Выбрать главу

А гаспадарам, нарэшце, надакучыла маўчаць.

— Іза, хопіць ужо разводзіць сырасць. Ты дарослы чалавек, вазьмі сябе ў рукі!

Яна ўсхліпнула.

— Як мы дамаўляліся? Я выкрадаю цябе, каб праверыць пачуцці Іосіфа і адмяніць нежаданае вяселле. А ты за гэта спакушаеш майго пляменніка i правяраеш яго гатоўнасць адрачыся ад чалавечай марнасці ў імя вучобы. Абодва пункты дамовы выкананы. Іосіф апынуўся баязліўцам i мамчыным сынком, а Петэр пасля пары пацалункаў зусім забыўся пра ўніверсітэт. Усё, Іза, усё! Супрацоўніцтва скончана. Давай я дапамагу табе спакаваць твае сукенкі.

— Я нікуды не паеду!

— Не, я разумею, жыццё пад крылцам мамы i таты табе абрыдла, — разважаў Лунеш. — Тады прымі запрашэнне Петэра. Хлопчык гарыць жаданнем павезці цябе ў далёкія краі.

— Жаўтаротае птушаня, навошта ён мне? — чмыхнула Іза. — Кулічыкі ў пясочніцы ляпіць? Пяць хвілін у яго кампаніі — непазбежная смерць ад нуды!

— Навошта ты так жорстка? — дзядзька пакруціў галавой. — Ён добры хлопец, бяскрыўдны. Толькі здольнасцяў — як кот наплакаў.

— Ну, не ўсім жа вялікімі чараўнікамі станавіцца. Трэба камусьці і яблыні ў садзе бяліць, — усміхнулася Іза. — У твайго пляменніка нават мары няма! Усе думкі засяроджаныя ў вобласці май­го дэкальтэ.

— Але ж гэта добра! Ён вачэй з цябе не зводзіць. Узаемнасць забяспечана! Ну што за звычка ў вас, юных дзяўчат, кахаць не ўзаемна?

— Сэрцу не загадаеш, — даволі груба адказала Іза. Яна шморгала носам i спрабавала паказаць, што не плакала, а проста штосьці насмарк разгуляўся.

— Зразумей, ты парушаеш дамову. Як мы дамовіліся? Петэр губляе галаву — i ты вольная. Хо­чаш — едзь з ім, хочаш — вяртайся дахаты. А ты што робіш?

Іза памаўчала і мірна, неяк па-сталаму ласкава прагаварыла:

— Пасля смерці тваёй жонкі мінула ўжо шмат гадоў. Чаму ты баішся прызнацца, што зноў закаханы?

— Гэта мае і толькі мае справы! Я не збіраюся пускацца ў тлумачэнні, — раззлаваўся дзядзька.

— Не збіраешся? Але ж прыйдзецца! Зрабі міласць, растлумач! — ускіпела яна. — Я ж бачу, што ты кахаеш мяне! Адчуваю!

— Няпраўда, — запярэчыў ён неяк непераканаўча.

— Кахаеш! — выгукнула Іза. — Не можаш не кахаць!

— Ах, сапраўды, — успомніў дзядзька. — Спадзяешся на тое прываротнае зелле, што падсыпала мне ў настойку?

Яна збянтэжылася.

— Адкуль я ведаю? — Лунеш не тоячыся весяліўся. — А ты разгледзела твар злавеснага ведзьмака ў чорным плашчы,у якога купіла парашок?

Іза пакруціла галавой.

— «In Amor via sine lingua latina invia est» — злавесна прабубніў дзядзька i зрабіў пальцамі магічныя пасы.

— Дык гэта быў ты! — зашыпеўшы, як раззлаваная кошка, Іза кінулася на яго. Вядома, Лу­неш мог з лёгкасцю адбіць гэтую смешную атаку. Але, мабыць, вырашыў злёгку паддацца. Я не стаў чакаць, пакуль замест штурхалёў і шчыпкоў яны прымуцца ўзнагароджваць адзін аднаго пацалункамі. Паціху падняўся і на зацёклых нагах паплёўся ў сваю спальню. Думкі ў галаве бурлілі і ўскіпалі, грукочучы вечкам. Іза кахае дзядзьку Лунеша, а мяне лічыць жаўтаротым птушанём. Яна смяялася з мяне!

Я вагаўся. Вярнуцца туды і ўчыніць скандал? Кінуцца тварам у падушку і разраўціся, як дзяўчынка? Прыкінуцца, што нічога не здарылася, і з вясёлай усмешкай выйсці да сняданку? Не, ізноў не то.

Дом выдатна адчуваў мой настрой: сабраныя валізкі стаялі на парозе. Не развітваючыся, — шчыра кажучы, каму я тут патрэбны? — я паплёўся на станцыю. Што ж, прызнаю: паездка скончылася правалам і ганебнымі ўцёкамі. Замест блаславення і добрай парады я атрымаў ад дзядзькі сумленны, але які ж непрыемны дыягназ: няўдачнік. Моцны ўдар, які разбіў мае грандыёзныя надзеі.

I што цяпер? Вярнуцца дахаты і да канца жыцця трываць насмешкі братоў і спагадлівыя погляды сясцёр? Заняцца пляценнем кошыкаў ці адкрыць пякарню, назаўжды забыўшыся пра чараўніцтва? Я ўявіў, як дзядзька Лунеш з Ізай прыедуць у наша мястэчка і захочуць адведаць пляменніка Петэра, парушальніка сямейныхтрадыцый, небараку, зусім пазбаўленага здольнасцяў. Я, у белым пякарскім каўпаку і фартуху, перапэцканы мукой, вынесу ім пернікі і крэндзелі. Іза ветліва адшчыкне кавалачак, а дзядзька паляпае мяне па плячы: «Нічога, нічога».

Я ў шаленстве спыніўся і шпурнуў валізкі на сцяжынку. Ну не! Я не зусім пазбаўлены здольнасцяў! «Як кот наплакаў», — сказаў дзядзька, а значыць, хоць бы мізэрны шанц маецца! А астатняе — гэта праца, вучоба і напруга. А я ўседлівы, з добрай памяццю, і цярпення мне не пазычаць! Здолею, змагу! Знарок паступлю на самы складаны факультэт, суткамі буду займацца, закапаюся ў кнігі — і вывучуся на чараўніка!