Выбрать главу

Падыйшоў Фелікс:

— Ну, усё выдатна. Спозняцца крыху…

— Дзе ж выдатна, калі спозняцца?

— Павячэраем, агледзімся…

План іхні быў — у Фелікса знаёмая, яна прыедзе ўвечары з Мінска ў пасёлак, у спецыяльную «хату», і прывязе сяброўку. Абедзве замужам, што дае пэўную гарантыю чысціні фізічнай і няпэўную — маральнай. Вось такая рыбалка, ха-ха!

Фелікс прапанаваў ісці да пасёлка цераз возера. Калі спусціліся на лёд — веснавы, падшэрхлы, зусім не слізкі — і пайшлі па ім, лавіруючы між накручаных рыбакамі дзірак-палонак, Галубоўскі ў сваіх туфлях адзін раз усё ж паслізнуўся і ледзь не ўпаў. Цяпер, чым бліжэй да мэты, тым актыўней мянціў яго язык.

— Тут галоўнае што? — пытаўся Галубоўскі і сам адказваў: — Якаясьці каверза, нечаканасць… Увогуле, як гэта робіцца? Ну, падрыхтоўка, прэлюдыя? Не браць жа моўчкі за руку і не весці ж! Трэба ж штосьці казаць, неяк сябе паводзіць…

І тут рознае ўяўлялася Галубоўскаму, самае палярнае:

— Каб і не надта груба, і каб не інстытут шляхетных дзяўчат…

Таксама ён дзяліўся ўголас — а як бы ён хацеў, каб было? Так сказаць, у ідэале? Поўзмроку, аказваецца, ён хацеў бы, ружовага або сіняватага адценняў, нейкага флёру… Сціпласці, няўмення. Каб такі ўтульны пакойчык невялікі, ізаляваны, глухі, які б абавязкова замыкаўся на ключ з сярэдзіны… Чагось такога. Аднак не супраць быў і на адваротнае: на распусту лёгкую, сімпатычную — у пэўных межах, канечне:

— Ведаеш, без гэтых жахлівых «дядя», ці «мущина» — во ўжо ненавіджу!

— Пік пошласці, — пагадзіўся Фелікс.

Дапускаў Галубоўскі і самы горшы варыянт: непрыстойнасць, неахайнасць, развязнасць, калі рэчы называюцца сваімі грубымі імёнамі… Карацей, да ўсяго быў гатовы.

— Натуралізм! — усклікваў ён. — Але таксама някепска!

Асабліва ж карцела яму прасачыць адзін момант. Як гэта чужая, апранутая, недаступна-непрыступная жанчына, якую звычайна праводзіш у лепшым выпадку позіркам, жанчына, якіх сотні на вуліцах, у транспарце, у крамах, паліклініках, бібліятэках, офісах і ў розных канструктарскіх бюро — як яна паступова будзе ператварацца ў індывідуальную, даступную, голую, тваю — па адным тваім жаданні, па адным кіўку твайго пальца, і належаць будзе толькі табе, нейкаму Галубоўскаму…

— … Хаця ты не маеш на яе аніякага права! Ці гэта і ёсць адзіна-сапраўдная, несумненная ўлада, дадзеная смяротнаму чалавеку, а зусім не ўлада палітычная?

Фелікс згаджаўся, падтакваў, не забыючы нагадваць, каб гаманкі сябар хоць трохі глядзеў пад ногі.

IV

Возера прайшлі, ускараскаліся, памагаючы адзін аднаму, па слізкім адкосе і апынуліся на пасялковай вуліцы, вузкай, гарбатай і крывой («Як п’яны бык пасцаў», — заўважыў Галубоўскі) вуліцы. Людзей па дарозе траплялася мала, у асноўным мужчыны-рыбакі ў сваіх ватоўках, бахілах і са скрынкамі на плячах; хто ішоў з возера, хто на возера…

Каля мясцовай крамкі стаяў, пакурваючы, дзядзька з браканьерскай мордаю. Побач, на кавалку цэлафана, раскладзены быў тавар — акуні, шчупакі, плоткі, судакі… Рыбіны былі розных памераў, некаторыя яшчэ варушылі плаўнікамі і жабрамі. Побач стаяў пусты глыбокі таз. У Галубоўскага загарэліся вочы, ён раптам падскочыў да прадаўца і загаварыў холадна, строга, начальніцкім тонам:

— Што за рыба? Адкуль? Чым лавіў — сеткаю? Электравудаю? А дазвол? Пасведчанне паказаць?

Дзядзька цыркнуў слінай, змерыў Галубоўскага сонным паглядам, нібы вырашаў, ці варта траціць на такога словы. Вырашыў, што не варта, і пагардліва адвярнуўся.

— Цяпер разумею, — зрабіў чарговае адкрыццё Галубоўскі, калі ледзь адцягнуў яго Фелікс і яны пайшлі далей па вуліцы, — чаму знаёмыя рыбакі ніколі без улову не вяртаюцца! На якую «рыбалку» ездзяць!

— Ды не. Сапраўдны рыбак смаркатага ярша ніколі не памяняе на самую залатую бабу… Прашу! — Фелікс паказаў на металічныя веснічкі.

Дом. Звычайная дача. Як вясковая хата, толькі высокая, з вакенцамі ў паддашшы. Нічога не паказвала, што гэта загарадны публічны дом, ці дом спатканняў, скажам мякчэй.

— Не Капенгаген, — скептычна заключыў Галубоўскі. А калі ўвайшлі ў двор, і навязаны на ланцугу ля будкі сабака, замест таго, каб гаўкаць на чужых, толькі хвастом завіляў, Галубоўскі пасміхнуўся: — Прывык!

У халоднай — пара з рота — верандзе ім насустрач падалася жанчынка, звычайная вясковая бабулька, у пуховай хустцы, вязанай кофце, у пантофлях з кутасамі і ў мужчынскіх шкарпэтках. Рукі ад холаду яна трымала ў рукавах кофты, як у муфце. Твар свяціўся лагоднымі зморшчынкамі, вочы ззялі радасцю, нібы гэта маці сустракала даўно чаканых сыноў.