Палкае сэрца чэсталюбнага хлапчука доўга білася пры адной думцы аб тым, што ён трапіць, нарэшце, у гэтае аддзяленне. Што, здавалася, магло быць лепш за гэтага выхавальніка для нашага Тенцетнікава! Але трэба-ж, каб у той самы час, калі ён быў пераведзены ў гэты курс абраных, — чаго так моцна жадаў, — незвычайны настаўнік раптоўна памёр! О, які ,быў для яго ўдар! якая страшная першая страта! Яму здавалася быццам.....[90] усё змянілася ў школе... На месца Аляксандра Пятровіча паступіў нейкі Фёдар Іванавіч. Ён адразу-ж націснуў на нейкія знешнія парадкі; пачаў патрабаваць ад дзяцей таго, што можна патрабаваць толькі ад дарослых. У вольнай іх развязнасці здалося яму штосьці бунтоўнае. I сапраўды, быццам на злосць свайму папярэдніку, абвясціў з першагадня, што для яго розум і поспехі нічога не значаць, што ён будзе глядзець толькі на добрыя паводзіны. Дзіўна: добрых вось паводзін і не дамогся Фёдар Іванавіч. Завялося свавольства патайнае. Усё было ў струнку днём і ішло папарна, а па начах завяліся гулянкі.
З навукамі таксама здарылася штосьці дзіўнае. Былі выпісаны новыя выкладчыкі, з новымі поглядамі і новымі кутамі і пунктамі гледжання. Закідалі слухачоў мноствам новых тэрмінаў і слоў; паказалі яны ў сваім выкладанні і лагічную сувязь,і веданне новых вынаходак, і палкасць уласнага захаплення; але, на жаль! не было толькі жыцця ў самой навуцы. Мярцвячынай павеяла ў іх вуснах мёртвая навука. Адным словам, усё пайшло навыварат. Страцілася пашана да начальства і ўлады: пачалі насміхацца і з настаўнікаў, і з выкладчыкаў; дырэктара пачалі называць Федзькам, булкай і іншымі рознымі імёнамі. Распуста завялася ўжо зусім не дзіцячая: завяліся такія справы, што трэба было шмат каго выключыць і выгнаць. За два гады нельга было пазнаць установы.
Андрэй Іванавіч быў характару ціхага. Яго не маглі захапіць ні начныя оргіі таварышоў, якія прыдабылі сабе нейкую даму перад самымі вокнамі дырэктарскай кватэры, ні кашчунства іх над святыняй праз тое толькі, што трапіўся не вельмі разумны поп. Не, душа яго і праз сон чула сваё нябеснае паходжанне. Яго не магло захапіць гэта; але ён апусціў нос. Чэсталюбства ўжо было абуджана, а дзейнасці і прастору яму не было. Лепш-бы было і не абуджаць яго. Ён слухаў прафесараў, якія гарачыліся на кафедрах, а ўспамінаў ранейшага настаўніка, які, не гарачыўшыся, умеў гаварыць зразумела. Якіх прадметаў і якіх курсаў ён ні слухаў! Медыцыну, філасофію, і нават права, і ўсеагульную гісторыю чалавецтва ў такім велізарным памеры, што прафесар за тры гады паспеў толькі прачытаць уводзіны ды развіццё абшчын нейкіх нямецкіх гарадоў, — і бог ведае, чаго ён ні слухаў! Але ўсё гэта заставалася ў галаве яго нейкімі недарэчнымі шматкамі. Дзякуючы прыроднаму розуму, ён адчуваў толькі, што не так павінна выкладацца, а як — не ведаў. I ўспамінаў ён часта пра Аляксандра Пятровіча, і так яму бывала сумна, што ён не ведаў, куды падзецца ад тугі.
Але маладосць тым шчаслівая, што ў яе ёсць будучыня. Па меры таго, як набліжаўся час да выпуску, сэрца яго білася. Ён казаў сабе: «Гэта-ж яшчэ не жыццё; гэта толькі падрыхтоўка да жыцця; сапраўднае жыццё на службе; там подзвігі». I, не зірнуўшы на цудоўны куток, які так захапляў кожнага госця-наведвальніка, не пакланіўшыся праху сваіх бацькоў, па звычаю ўсіх чэсталюбцаў, паімчаўся ён у Пецербург, куды, як вядома, імкнецца з усіх бакоў Расіі наша палкая моладзь — служыць, бліскатаць, выслужвацца або проста хапаць верхавінкі бескаляровай, халоднай, як лёд, грамадскай зваблівай адукацыі. Чэсталюбнае імкненне Андрэя Іванавіча спыніў, аднак-жа, на самым пачатку дзядзька яго, сапраўдны стацкі саветнік Ануфрый Іванавіч. Ён абвясціў, што асноўная справа ў добрым почырку, а не ў чым-небудзь іншым, што без гэтага не трапіш ні ў міністры, ні ў дзяржаўныя людзі. З вялікімі цяжкасцямі і з дапамогай дзядзькавых пратэкцый, нарэшце, прыстроіўся ён у нейкім дэпартаменце. Калі ўвялі яго ў цудоўны светлы зал, з паркетамі і пісьмовымі лакіраванымі сталамі, які меў падабенства да таго, нібы тут засядалі першыя вяльможы дзяржавы, што абмяркоўвалі лёс усёй дзяржавы, і ўбачыў ён легіёны прыгожых паноў, якія пісалі, рыпелі пёрамі, схіліўшы галаву набок, ды пасадзілі яго самога за стол, запрапанаваўшы зараз-жа перапісаць нейкую паперу, нібы знарок крыху дробнага зместу (перапіска ішла аб трох рублях і цягнулася поўгода) — незвычайна дзіўнае пачуццё ахапіла неспрактыкаванага юнака: паны, якія сядзелі вакол яго, здаліся яму такімі падобнымі да вучняў! На завяршэнне падабенства, некаторыя з іх чыталі дрэнны перакладны раман, засунуўшы яго ў вялікія лісты справы, якую разбіралі, быццам займаліся самой справай, і ў той-жа час уздрыгваючы пры кожным з’яўленні начальніка. Так гэта ўсё яму здалося дзіўным, так заняткі ранейшыя важней за цяперашнія, падрыхтоўка да службы лепш за самую службу. Яму стала шкада школы. I раптам, як жывы, паўстаў перад ім Аляксандр Пятровіч — і ледзь-ледзь ён не заплакаў. Пакой закруціўся, перамяшаліся чыноўнікі і сталы, і ледзь утрымаўся ён ад раптоўнага замарачэння. «Не», падумаў ён сам сабе, схамянуўшыся: «вазьмуся за справу, якой-бы яна ні здавалася спачатку дробнай». Утаймаваўшы дух і сэрца, вырашыў ён служыць па прыкладу іншых.