У маi Берлiяк пачаў прагульваць заняткi ў лiцэi, i Люсьен пасля ўрокаў сустракаўся з iм у бары на вулiцы Пцiшан, дзе яны частавалiся вермутам "Круцыфiкс". Аднойчы ў аўторак, прыйшоўшы ў бар у другой палове дня, Люсьен заспеў Берлiяка за столiкам, на якiм стаяў ужо апарожнены келiх.
- А, прыйшоў, - сказаў Берлiяк. - Слухай, мне трэба чухаць, а пятай гадзiне я мушу быць у зубнога. Ты мяне пачакай, ён тут побач, мне ўсяго на паўгадзiнкi.
- О'кэй, - адказаў Люсьен, апускаючыся на крэсла. - Франсуа, дайце мне белага вермуту.
У гэты момант у бар увайшоў чалавек, якi, заўважыўшы iх, неяк дзiўна ўсмiхнуўся. Берлiяк пачырванеў i паспешлiва ўстаў. "Хто б гэта мог быць?" падумаў Люсьен. Пацiскаючы незнаёмаму руку, Берлiяк стаяў так, каб загарадзiць ад яго Люсьена; ён гаварыў хуткiм i трошкi прыглушаным голасам, але мужчына адказаў вельмi выразна:
- Ды ну, хлопча, не, не, ты так i застанешся, вiдаць, вечным блазнам.
Адначасова ён прыўстаў на дыбачкi i са спакойнай упэўненасцю пачаў разглядаць Люсьена паверх Берлiякавай галавы. На выгляд яму было гадоў трыццаць пяць, у яго быў крыху бледны твар i чароўная бялявая шавялюра. "Несумненна, гэта Бержэр, - падумаў Люсьен, i сэрца ў яго забiлася, - Якi ж ён прыгожы!"
Нясмела настойлiвым жэстам Берлiяк паспрабаваў узяць незнаёмца за локаць.
- Хадземце са мной, - сказаў ён, - мне зараз трэба да зубнiка, гэта зусiм побач.
- Але ты, па-мойму, з сябрам, - адказаў той, не зводзячы з Люсьена вачэй, - i табе, напэўна, трэба нас пазнаёмiць.
Люсьен устаў i шырока ўсмiхнуўся. "Дастаў!" - падумаў ён; шчокi ў яго гарэлi. Берлiякава шыя раптам правалiлася ў плечы, i на нейкае iмгненне Люсьену здалося, што зараз той адмовiцца iх знаёмiць.
- Ну дык што, назавi ж мяне пану, - сказаў Люсьен вясёлым голасам.
Але не паспеў ён закончыць фразы, як кроў прылiла яму да скроняў, i яму захацелася правалiцца скрозь зямлю, Берлiяк крута павярнуўся i, не гледзячы нi на каго, прабалбатаў:
- Люсьен Флёр'е, лiцэйскi прыяцель; пан Ашыл Бержэр.
- Пане, я захапляюся вашымi творамi, - слабым голасам прамовiў Люсьен.
Бержэр узяў яго руку ў свае доўгiя i тонкiя далонi i прымусiў сесцi. Запанавала маўчанне; Бержэр ахунаў Люсьена цёплым ласкавым позiркам i ўсё не выпускаў рукi.
- Вы нечым усхваляваны? - мякка спытаўся ён.
Люсьен прачысцiў голас i, зiрнуўшы Бержэру ў вочы, выразна прамовiў:
- Я ўсхваляваны!
У яго было ўражанне, нiбы толькi што ён прайшоў iспыт нейкага таемнага пасвячэння. Пэўную хвiлiну Берлiяк яшчэ нерашуча стаяў, але потым са злосцю зноў сеў на месца i кiнуў шапку на стол. Люсьену карцела расказаць Бержэру пра сваю спробу самазабойства; гэта быў той чалавек, з якiм трэба было гаварыць адкрыта i без падрыхтоўкi. Але пры Берлiяку ён не адважваўся i ўжо адчуваў да сябра нянавiсць.
- У вас ёсць ракi*? - спытаў Бержэр у гарсона.
* Ракi - рысавая гарэлка.
- Не, няма ў iх, - паспешлiва адказаў Берлiяк. - Карчомка нiшто, але са спiртнога адзiн толькi вермут.
- А што гэта там у вас такое жоўтае, у тым вунь графiне? - з вольнай i мляваю самаўпэўненасцю спытаўся Бержэр.
- Гэта белы "Круцыфiкс", - адказаў гарсон.
- Ну што ж, налiце мне гэтага.
Берлiяк увесь час ёрзаў на крэсле: здавалася, яго раздзiрала дваiстае пачуццё - жаданне пахвалiцца сваiмi сябрамi i, адначасова, боязь прыўзнесцi Люсьена сабе ж на шкоду. Нарэшце ён усё-такi прамовiў змрочным i гордым голасам:
- Ён хацеў пакончыць жыццё самагубствам.
- Ды ну! - сказаў Бержэр. - Я разумею.
Зноў запанавала маўчанне: Люсьен сцiпла апусцiў вочы i толькi i думаў, цi хутка зматаецца Берлiяк.
Бержэр раптам зiрнуў на гадзiннiк.
- А што твой зубнiк? - спытаў ён.
Берлiяк нехаця ўстаў.
- Схадзiце са мной, Бержэр, - умольна папрасiў ён, - гэта зусiм побач.
- Навошта, ты ж вернешся. А я пакуль пасяджу з тваiм сябрам.
Берлiяк замуляўся, пераступаючы з нагi на нагу.
- Давай-давай, бяжы, - уладна сказаў Бержэр, - мы цябе тут пачакаем.
Калi Берлiяк пайшоў, Бержэр устаў i бесцырымонна сеў побач з Люсьенам. Люсьен доўга расказваў яму пра самагубства, паведамiў, што жадаў сваю мацi i што зацыклiўся на садысцка-анальнай стадыi, што ў душы яму нiчога не мiла i ўсё ў iм - адна камедыя. Берлiяк слухаў моўчкi, глыбакадумна пазiраючы на Люсьена, i той адчуваў асалоду ад таго, што яго разумеюць. Калi ён скончыў, Бержэр па-сяброўску абняў яго рукою за плечы, i Люсьен адчуў водар адэкалону i ангельскага тытуню.