Выбрать главу

Паўз могілкавую агароджу растуць старыя высокія вішні; у іх цяпер ствалы з аднаго боку бліскучыя, падсушаныя сонцам, у залатых шарыках соку, а з другога — шурпатыя, мокрыя ад расы і ад туману, дык вось — вішні мне пахнуць цвёрдымі белабокімі гуркамі, свежым расолам…

Матка кладзе вішнёвыя галінкі ў бочку з гуркамі…

Пахі рэзка наплываюць, змяняюцца, я ледзь перастаўляю ногі. Шчанючок таўчэцца носам у кеда, аббягае мяне, каб ісці далей самому, але пожня драпае яму па голым жываце, спераду нічога не відно, і ён, скуголячы, падае на хвост і ліжа жывот і лапы.

Я задзіраю галаву. Неба далёкае, вымытае начным туманам і высушанае ранішнім сонцам да бела-сіні. Пахне яно сама трывожна: Анжэлаю, духамі, горадам і сном, калі лятаеш над лугам, «па якім гуляюць жанчыны і коні»… Гэтыя пахі адначасна музыка: я выразна лаўлю мелодыю, паўтараю яе вуснамі, яна гайдае мяне каруселяю…

— Ды што ж гэта такое?!

Ходырам ходзіць пад нагамі пожня, падаюць з бабак снапы, рассыпаюцца, вішні пераварочваюцца дагары… хачу падумаць усё гэтае, а гук доўга, ліпуча, нудна цягне: «Сна-а-а…», і нават «снапы» не выходзіць падумаць. Мне млосна, я апускаюся на калені лбом у пожню і нюхаю часта-часта мокрае павуцінне і зелле… Ад сэрца млявасць паўзе па грудзях, па шыі, ніжэй — у лоб. Зямля паволі выцягвае яе… знікае і мелодыя… знікае… вось і следу ўжо няма.

Тое, што было МНОЮ, узлятае ўверх і трошкі ўправа, і адсюль, зверху, цікаўна і здзіўлена глядзіць, як устае з зямлі белагаловы хлопчык, абцірае штаны, кашулю, хістаючыся на роўным полі, ідзе да хатаў, заходзіць у адну, высыпае на посцілку каля поліка грыбы, сцягвае адзін аб другі кеды і валіцца ў ложак. Ужо ні голад, ні бразганне і тупат каля печы, ні радыё, ні сакатанне куры пад саменькім акном не разбудзяць яго аж да

ПОЎДНЯ.

— …а мо, як ты кажаш, і будзе які толк, — чуваць з меншае хаты салодзенькі матчын голас. — Ён жа вучыцца, маладзічко, на круглые пяць! Мо, Бог дасць, хоць ён куды выб’ецца…

— Маладзіцо — выб’ецца! — пераконвае матку паштальёнчын голас. — Ён жа і на алімпіяды нейкія ездзіць…

— Куды хочаш ездзіць…

Гэта пра мяне. Матка заўсёды і ўсім мяне хваліць, але мне гэта ні прыемна, ні непрыемна, а ніяк, а «так і павінна», бо такое заўсёды: сем гадоў я добра вучуся, і сем гадоў мяне хваляць — з чым параўнаць, каб уведаць, што пахвальба гэтая заслужаная, а не… ох, заблытаюся! — а не «так і павінна быць»?

Калі матка з паштальёнкаю выходзяць, я саскокваю з ложка, бягу ў меншую хату і ем маладыя смажаныя ў смятане грыбы, запіваючы халодным кісялём з малінаў. Выходжу на двор, за хату.

За хатаю дзядзька Сцяпан косіць на поплаўчыку атаву, а матка ходзіць следам, растрэсае. Дзядзька ў керзавых чобатах, у светлых картовых штанах, з сівымі вусамі і з моцнай загарэлай лысінаю — гэта коласаўскі дзядзька Антось! Я залажу на жэрдку і сонна пазіраю. Па плоце бяжыць некуды бліскуча-попельны кот у белых панчошках, а за ім знізу скача пад’еты шчанючок — скача як заяц, лезе на ніжнюю жэрдку і зрываецца лапамі.

Ідуць касцы, звіняць іх косы, Вітаюць іх буйныя росы…

Вялізны кот з касою ў лапах і падперазаны хвастом…

Усё, «Новая зямля» мяне цяпер не адпусціць. Гэта дзядзька вінаваты са сваімі вусамі і з чобатамі. Заплюшчыўшы вочы, я гартаю па памяці знаёмую кніжку… вось старонка з прысохлым камаром: ясна бачу кожную лапку, аднаго крыльца няма, а ўверсе тэкст:

I вось над садам, загуменнем Сняжынкі жвавыя гуляюць, Садок і дворык засцілаюць Бялюткім, чыстым…

— Вой, вужака!

— Бі, бі! — крычыць матка і круціцца, шукаючы што ў руку. — Сынок, дай граблі, палку!

— Біце, дзядзька Сцяпан! — крычу і я здалёку, але, босы, і не думаю нават злазіць са сваёй жэрдкі.

Дзядзька, не сказаць, каб смела, тыркае кассём абы-куды. Матка самая актыўная: шукае, пора граблямі ў траву, выглядае ў баразне паўз пожню…

— У лес пабегла даўно, — махае рукою дзядзька. Ён падходзіць да мяне, садзіцца побач, закурвае.

— Добра, як у лес, а як у сноп, падлюка, зашылася, — матка шукае і ў снапах аўса, якія побач, разгорнутыя, сушацца на пожні.

Ад дыму я зусім п’янею. На імгненне раптам нашыя шулы ад варотаў робяцца беленькімі мармуровымі калонамі, бетонныя прыступкі паміж імі вядуць у нейкія дзверы, і я сам іду па гэтых прыступках, а злева — прыгожая шыльда, і пад ёй на сцяне патрэскаўся тынк формаю лацінскай літары S. Бр-р!