Выбрать главу

   П'ер абмякнуў i глыбока ўздыхнуў. Але зрэнкi ў яго былi яшчэ расшыраныя, ён увесь быў мокры ад поту.

   - Бачыла? - спытаў ён.

   - Я не магу iх бачыць.

   - Тым лепш для цябе: яны б цябе напалохалi. Мне што, - сказаў ён, - я прывычны.

   Рукi ў Евы яшчэ дрыжалi, у галаве пульсавала кроў. П'ер выняў цыгарэту. Але не запалiў.

   - Мне ўсё роўна, калi я iх бачу, - сказаў ён, - але я не хачу, каб яны да мяне дакраналiся, я баюся, каб мне не перадалося iх скулле.

   Ён падумаў хвiлiну i спытаў:

   - Ты iх хоць чула?

   - Чула, - сказала Ева, - гудуць, як матор у самалёта. (У мiнулую нядзелю П'ер сам гэта апiсваў.)

   П'ер усмiхнуўся крыху паблажлiва.

   - Ну, ты перабольшваеш, - сказаў ён. Твар у яго быў па-ранейшаму бледны. Ён зiрнуў на Евiны рукi. - Ды ў цябе рукi дрыжаць. Бедная мая Агата, як цябе гэта ўразiла. Але цяпер няма чаго хвалявацца: да заўтрага яны болей не прыйдуць.

   Ева не магла гаварыць, у яе клацалi зубы, i яна баялася, каб гэтага не заўважыў П'ер. П'ер доўга яе разглядаў.

   - Ты проста чорт ведае якая прыгожая, - сказаў ён, кiваючы галавой. Шкада, вельмi шкада.

   Ён хутка выпрастаў руку i мякка крануў яе за вуха.

   - Мой чароўны дэман! Ты мяне крыху бянтэжыш, ты занадта прыгожая, i гэта адцягвае маю ўвагу: я не магу засяродзiцца. Нiчога б яшчэ, каб не трэба было рэзюмавання...

   Ён змоўк i здзiўлена зiрнуў на Еву:

   - Я не гэтае слова... Яно прыйшло... яно прыйшло, - сказаў ён з няпэўнай усмешкай. - На языку было зусiм iншае... а гэтае... заняло яго месца. Не памятаю ўжо, што я хацеў сказаць.

   Ён хвiлiну падумаў i трасянуў галавой.

   - Добра, - сказаў ён, - трэба паспаць, - i дадаў дзiцячым голасам: Ведаеш, Агата, я стамiўся. У мяне ўжо ўсё блытаецца ў думках.

   Ён кiнуў цыгарэту i ўтаропiўся ў дыван з занепакоеным выглядам. Ева падсунула яму падушку.

   - Можаш таксама паспаць, - сказаў П'ер i заплюшчыў вочы, - яны болей не прыйдуць.

   "РЭЗЮМАВАННЕ". П'ер спаў з застылай на твары цiхамiрнай усмешкай; галава ў яго нiзка схiлiлася, i здавалася, што яму хочацца пацерцiся шчакой аб плячо. Еве спаць не хацелася, яна думала: "Рэзюмаванне..." Твар у П'ера раптам зрабiўся дурны, i слова, доўгае i бясколернае, само выкацiлася з рота. П'ер зiрнуў перад сабой здзiўлена, нiбы ўбачыў гэтае слова i не пазнаў; рот у яго быў млява разяўлены; нешта нiбы надламалася ў iм. "Ён стрызнiў. Гэта здарылася з iм упершыню; зрэшты, ён i сам заўважыў. Ён жа сказаў, што ў яго ўсё зблыталася ў думках". П'ер цiха, салодка застагнаў i плаўна махнўў рукой. Ева зiрнула на яго цяжкiм поглядам. "Якi ён цяпер прачнецца!" Гэтая думка не давала ёй спакою. Кожны раз, калi П'ер засынаў, яна толькi пра гэта i думала, яна не магла сябе перасiлiць. Ева ўвесь час баялася, каб ён не прачнуўся з мутнымi вачыма i не пачаў раптам трызнiць. "Якая ж я дурнiца, - падумала яна, - гэта ж павiнна пачацца не раней як праз год. Франшо сам так казаў". Але трывога не пакiдала яе; праз год: зiма, вясна, лета, пачатак яшча адной восенi. Аднойчы твар у яго перакрывiцца, скiвiца адвiсне, i ён адно паўрасплюшчыць слязлiвыя вочы. Ева схiлiлася да П'еравай рукi i прыпала да яе вуснамi: "Я заб'ю цябе раней".

Герастрат

   Людзi... На iх трэба глядзець з вышынi. Я гасiў святло i прыстройваўся каля акна: у iх нават i ў думках не было, каб нехта мог за iмi сачыць зверху. Яны клапоцяцца адно пра фасад, ну, часам яшчэ пра задворкi, але ўсё iх старанне разлiчана ўрэшце на гледача ў метр семдзесят. Цi задумваўся калi хто-небудзь з iх, як выглядае фетравы капялюш з сёмага паверха? Яны чамусьцi зусiм не дбаюць, каб абаранiць свае плечы i чарапкi кiдкiмi колерамi цi яркай тканiнай, яны не ўмеюць змагацца з гэтым вялiкiм ворагам Чалавечага: вертыкальнаю перспектывай. Я высоўваўся з акна, i мяне разбiраў смех: ну, дзе яна, дзе гэтая iх славутая "пастава ўрост", якой яны так ганарацца: яны проста расплюшчвалiся аб ходнiкi, i з-пад плечаў у iх плазам высоўвалiся толькi доўгiя ногi.

   На балконе сёмага паверха, вось дзе мне трэба было б пражыць усё жыццё. Бо маральная перавага заўсёды павiнна быць падмацаваная нейкiмi матэрыяльнымi сiмваламi, iначай - яна проста знiкае. Якая ж, урэшце, перавага над людзьмi была ў мяне? Перавага ў пазiцыi - болей нiчога: я паставiў сябе па-над тым чалавечым, што было ўва мне, i пачаў яго разглядаць. Менавiта таму мяне заўсёды вабiлi вежы сабора Нотр-Дам, пляцоўкi агляду на Эйфелевай вежы, царква Сакрэ-Кёр, мой сёмы паверх на вулiцы Дэлямбр. Усё гэта - цудоўныя сiмвалы.

   Часам, вядома, даводзiлася спускацца на вулiцу. Каб схадзiць на працу, напрыклад. Я задыхаўся. Калi бачыш людзей на адным з iмi ўзроўнi, iх намнога цяжэй лiчыць за мурашак: яны кранаюць. Аднойчы я ўбачыў на вулiцы мерцвяка. Ён ляжаў нiцма. Яго перавярнулi, i аказалася, што ён у крывi. Я ўбачыў яго расплюшчаныя вочы, нейкi незразумелы выраз на твары, якi невядома пра што казаў, i ўсю гэтую кроў. Я стараўся сябе пераканаць. "Ну i што, - думаў я, усё гэта хвалюе не болей за свежую фарбу. Ён проста ўквэцаў сабе нос у чырвонае, вось i ўсё". Але потым я адчуў нейкую паскудную млявасць у нагах i ў патылiцы i самлеў. Мяне зацягнулi ў аптэку, пачалi тузаць за плечы i прымусiлi глынуць спiрту. Я быў гатовы ўсiх забiць.