Выбрать главу

Ён па-бацькоўску пацалаваў Ізу ў лоб, яна цмокнула яго ў шчаку.

— Вяселіцеся! — бадзёра выгукнуў дзядзька і сышоў.

— Хочаш цукерку? — прапанавала Іза, шукаючы ў вазачцы. — Тут цытронавыя, яблычныя і мятныя...

— Як ты можаш спакойна грызці цукеркі, калі дзядзьку дрэнна? — абурыўся я. — Я бачыў, што ты падсыпала парашок.

— Ты яму не скажаш? — яна схапіла мяне за руку. — Петэр, калі ласка, не выдавай мяне!

— Ужо позна яму паведамляць, ці не так? — сказаў я злавесным ледзяным тонам. Чараўнікі не чуллівыя да атрутаў, але, здаецца мне, Іза пра гэта не здагадваецца...

— Калі б ты ведаў... — прагаварыла яна горка.

— Вось я і збіраюся даведацца. Ты ўсё мне раскажаш. Тут. Цяпер. Альбо я іду да дзядзькі.

— Не! — дзяўчына затрэсла галавой і схілілася блізка да мяне. Яе дыханне пахла цытронам, яблыкам і мятай. I як яна ўмудрылася засунуць у рот гэтулькі ледзянцоў адразу?

— Я раскажу. Што ты хочаш пачуць?

— Усё! — не разменьваючыся на дробязі, запатрабаваў я. — Як ты трапіла сюды, дзе пазнаёмілася з маім дзядзькам, і хто такі Іосіф.

— Адкуль ты ведаеш пра Іосіфа?!

— Адтуль. I гэта апошняе пытанне, на якое я сёння адказаў.

Іза ўздыхнула.

— Мяне зачаравалі, і таму вяселле з Іосіфам было адкладзена. Бацькам прыйшлося наняць магутнага чарадзея, каб ён зняў заклён.

— Дзядзьку Лунеша?

Яна кіўнула.

— Лунеш абвясціў: чары саслабнуць, калі я з'еду з горада. Калі родныя абурыліся, ён выкраў мяне i прывёз сюды.

— А хто цябе зачараваў?

— Хіба ты не зразумеў? — здзівілася Іза. — Лунеш.

Надышла мая чарга дзівіцца.

— Але навошта?

— Хіба можна растлумачыць яго ўчынкі? — схітрыла яна.

— Добра, а што дзядзька задумаў? Для чаго выклікаў мяне?

— Гэтага я не смею табе адкрыць, — вельмі сур'ёзна сказала Іза. — Я паклялася маўчаць. Калі парушу зарок — памру.

Спрачацца я не стаў. Зарок — паняцце сур'ёзнае, на першым курсе ўніверсітэта нават ёсць такі прадмет — клятвазнаўства, i мала хто здае экзамен з першага разу. Зарок парушыць нельга, i справа зусім не ў гонары. Зарок злучае людзей тонкімі магічнымі ніткамі. Пацягнуўшы за іх, рызыкуеш разарваць лёс і пашкодзіць жыццё чалавека. Я ўздыхнуў і ўзяў з вазачкі гронку вінаграду.

— Раскажы хоць бы пра Іосіфа.

— Ён адважны, добры, моцны... — Іза старанна пералічвала стандартны набор якасцяў, якімі дзяўчаты, часта без важкай падставы, надзяляюць каханага чалавека.

— Ён абяцаў выратаваць цябе? — я спадзяваўся на адмоўны адказ.

— Так, — кіўнула Іза, адшчыпваючы вінаградзінкі. — Ён абагаўляе мяне. Абяцаў абысці зямлю ў жалезных чаравіках і з жалезным посахам. Я веру, ён знойдзе мяне.

Я ўспомніў яе няскончаны ліст і ўсміхнуўся: таямнічай Адэліне Іза не хлусіла, як мне цяпер, і прызнавалася, што Іосіф, хутчэй за ўсё, забыўся пра свае абяцанне.

— Ты кахаеш яго?

Яна зірнула на мяне дзіўным поглядам — як на кацяня, якое разбіла кубак ці нашкодзіла неяк яшчэ.

— Хачу спаць, — невыразна прамовіла яна і пацягнулася. — Пойдзем.

Месяц кпліва глядзеў, як я асцярожна прытрымліваў тонкую цёплую руку Ізы і ўдыхаў ванільны водар яе расплеценых кос. Падол цяжкай сукенкі цягнуўся па траве, я сачыў, як бы не наступіць на яго незнарок, і думаў, што дзядзька Лунеш не спіць, а сочыць за намі праз акно. Можа, нават у падзорную трубу. Іза напявала штосьці і ўвесь час спатыкалася, задзіраючы галаву да зорнага неба. Яна паводзіла сябе так, нібы i не спрабавала гадзіну назад атруціць свайго мужа. Хоць па яе разліках ён ужо мёртвы. I Іза зусім не перажывала з гэтай нагоды.

***

Начныя разважанні, спробы супаставіць і разгадаць атрыманыя звесткі, не прайшлі дарма. Прачнуўся я позна, разбіты i нявыспаны, без плана дзеянняў i з кашай у галаве. Зрэшты, астатні свет існаваў па заведзеным у сядзібе парадку. Мая ўчарашняя адзежа знікла, мабыць, адправілася ў мыццё, а на спінцы крэсла віселі чыстая кашуля i адпрасаваныя штаны. Дом працягваў клапаціцца аба мне, нягледзячы на мой кепскі настрой.

Успомніўшы, што дзядзька Лунеш дрэнна сябе адчуваў увечары, я ўскочыў, раптам спалохаўшыся. Ці ўваходзіла да яго Іза? Ці выкрыў ён яе намеры? Яна ж не ўмее хлусіць! I паперку ад атруты, напэўна, не схавала... Я спехам прыняў душ, апрануўся і рынуўся ў калідор. У дзвярах сутыкнуўся з дзядзькам і ледзь не закрычаў ад нечаканасці.

— Ты якраз да абеду, — усміхнуўся дзядзька. — Таксама спаў як забіты?

Я прамармытаў нешта няўцямнае.

— Штосьці ты бледны, — Лунеш заклапочана пачапаў мой лоб. — ЦІ не захварэў? Можа, атруціўся чым? — у мяне ад гэтых слоў падкасіліся ногі. Дзядзька ўсё ведаў! I падазраваў мяне ў саўдзеле!