Выбрать главу

— Пра што марыш, Петэр? — пацікавілася Іза, i я здрыгануўся. Яна стаяла ў дзвярах, у карункавай бірузовай сукенцы, з каронай залатых валасоў, акуратна ўкладзенай на галаве.

— Садзіся, а то ж усё астыне, — запрасіла яна, i я заўважыў, што стол поўніцца ежай. Фасолевы суп з каўбаскамі, гарачыя адбіўныя i маладая бульбачка, пасыпаная кропам, баклажаны з часнаком і размарынам і запечаная ў фользе траска, цяляціна ў вінна-гарчычным соусе i салата з жоўтых памідораў са смятанай, цёрты бурак з грэцкімі арэхамі і абсмажаная ў сухарах квяцістая капуста. Грыбы з сырам, запечаныя ў цесце, пахлі, быццам толькі што з печкі. Абрыкосавыя блінцы, шар­лотка і шакаладны пудынг заклікалі напляваць на ўмоўнасці i пачаць абед з дэсерту. Дарэмна я хваляваўся наконт свайго апетыту, нікуды ён не знік. Ізу таксама ўгаворваць не трэба было, i першыя паўгадзіны мы перакідваліся толькі адрывістымі «калі ласка, перадай хлеб», «будзь ласкава, яшчэ лыжачку салаты» і «м-м-м, як смачна!». Калі, нарэшце, мы наеліся і павольна сёрбалі гарбату, Іза папрасіла:

— Петэр, раскажы мне пра сваю вучобу. Вы завучвалі замовы?

— Не, — маркотна ўздыхнуў я. — Плялі кошыкі і выразалі трысняговыя дудачкі.

Яна слухала ўважліва, ёй нават спадабалася, што я не ўмею вядзьмарыць, затое здольны ляпіць гаршкі і падкаваць каня, варыць піва і дубіць скуры, класці печы і граніць каштоўныя камяні, лудзіць посуд і склюдаваць дошкі, шыць боты і пячы пірагі.

— I ўсё гэта ты вывучыў за сем гадоў? — ашаламілася Іза.

— Нас адбіралі. Не атрымаецца чараўнік з таго, хто не ўмее з нуля вучыцца новаму.

— Значыць, ты асаблівы.Таленавіты.

— Я хутка схопліваю.

— А якая справа ў цябе самая любімая?

Я паціснуў плячамі.

— Ды ніякая. Выконваў, што загадвалі. Атрымлівалася ніштавата.

— А ты ўжо абраў факультэт? Лячэбная магія ці будаўнічая, а можа, даследчая? Лунеш кажа, там звыш сарака спецыялізацый.

— Не ведаю, — я зноў паціснуў плячамі.

— Але пра што ты марыш?

— Мару? — паўтарыў я з прыкрасцю, цямячы, што б такое зманіць.

— Так. Запаветнае жаданне. Мэта, да якой імкнешся, — усміхнулася Іза.

— Э... ну... паступіць ва ўніверсітэт...

— А навошта? ІІІто ты марыш вывучаць?

— Ды не ведаю я! — вось прычапілася! Ды яшчэ пасля абеду, калі хочацца прыснуць дзенебудзь у цяньку і ні пра што не думаць.

Іза здавалася расчараванай. Не дачакаўшыся адказу, яна раптам змяніла тэму:

— Петэр, скажы, вас вучылі змешваць атруты?

— Лекі. Гэта значыць, тэарэтычна, атруту таксама магу зрабіць.

Я пачаў распавядаць пра блёкат, стрыхнін, опіум, сярністае жалеза, цытварны корань ды марскую цыбулю. У школе мы рыхтавалі болесуцішальныя макавыя аладкі і выганялі сінільную кіслату з персікавых костачак, песцілі на гародзе аканіт і цыкуту, але вывучалі хутчэй не атруты, а антыдоты.

— А існуе атрута, што не пахне i не мае ніякага смаку? — спытала Іза.

— Каму ты збіраешся яе падсыпаць? — пажартаваў я.

— Нікому. Я проста вельмі цікаўная.

Яна паднялася і бяздумна прайшлася па пакоі, пераставіла галінкі ліловых званочкаў у патрэсканай белай вазе, паправіла фіранкі на акне. Потым села на канапу, яе ногі агаліліся вышэй каленяў, і я адвёў вочы.

— Я такая дрэнная, Петэр, — прамовіла яна злым голасам. — Калі б ты толькі ведаў...

— Так раскажы, — прапанаваў я. — Я ж таксама вельмі цікаўны.

— Твой дзядзька выдатны, цудоўны чалавек. Ён вельмі добра ставіцца да мяне. А я ...

Яна ўсхліпнула. Я не меў досведу зносін з жанчынамі, якія плачуць, таму жудасна разгубіўся. Дзіця супакойваюць, узяўшы на рукі, прылашчыўшы, пацалаваўшы, гэта я вывучыў, калі няньчыўся з малодшымі братамі і сёстрамі. Штосьці мне падказвала, што Ізу можна суцешыць гэтак жа, але яна ж не дзіця, яна — жонка дзядзькі Лунеша.

Я прысеў на канапу. Іза выцерла слёзы карункавым рукавом і дапытліва паглядзела на мяне, нібы з цікавасцю чакала, што я буду рабіць.

— Не плач, — я няўмела пагладзіў яе па валасах. Складаная прычоска Ізы амаль што развалілася і рабіла твар дзяўчыны далікатным і безабаронным. — Калі ласка, не плач.

Як па сігнале, слёзы паліліся раўчукамі, яна скрывілася і прытулілася да мяне, абвіла за шыю рукамі і ўткнулася тварам мне ў грудзі. Я адчуў, як імгненна змакрэла тонкая кашуля. Яшчэ я адчуў, што мяне абдымае прыгожая дзяўчына. Праз імгненне мае рукі ўжо абхапілі стан Ізы, а вусны паціху цалавалі яе шыю і патыліцу.