- Пабачыш, якi сёння будзе вясёленькi гвалт, - сказаў Лемардан, перадаючы Люсьену запрашальную картку.
Галоўная канферэнц-зала была напакавана бiтком. I калi Люсьен убачыў, як з гукамi "Марсельезы" ў яе ўвайшлi прэзiдэнт рэспублiкi i рэктар, яго сэрца моцна забiлася i ён спалохаўся за сяброў. Але амаль у той жа момант некалькi юнакоў паўскоквалi з месцаў i пачалi крычаць. Люсьену было прыемна пазнаць сярод iх Рэмi: той быў чырвоны, як памiдор, i, адбiваючыся ад двух мужыкоў, якiя цягнулi яго за пiнжак, гарлаў: "Францыя для французаў!" Але асаблiва прыемна было назiраць за адным пажылым панам, якi з выглядам шкадлiвага дзiцяцi дзьмуў у маленькую дудку. "Як гэта здорава", - падумаў Люсьен. Ён да душы ўпiваўся гэтым незвычайным спалучэннем упартай сур'ёзнасцi i шумлiвай гарэзлiвасцi, што дазваляла маладым здавацца больш сталымi i надавала старэйшым гэткую хлапечую чартаўшчынку. Люсьен паспрабаваў таксама адпусцiць пару жартаў, i некалькi разоў у яго атрымалася вельмi ўдала. А калi ён крыкнуў пра Эрыо: "Калi гэты памрэ ў сваiм ложку - значыць, Бога болей няма!" - ён адчуў, як у iм запаляецца святая нянавiсць. Ён моцна сашчапiў зубы i пачуў сябе гэткiм жа ўпэўненым, гэткiм жа згуртаваным, гэткiм жа дужым, як Рэмi цi Дэсперо. "Лемардан мае рацыю, - падумаў ён, - гэта трэба выпрабаваць на сабе, толькi так".
Неўзабаве ён навучыўся не паддавацца дыскусiям; Гiгар, якi быў усяго толькi рэспублiканец, засыпаў яго заўвагамi, i Люсьен спачатку яго ветлiва слухаў, але пасля - адключаўся. Гiгар усё гаварыў i гаварыў, а Люсьен ужо нават не глядзеў на яго: ён разгладжваў на штанах складку цi пазiраў на дзяўчат, забаўляючыся цыгарэтным дымком i выпускаючы з яго колцы. Праўда, ён усё роўна крыху яшчэ чуў Гiгаравы словы, але раптам яны страчвалi вагу i слiзгалi па iм, здаючыся нiкчэмнымi i пустымi. Нарэшце Гiгар, вельмi ўражаны, змаўкаў таксама.
Люсьен расказаў пра сваiх новых сяброў бацькам, i пан Флёр'е запытаўся, цi не збiраецца ён таксама пайсцi ў камелоты. Люсьен завагаўся i сур'ёзна сказаў:
- Мяне спакушае гэтая думка, яна сапраўды вельмi мяне спакушае.
- Люсьен, прашу цябе, не рабi гэтага, - пачала малiць мацi, - яны такiя неспакойныя, а няшчасцю нядоўга здарыцца. Цi ты хочаш, каб цябе аддубасiлi цi пасадзiлi ў турму?
Люсьен адказаў непакорнай усмешкай, i пан Флёр'е яго падтрымаў.
- Дарагая, дай яму вырашаць самому, - ласкава прамовiў ён, - няхай робiць, як сам думае; праз гэта таксама трэба прайсцi.
З гэтага дня, як здалося Люсьену, бацькi пачалi ставiцца да яго з пэўнай павагай. I ўсё-такi ён не рашаўся; апошнiя тыднi яго шмат чаму навучылi: ён перабiраў у памяцi лагодную бацькаву зацiкаўленасць, трывогi панi Флёр'е, з кожным днём усё большую пашану ў Гiгара, Лемарданаў напор, нецярплiвасць Рэмi i, кiваючы галавой, казаў сабе: "Гэта не жартачкi!" Ён меў доўгую размову з Лемарданам, i той выдатна зразумеў яго довады, пагадзiўшыся, што спяшацца не варта. У Люсьена яшчэ здаралiся прыступы нуды: часам, калi ён сядзеў на лаве ў кавярнi, у яго ўзнiкала ўражанне, што ён усяго толькi дрыготкая студзянiстая кашыца, i шумлiвая сумятня камелотаў здавалася яму абсурднай. Але ў iншыя моманты ён адчуваў сябе цвёрдым i важкiм, як камень, i быў амаль шчаслiвы.
У бандзе яму пачувалася ўсё лацвей i прывольней. I аднойчы ён праспяваў "Рэбекiна вяселле", якое пачуў на мiнулых канiкулах ад Эбрара. Хлопцы заявiлi, што гэта было вельмi пацешна. Тады, натхнiўшыся, Люсьен выдаў некалькi з'едлiвых заўваг у адрас жыдоў i сказаў пра Берлiяка, якi быў вялiкi жмiнда:
- А я вось i думаў увесь час: i чаго гэта ён такi скупенда, гэта ж немагчыма быць гэткiм скупендам. А потым сцямiў: ён жа з iхняга племя.
Усе зарагаталi, i Люсьена раптам ахапiла гарачая ўзбуджанасць: ён адчуў сапраўдную нянавiсць да ўсiх жыдоў, i ўспамiн пра Берлiяка быў яму глыбока непрыемны. Лемардан зiрнуў яму ў вочы i сказаў:
- Ты сумленны француз.
Потым хлопцы часта прасiлi Люсьена: "Ану, Флёр'е, раскажы нам якую фацэцiю пра жыдоў", - i Люсьен расказваў жыдоўскiя гiсторыi, якiя некалi чуў ад бацькi; варта яму было пачаць з адмысловаю iнтанацыяй: "Зустрракае аднойцы Лефi Плюма..." - i сяброў ужо апаноўвала весялосць. Аднойчы Рэмi з Патнотрам расказалi, як сустрэлi на набярэжнай Сены аднаго алжырскага жыда i як той жудасна напалохаўся, калi яны рушылi на яго з такiм выглядам, нiбыта збiраюцца скiнуць у ваду.
- Я тады падумаў сабе, - сказаў пад канец Рэмi, - шкада, што з намi няма Флёр'е.
- А можа, якраз i добра, што не было, - перапынiў яго Дэсперо, - а то ён мог бы сапраўды шпурлянуць яго ў раку.
Люсьен не меў сабе роўных вызначаць жыдоў па адной толькi форме носа. Калi яны гулялi з Гiгарам, ён штурхаў яго локцем i цiха казаў: