Выбрать главу

Думкі-развагі перабівае зычны вокліч вертухальшчыка:

- А куды падзеўся мой лаоскі “зямеля”?

- Спаць пайшоў, заўтра дахаты едзе, - адказвае Алехна і адчайдушна аддзімаецца, чарговым разам прыклаўшыся да ішымскай сівухі. - Вінціку раніцою млосна бывае.

- А ён што, хворы?

- На жаўтуху хварэў, цяпер пакутуе з пахмялля.

- Ці не ў Лаосе падхапіў? - з клёкатам ў горле пытаецца вертухальшчык.

- А дзе ж яшчэ, - мімаходзь хлусіць Алехна.

Міша, падобна, б’е кулаком па стале і на кароткую хвіліну ўсталёўваецца цішыня.

- Вось ён, праклятушчы Лаос! Мой радыст выпіў вады з ручаіны - і гатовы! Гепатыт “А”! Тыдзень адваляўся ў в’енцьянскім шпіталі, а потым дахаты адправілі. О-хо-хо-о! - стогне Міша, гучна крэкча - таксама прыклаўся да чаркі, - і знясілена, ці не са слязінай на вачах, пытаецца:

- Табе сябар распавядаў пра лаоскія жахі?

- Ды з яго слова не выцягнеш... падпіску даваў, - няўцямна, жуючы гурок, адказвае Алехна.

- Запіхнуў бы ён гэтыя падпіскі ў с...аку, - Міша з пакутай пераводзіць дых. - Прылятаем у В’енцьян (цягуткая паўза)... сыходжу з трапа - што такое? - дыхаць немагчыма... задуха, як у прымыльніку. Сорак градусаў і дождж церусіць (Міша, праўдападобна, прыпальвае папяросу). Прыехалі ў горад - дождж па-ранейшаму сыпле. Пытаюся ў перакладчыка: калі ўжо ён скончыцца? Адказвае: у кастрычніку. Ну, думаю, тут мяне, у гэтай парыльні, і закапаюць...

Каб засяродзіцца на сваіх думках, убіваю галаву ў падушку. Кухонная гамонка аціхае і ўваччу паўстае апакаліпсічная карціна: з Вялікіх Лукаў у Полацак ляціць агнядышны Трыгалоў-Базылішак ды паліць усё навокал. Спачатку захапіўся такой праявай, а потым згадаў, што гэткі цмок ужо лётаў, праўда, не на Полацак, а на Кіеў у дзіцячым фільме “Ілля Мурамец”. Не, лепш пачаць эсэ так: полацкі ваявода Станіслаў Давойна глядзіць з вежы Сафійскага сабору на супрацьлеглы бераг Дзвіны, адкуль б’е маскоўская артылерыя... Цікава, аб чым думаў, на што спадзяваўся ваявода, назіраючы, як на дробныя трэскі разлятаюцца хваёвыя стаўбуры фартыфікацый, як пырскае яскамі Вусцейская вежа і вахлачыя постаці маскавітаў мітусяцца на брудным снезе? Думаў, з дзіўным спакоем, што Дзвіна рыхтык такая ж, як Нёман у роднай Мерачы, і што маскавіты ўрэшце кінуцца па крохкім лёдзе на штурм Замка, і тады можна будзе ўдарыць з гарматаў і патапіць супарата? А можа, ні пра што не думаў. Папросту глядзеў праз вузкае вакно на Экіманскі пасад, адкуль, на дапамогу палачанам, павінна было прыйсці войска Радзівіла Рудога.

Спадзеўкі... Хаця яны й былі марнымі, ды не давалі нам памерці. Тыя ж палачане спадзяваліся на падтрымку Радзівіла Рудога; потым, ужо ўся Літва, спадзявалася на вунію з Польшчай; наступным стагоддзем гадавалі думку ўзвесці на маскоўскі пасад свайго чалавека; былі спадзеўкі, што шляхта прасякнецца патрыятычнымі пачуццямі; што БНР падтрымае кайзер Вільгельм і ўся астатняя Еўропа...

Думкі зноў блытаюцца, бо праз падушку прабіваецца надрыўны голас сябра:

- Ды што такое жанчына? Жанчына - гэта дзве наг-х-хі (“г” дарэшты фрыкатыўнае), галава, агузак, акавалак...

Аўтух нядаўна ездзіў дахаты і заспеў жонку ў чужых абдоймах. Цяпер вось, падпіўшы, Алехна ўзяўся яго супакойваць.

Я збіраўся было пазяхнуць, ды пахвінне раптам зайшлося ад свербу і давялося, у стане лёгкай панікі, падхапіцца і адсунуць ложак ад сцяны.

Там, ва ўцепленых тэхнічнай ватай сценах, вяліся блашчыцы: буйныя, мацёрыя. Яны чамусьці найбольш лютавалі ўвесну. Надоечы так дапяклі Аўтуха, што той высыпаў на ліштвы і падлогу пачак дусту “Фасфалан”, але гэта не дапамагло. Пасля дэзінфекцыі, падобна, у кватэру збегліся блашчыцы з усяго Лістападаўска.

- Ды не перажывай ты, бляха. - гэта ўжо азываецца Міша, - усіх іх адзін нячысцік маляваў. Чулі, тыдзень таму на Савецкай дом згарэў? Такая ж дзеравячына, як наша; яны ж гараць, як порах. І вось з агню, з другога паверху, баба выляцела, а за ёю мужык. Мужык хоць трусы паспеў нацягнуць, а баба - тая зусім голая. Аказалася, гэта жонка пілота нашага авіяатрада. Муж у Свярдлоўск паехаў, новую тэхніку атрымліваць, а ягоная палова тым часам з нейкім вахтавіком зблыталася. Прыехаў небарака з камандзіроўкі, а ў жоначкі левая нага вывіхнутая, пыса падрапаная і валасы абсмаленыя. І не толькі на галаве.

Уся гэтая балбатня даймае цяпер ужо да нервовага свербу. Таму й думкі прыходзяць раз’юшаныя. Не думкі нават, а нейкія цьмяныя відзежы: даўжэзны санны цуг цягнецца, у атачэнні ўзброеных вершнікаў, па расхлябістай дарозе. Плачуць дзеці, галосяць жанкі, усхвалявана гракаюць вароны. І ўсё гэта на тле алавянага неба, пасярод вусцішнага ляснога гушчару. Гэта Іван Жахлівы гоніць палачанаў у маскоўскае рабства. А насустрач цугу, прыхаваўшыся ў адліжнай лютаўскай смузе, рухаецца такі ж самы даўжэзны абоз. Гэта едуць у зваяваны Полацак маскавіты-навасёлы. Едуць са сваім скарбам, са сваімі святарамі, са сваёй спрадвечнай пагардай да ўсяго “нярускага”.