- Вiдаць! - прамовiў пан Дарбеда. - Памятаеш, што я сказаў табе, калi ён прыйшоў прасiць яе рукi? Я сказаў табе: "Па-мойму, ён занадта падабаецца Еве". А ты мне тады не захацела паверыць.
Раптам ён грукнуў кулаком па стале i густа пачырванеў.
- Ды гэта ж нейкая разбэшчанасць, ненармальнасць! Ён заграбае яе сваiмi лапамi, цалуе, называючы Агатай, i вярзе пры гэтым нейкую бязглуздзiцу пра статуi, якiя лётаюць, i рознае чорт ведае што! А яна яму ўсё дазваляе! Ды што памiж iмi такое? Ну няхай сабе шкадуе яго ўсiм сэрцам, няхай аддасць яго ў якi дом, дзе зможа бачыцца з iм кожны дзень - калi ласка. Але я нiколi нават не мог сабе ўявiць... Я лiчыў яе ўдавой... Паслухай, Жанета, - сказаў ён сур'ёзным голасам, - я буду гаварыць з табой шчыра. Па-мойму, калi ў яе ёсць яшчэ нейкi розум, было б нават лепей, каб яна завяла каханка!
- Шарль, змоўкнi! - крыкнула панi Дарбеда.
Пан Дарбеда стомлена ўзяў са столiка пакiнутыя пры ўваходзе кiй i капялюш.
- Пасля таго, што ты мне паведамiла, - сказаў ён, падводзячы рысу размове, - мне ўжо амаль няма на што спадзявацца. Зрэшты, я ўсё-такi пагутару з ёй: гэта мой абавязак.
Панi Дарбедзе не цярпелася, каб ён хутчэй пайшоў.
- Ведаеш, - сказала яна, каб крыху падбадзёрыць мужа, - па-мойму, у Евы ўсё-такi болей упартасцi, чым... iншага. Яна ведае, што ён невылечны, i ўсё роўна натурыцца. Яна не хоча ў гэта паверыць.
Пан Дарбеда задуменна гладзiў сабе бараду.
- Упартасцi?.. Можа, i так... Што ж, калi ты маеш рацыю, яна ўрэшце павiнна стамiцца. З iм не так ужо весела кожны дзень, i потым - ён амаль увесь час маўчыць. Калi я вiтаюся, ён толькi вяла працягвае руку i нiколi не размаўляе. А калi яны застаюцца адны, яго, вiдаць, зноў апаноўваюць неадчэпныя думкi: яна мне расказвала, што часам ён крычыць, нiбы яго рэжуць, - у яго галюцынацыi. Статуi. Ён iх баiцца, таму што яны гудуць. Кажа, што яны лётаюць вакол i закатваюць перад iм вочы.
Надзеўшы пальчаткi, ён сказаў зноў:
- Стомiцца, можна не сумнявацца. Але раптам раней ачмурэе? Няхай бы хоць трошкi бывала на людзях, бачылася са знаёмымi: можа, сустрэне якога добрага хлопца -ды хоць бы такога, як Шродэр, iнжынер у Сiмплона, - каго-небудзь з будучыняй, пацiху-патроху пачне сустракацца, у адных, у другiх, а потым, глядзiш, i прызвычаiцца да думкi, што трэба пачынаць жыць па-новаму.
Панi Дарбеда нiчога не адказала, баючыся, каб размова не ўспыхнула зноў. Муж нахiлiўся да яе.
- Ну ўсё, - сказаў ён, - мне трэба iсцi.
- Бывай, татачка, - адказала панi Дарбеда, падстаўляючы лоб, - пацалуй яе ад мяне i скажы, што яна наша мiлае няшчаснае дзiцятка.
Калi муж пайшоў, панi Дарбеда адкiнулася на спiнку фатэля i зняможана заплюшчыла вочы. "Колькi ж у iм жывасцi", - з папрокам падумала яна. Калi да яе крыху вярнулася сiла, яна паволi выпрастала бледную руку i, не расплюшчваючы вачэй, навобмацак узяла са сподка кавалак лукуму.
Ева жыла замужам у старым будынку на вулiцы Бак. Пан Дарбеда жвава адолеў сто дванаццаць прыступак, што вялi на шосты паверх, i, нацiскаючы на званок, дыхаў роўна, зусiм не запыхаўшыся. Яму з прыемнасцю прыгадалiся словы, сказаныя паненкаю Дармуа: "Для свайго ўзросту, Шарль, вы выглядаеце проста цудоўна". Нiколi ён не адчуваў сябе гэткiм здаровым i дужым, як у чацвер, асаблiва пасля такiх вось прабежак па лесвiцы.
Яму адчынiла Ева. "Дый хто ж яшчэ, сапраўды, - пакаёўкi ў яе няма. Гэтыя дзяўчаты проста не могуць у iх затрымацца: я ўяўляю сябе на iх месцы". Ён пацалаваў дачку.
- Дзень добры, няшчаснае наша дзiцятка.
Ева павiталася трошкi холадна.
- Нейкая ты бледненькая, - сказаў пан Дарбеда, памацаўшы яе за шчаку, зусiм жа амаль не рухаешся.
Запанавала маўчанне.
- У мамы ўсё добра? - спытала Ева.
- Такi-сякi. Ты ж бачылася з ёй у аўторак? Ну - як заўжды. Цётка Луiза, вось, учора прыходзiла ў госцi. Ёй гэта было вельмi прыемна. Яна ж любiць, калi да яе хто завiтвае. Але лепш, каб госцi не заставалiся доўга. Цётка Луiза, дарэчы, прыехала ў Парыж разам з малымi - усё праз тую гiсторыю з закладам маёмасцi. Я табе, здаецца, расказваў - дзiўная гiсторыя. Яна заходзiла да мяне ў кантору, параiцца. Я сказаў, што дзвюх думак тут быць не можа: трэба прадаваць. Зрэшты, яна ўжо знайшла пакупнiка - Брэтанеля. Памятаеш Брэтанеля? Ён цяпер ужо не займаецца справамi.
Раптам ён змоўк. Ева яго ледзьве слухала. Ён са смуткам падумаў, што нiшто ўжо яе не цiкавiць. "Нават кнiгi. Раней iх даводзiлася ў яе проста з рук выдзiраць. А цяпер - цяпер яна зусiм не чытае".
- Як П'ер?
- Добра, - сказала Ева. - Хочаш яго пабачыць?