярэдзіне кніга і стаяла талерка з надкушаным зефірам. Пасцель хавалася пад ахапкам сукенак. Ці то Іза не магла выбраць, што надзець да вячэры, ці то ўжо складвала рэчы. У гэты момант яна стаяла спінай да дзвярэй, а дзядзька круціў у руках нейкі ліст, напісаны фіялетавым чарнілам. Якая якасная замочная шчыліна, уразіўся я. Увесь пакой відаць у падрабязнасцях, як на далоні. Вось што значыць жыллё чараўніка! Магічная архітэктура прадугледжвае кожную дробязь, нават не ў меру цікаўных госцяў, якія рашылі разнастаіць вольны час падгляданнем за гаспадарамі...