Выбрать главу

Каля апошняга павароту Іван Аляксеевіч спыніўся пад хвояй, зладзеявата паглядзеў па баках і пачаў спраўляць малую патрэбу… Як тут зусім блізка ці то жаночы, ці то дзіцячы голас крыкнуў пранізліва, рэзка:

— Э-гэ-гэй!!!

Іван Аляксеевіч уздрыгнуў ад нечаканасці. Людзей у лесе ён увогуле не цярпеў, звычайна калі яшчэ здалёк заўважаў грыбніка-канкурэнта, затойваўся, стараўся схавацца, мяняў маршрут — абы не перасячыся дарогамі; што ўжо казаць пра розных крыкуноў-галёкалаў — такіх ён амаль ненавідзеў. Усё ж цяпер нават не павярнуўся на голас, спакойна дарабіў, што хацеў, і толькі пачаў прыводзіць сябе ў парадак, як — зноў:

— Э-ге-гэй! Ку-дай-це-лісу!!! — прычым гэтую лісу патрабавалі вось зараз, кроў з носу.

Іван Аляксеевіч крэкнуў, сплюнуў, ціха вылаяўся. І якіх толькі прыдуркаў няма на свеце! Вось ужо сапраўды, і сеяць не трэба — самі растуць…

— Ку-дай-це-лісу?!! Ку-дай-це-лісу?!! — проста-такі залямантаваў голас — нейкія скандальна-істэрычныя, зусім не лясныя ноткі зазвінелі ў ім, такія недарэчныя, настолькі чужыя гэтым хвоям, верасам ды імхам, гэтай спакойнай цішыні і адзіноце, што Івану Аляксеевічу не па сабе стала, крыху нават страшнавата і разам з тым цікава: якую лісу? навошта? хто яе так дабіваецца?

Ён асцярожна, хоць і ведаў, што заўважыць яго, апранутага ў цёмна-зялёны плашч-дажджавік, амаль немагчыма, рушыў на голас. Стаіўся за кустом арэшніку, адагнуў галінку…

Зусім блізка, метраў за дзесяць ад куста, на палянцы, стаяла жанчына, а мо дзяўчына — твару не відаць было. У руках — нічога. Зграбная постаць. Адзенне не лясное — кідкае, стракатае. З-пад кароткай скураной куртачкі знізу і зверху вытыркаецца світэр, высокі каўнер шчыльна аблягае шыю. Шнураваныя боцікі чыстыя, глянцавата блішчаць…

Івану Аляксеевічу захацелася ўбачыць яе твар. Прыгінаючыся, хаваючыся за дрэвамі, усё гэтак жа ціха ступаючы, ён абыйшоў палянку, падкраўся яшчэ бліжэй, паднырнуў пад старую елку, густыя лапы якой звісалі да зямлі, шалашом, і з гэтага надзейнага схову ўжо добра, у профіль, разгледзеў жанчыну… Якая жанчына! — гадоў семнаццаць ад сілы… Твар юны, чысты, з тонкімі рысамі… Валасы, вусны… Прыгожая, дагледжаная, шляхетна-пародзістая (умомант і беспамылкова вызначыў чалавек вясковай гадоўлі Іван Аляксеевіч). Абсалютна нармальная! Што за чорт? Ну, голас-то, праўда, псіхованы…

«Гарадская? Распешчаная? — падумаў Іван Аляксеевіч. — Аранжарэйная?» Прыпёрлася з сям’ёй ці з кампаніяй, адстала… Разгубілася, спалохалася… Заблудзіцца тут малое дзіця не можа. Месца вытаптанае-выхаджанае, станцыя побач, перыядычны шум з чыгункі, скрозь поўна сцежак, якія ўсе зліваюцца ў адну — да станцыі.

Ну што. Усё ясна. У цябе свой клопат, у мяне — свой, табе стаяць на палянцы і лісу гукаць, мне — дамоў ехаць, справы рабіць…

— Ку-дай-це-лісу?!! Ку-дай-це-лісу?!! — не ўнімалася дзяўчына, толькі рэха па лесе ляцела. — Ку-дай-це-лісу?!!

«Не — вы мяне ў гэта не ўблытаеце», — падумаў Іван Аляксеевіч. Такое ў яго было правіла, адно на ўсе выпадкі жыцця — «вы мяне ў гэта не ўблытвайце!» Правіла як правіла. Не горшае за іншыя. Прынамсі, не падвяло яго яшчэ ніколі, «ні ў прозе, ні ў дарозе», — як сказаў паэт, ні ў грыбах, ні на рыбалцы, ні ў сям’і, ні ў адпачынку, ні на рабоце, а працаваў ён шафёрам, ці, па-іхняму, «вадзіцелем»: зорачкі ў тры рады на кабіне яго «МаЗа» сведчылі, колькі год пракруціў ён «баранку» без аварый — роўна столькі, колькі за яе трымаўся. Такія ж зорачкі можна было смела маляваць нябачнай фарбай і на скрыжалях яго лёсу. Жыццё яго кацілася роўна, ціха, гладка — як «мазаўскія» колы па харошай дарозе. Вясковую асцярожнасць, педантызм, падазронасць ён некалі ўдала прышчапіў да гарадской практычнасці, учэпістасці, цынізму і дажыў гэткім гібрыдам да 50 гадоў, прыпяваючы. Ніколі не курыў. Піў рады ў гады і толькі пад закуску. Жонка — медсястра ў паліклініцы. Двое дарослых сыноў, жанатыя, уладкаваныя, жывуць асобна, унук ад Пеці — Сярожка, і ўнучка ад Колі — Машанька. Тыповая сярэдняя беларуская сям’я. Усе больш-менш здаровыя (дзякуючы Богу і жончынаму блату ў паліклініцы), усе адносна шчаслівыя…

Што яшчэ пра яго сказаць? Якія штрыхі дадаць да яго партрэта? Напрыклад, якая была ў яго палітычная арыентацыя? Ды ніякай. «Вы мяне ў гэта не ўблытвайце!» — вось і ўвесь сказ, ці тычылася гэта незапланаванай выпіўкі, ці сямейных разборак, ці праблем на працы, ці палітычных размоў любога ўхілу. І за такую цвёрдасць, яснасць пазіцыі заслужыў ён людскую павагу, справядліва заняў сваё месца пад сонцам, і называлася яно — «сапраўдны мужык». Сябры вымаўлялі гэта з павагай, а жонкі сяброў — з некаторай зайздрасцю.