Выбрать главу

Здавалася, усё ішло да таго, каб атрымалася з яго штосьці людскае. Дванаццацігадовы хлапчук, дасціпны, з нахілам да задуменнасці, хваравіты, трапіў ён у навучальную ўстанову, начальнікам якой на той час быў чалавек незвычайны. Ідал юнакоў, дзіва выхавальнікаў, непараўнаны Аляксандр Пятровіч меў здольнасць адчуваць......[89] Як ведаў ён уласцівасці рускага чалавека! Як ведаў ён дзяцей! Як умеў узрушваць! Не было свавольніка, які, зрабіўшы свавольства, не прышоў-бы да яго сам і не прызнаўся ва ўсім. Гэтага мала, ён атрымліваў суровае... але свавольнік выходзіў ад яго, не апусціўшы нос, але падняўшы яго. I было нешта падбадзёрваючае, нешта такое, што гаварыла: «Наперад! Узнімайся хутчэй на ногі, не гледзячы на тое, што ты ўпаў». Не было ў яго размоў з імі аб добрых паводзінах. Ён звычайна гаварыў: «Я патрабую розуму, а не чаго-небудзь іншага. Хто думае аб тым, каб быць разумным, таму няма часу сваволіць: свавольства павінна знікнуць само сабой». I сапраўды, свавольствы знікалі самі сабой. Пагарду таварышоў зазнаваў той, хто не імкнуўся-б быць... Самыя крыўдныя мянушкі павінны былі пераносіць дарослыя аслы і дурні ад самых меншых і не адважваліся іх зачапіць пальцам. «Гэта ўжо занадта!» гаварыў шмат хто: «з разумнікаў будуць людзі ганарлівыя». — «Не, гэта не занадта», гаварыў [ён]: «няздольных я не трымаю доўга; з іх хопіць аднаго курса, а для разумных у мяне другі курс». I сапраўды, усе здольныя вытрымлівалі ў яго другі курс. Шмат якіх гарэзаў ён не стрымліваў, бачачы ў іх пачатак развіцця ўласцівасцей душэўных і кажучы, што яны яму патрэбны, як высыпка доктару—каб даведацца напэўна, што іменна знаходзіцца ў сярэдзіне чалавека.

Як любілі яго ўсе хлапчукі! Не, ніколі не бывае такой любасці ў дзяцей да сваіх бацькоў. Не, нават у бурныя гады шалёных захапленняў не мае такой сілы незгасальная страсць, як мела любоў да яго. Да магілы, да позніх дзён удзячны выхаванец, падняўшы чарку ў дзень нараджэння свайго цудоўнага выхавальніка, які даўно ўжо быў у магіле......, заплюшчваў вочы і ліў па ім слёзы. Самае малое падбадзёрванне яго кідала ў дрыжыкі і ў радаснае трапятанне і рушыла чэсталюбнае жаданне ўсіх перавысіць. Малаздольных ён не трымаў доўга; для іх у яго быў кароценькі курс; але здольныя павінны былі ў яго вытрымліваць падвойнае навучанне. I апошні клас, які быў у яго для адных выбраных, зусім не быў. падобны да тых, што бываюць у іншых установа[х]. Тут толькі ён патрабаваў ад выхаванца ўсяго таго, чаго іншыя неразважна патрабуюцы ад дзяцей, — таго вышэйшага розуму, які ўмее не пасмяяцца, але стрываць усякую насмешку, дараваць дурню і не абурыцца і не страціць роўнавагі, не помсціць ні ў якім [выпадку] і заставацца ў гордым спакоі неўсхваляванай душы; і ўсё што здольна ўтварыць з чалавека цвёрдага мужа, было тут уведзена ў дзеянне, і ён сам рабіў з імі няспынныя спробы. О, як ён ведаў навуку жыцця!

Настаўнікаў у яго не было шмат. Большую частку навук выкладаў ён сам. Без педанцкіх тэрмінаў, напышлівых думак і поглядаў, умеў ён перадаць самую душу навукі, так што і няпоўнагодняму было відаць, на што яна яму патрэбна. З навук былі выбраныя толькі тыя, якія могуць стварыць з чалавека грамадзяніна сваёй зямлі. Большая частка лекцый складалася з размоў пра тое, што чакае юнака наперадзе, і ўвесь далягляд яго будучай дзейнасці ўмеў ён акрэсліць так, што юнак, яшчэ знаходзячыся на школьнай лаўцы, думкамі і душой жыў ужо там, на службе. Нічога не ўтойваў: усе засмучэнні і перашкоды, якія толькі паўстаюць перад чалавекам на шляху яго, усе спакусы і прывабы, якія чакаюць яго наперадзе, збіраў ён перад ім ва ўсёй сваёй аголенасці, не ўтойваючы нічога. Усё было яму вядома, нібы сапраўды ён сам перабыў ва ўсіх званнях і пасадах. Ці таму, што моцна ўжо развілося чэсталюбства, ці таму, што ў самых вачах незвычайнага настаўніка было штосьці такое, што гаварыла юнаку: наперад! Гэтае слоўца, якое знаёма рускаму чалавеку, і робіць такія цуды над яго чулай прыродай,—але юнак з самага пачатку шукаў толькі цяжкасцей, прагнучы дзейнічаць толькі там, дзе цяжка, дзе больш перашкод, дзе трэба было паказаць большую сілу душы. Нямногія выходзілі з гэтага курса, але затое былі моцныя, былі абкураныя порахам людзі. У службе яны ўтрымаліся на самых хісткіх пасадах, у той час як многія і разумнейшыя за іх, не стрываўшы, праз дробязныя непрыемнасці, кідалі ўсё, або, асавеўшы, абленаваўшыся, трапілі ў рукі хабарнікаў і махляроў. Але яны не пахіснуліся і, ведаючы і жыццё, і чалавека, і ўзброеныя мудрасцю, зрабілі моцны ўплыў нават на дрэнных людзей.

вернуться

89

Кропкі пастаўлены на месцы неразабраных слоў.