Выбрать главу

Але не пра тое рэч. Карацей, матацыкл у цябе з’явіўся. У класе восьмым ці дзевятым, калі забытыя былі ўжо і Цімур з камандаю, і рабінзоны з Палесся, калі цягнула ў суседнія вёскі да дзевак гуляць, а з іншага боку і дзяцінства не да канца адпускала яшчэ, трымала каля сябе грыбамі сваімі нязнойдзенымі, рыбамі нязлоўленымі, арэхаміягадамі нявыбранымі, галамі не забітымі, кніжкамі не прачытанымі… Ды яшчэ такім мілым, даўнім тэрмінам як «дай пакатацца!». На кані, на лісапеце, на мапедзе і нарэшце на гэтай зялёнай спакуслівай штучцы, гаспадаром якой ты з’яўляўся…

«Дай пакатацца…»

Ты даваў. Само сабою, не за бясплатна. Браў выпіўкай, цыгарэтамі, грашыма… Помню, нібы прадчуваючы тое, што здарыцца, я авансам заплаціў табе адразу трайны тарыф: пляшку самагонкі, пачак цыгарэт і рубель грошай. І вось яна, музыка руху, гул матора, напятая ветрам кашуля як ветразь, як крылы за спінаю! Чацвёртая перадача, газ да ўпору… Ямка, перакошаны руль, кульбіт «галаваногі»… Ватная цішыня ў вушах, потым знянацку рэзкі, высокі, як ў бензапілы на халастым ходзе, плач матора… І твае вочы, калі ты падбег і павярнуў ключ запальвання, і ўсё сціхла, а я падняўся, абмацваючы сябе і азіраючыся, твае вочы, у якіх былі боль, страх, адчай, бяда, а потым, калі ты нарэшце больш пільна паглядзеў на мяне, яшчэ і квёлая надзея: а раптам пакалечыўся?!

На мне не было ні драпінкі. Затое матацыкл… Пагнутае пярэдняе крыло, разбітая фара, скурочаны правы паварот… Пакуль ты з ключом і пасаціжамі кешкаўся каля параненага свайго жалезнага сябра, марна стараючыся вярнуць «усё на месца», я лез табе пад рукі, перашкаджаў і зноў усё стараўся зазірнуць табе ў вочы; зазіраў і страшыўся таго, што ў іх бачыў слёз. Ты плакаў, Сцёпа, ад гора, і адначасова спяваў. Цадзіў праз зубы, звякаючы металам аб метал:

— Першым дзелам паламаем ма-тацыыклы…

— Ну, а дзевушкі? паныла падхопліваў я.

«А дзевушкі патом, адказваў ты, і загадкава неяк, вельмі сур’ёзна дадаваў: Патом будзе суп з катом!»

Загадкавасць гэтая растлумачылася неўзабаве. Калі я знайшоў нежывым свайго ката, сібірака, любімца ўсёй вёскі, які ішоў да кожнага, хто паманіць, на рукі. Ён ляжаў мёртвы на дварэ каля ганка. Потым мне расказвалі, ты хваліўся, як спрытна ўсё гэта «аформіў»: ты паманіў яго, ён падыйшоў, думаючы, што, як звычайна, будуць яго гладзіць і захапляцца ім; ты ж падняў яго за заднія лапы і біў галавою аб вушак да таго часу, пакуль ён не аддаў Богу душу.

* * *

Армія, Сцёпа, армія! Вось што крута змяніла твой лёс, вось што ўзняло цябе над марамі пра «шохверства»… Самая цёмная, самая загадкавая паласа ў тваім жыцці, тайна за сямю пячаткамі.

Пачнем з таго, што пісаць для цябе заўсёды было такою ж пакутай, як і чытаць. За цэлы год службы ты падаў аб сабе ўсяго з пару куцых вестачак, кшталту «жыўздароў», і напалоханыя бацькі (яны думалі, што цябе рыхтуюць да адпраўкі ў Афганістан, і таму такая скупасць інфармацыі) ездзілі спраўляцца ў ваенкамат, нават самі пісалі тваім камандзірам… Усё марна! Аж раптам, на другім годзе службы, пачалася іншая крайнасць: ні з таго ні з сяго ты пачаў літаральна завальваць іх пісьмамі, па трычатыры на тыдзень. Тады ж высветлілася, што служыш ты «ў гаспадарчай роце». Аднак нават гэта было пастаўлена табе ў заслугу. Бацькі ганарыліся сваім «меншанькім», яго ўменнем уладкоўвацца; калінебудзь на пошце, ці ў магазіне, ці ў іншым людным месцы бацька пры ўсіх ўспорваў канверт і зачытваў пра твае поспехі ўголас. Сваім напышлівым стылем, бездакорнай расейскай моваю, граматычнаправільнай пабудоваю сказаў пісьмы тыя настолькі не вязаліся з каснаязыкім тваім мысленнем, тым больш з «троечнай» тваёй арфаграфіяй, што аднойчы я не вытрымаў і папрасіў патрымаць пісьмо ў руках… Так і ёсць. Почырк чужы. Усё было зразумела. Не трэба тут вялікай фантазіі, каб уявіць якогась затурканага, няшчаснага салдаціка, уся віна якога ў тым, што загрэблі яго з другога курса універсітэта, што ён «жыд культурны», а таму ў рэдкія хвіліны свайго вольнага часу вымушаны крапаць за цябе гэтую эпісталярыю…

Усё тут ясна. Акрамя аднаго: чаму, Сцяпан, пасля войска ты не прыехаў ні на адзін дзень дамоў? Не прайшоўся вуліцаю, не пакрасаваўся сваім, алюміневымі і меднымі «ўзнагародамі» абчэпленым, кіцелем, зухавата збітай набок фурагаю… Ты не зрабіў гэтага, Сцёпа, ты, для каго падобны шпацыр без аніякай іроніі ўважаўся за трыумф, за адзін з найважнейшых этапаў у жыцці хлопца, мужчыны!