Выбрать главу

Але пераканаўчыя меркаванні дзядзькі не зрабілі на пляменніка ўздзеяння. Вёска пачынала здавацца нейкім прывольным прытулкам, выхавальніцай дум і помыслаў, адзіным полем карыснай дзейнасці. Ужо ён адкапаў і навейшыя кнігі ў галіне сельскай гаспадаркі. Словам — праз тыдні два пасля гэтай размовы быў ён ужо недалёка ад тых мясцін, дзе праімчалася яго маленства, недалёка ад таго цудоўнага кутка, якім не мог налюбавацца госць і наведвальнік. Новае пачуццё страпянулася ў ім. У душы пачалі прачынацца ранейшыя, даўно не выходзіўшыя напаверх, уражанні. Ён ужо шмат якія месцы забыў зусім і з цікаўнасцю глядзеў, як навічок, на цудоўныя малюнкі. I вось, невядома ад чаго, раптам забілася ў яго сэрца. Калі-ж дарога пайшла вузкім сухадолам у гушчар велізарнага заглохшага лесу і ён убачыў уверсе, унізе, над сабой і пад сабой, трохсотгадовыя дубы, тром чалавекам як абняць, у перамешку з піхтай, вязам і ясакарам, перарастаўшым верхавіны таполі, і калі на пытанне: «чый лес?» яму сказалі «Тенцетнікава»; калі, выбраўшыся з лесу, паімчалася дарога лугамі, паўз асінавыя гаі, маладыя і старыя вербы і лозы, перад узвышшамі, што цягнуліся ўдалечыні, і двума мастамі пераляцела ў розных месцах адну і тую раку, пакідаючы яе то направа, то налева ад сябе, і калі на пытанне: «чые лугі і сенажаці?» адказалі яму: «Тенцетнікава»; калі паднялася потым дарога на гару і пайшла па роўным узвышшы, — з аднаго боку паўз нязжатае збожжа, пшаніцу, жыта і ячмень, з другога боку паўз усе раней праеханыя месцы, якія ўсе раптам паказаліся ў скарочаным аддаленні, і калі, паступова цямнеючы, уваходзіла і ўвайшла потым дарога пад цень шырокіх разлогіх дрэў, што размясціліся ўроссып па зялёным дыване да самай вёскі, і замільгалі разьбяныя хаты мужыкоў і чырвоныя дахі каменных панскіх будынін, і бліснулі залатыя верхі царквы, калі, палка забіўшыся, сэрца і без пытання ведала, куды прыехала: адчуванні, якія безупынку намнажаліся, вырваліся, нарэшце, у гучных словах: «Ну, ці не дурань я быў дагэтуль? Лёс прызначыў мне быць гаспадаром зямнога раю, а я заняволіў сябе корпацца ў мёртвых паперах? Выхаваўшыся, адукаваўшыся, зрабіўшы запас ведаў, патрэбных для пашырэння дабра паміж падуладнымі, для паляпшэння цэлай вобласці, для выканання шматлікіх абавязкаў памешчыка, які з’яўляецца ў адзін і той-жа час і суддзёй і распарадчыкам, і ахоўнікам парадку, даручыць гэтую пасаду невуку-кіраўніку, а сабе абраць завочны разгляд спраў паміж людзьмі, якіх я і ў вочы не бачыў, якіх я ні характараў, ні якасцей не ведаю, — аддаць перавагу перад сапраўдным кіраваннем папяроваму фантастычнаму кіраванню правінцыямі, што знаходзяцца за тысячы вёрст, дзе не была ніколі нага мая і дзе магу нарабіць толькі кучы недарэчнасцей і глупстваў!»

А між тым яго чакала другое відовішча. Даведаўшыся аб прыездзе пана, мужыкі сабраліся да ганка. Сарокі, кічкі, павойнікі [91], світкі і маляўніча-шырозныя бароды прыгожага насельніцтва абступілі яго наўкол. Калі пачуліся словы: «Кармілец наш! успомніў...» і мімаволі заплакалі дзядкі і бабулі, якія помнілі яго дзеда і прадзеда, не мог ён сам утрымацца ад слёз. I думаў ён сам сабе: «Столькі любві! і завошта? — За тое, што я ніколі не бачыў іх, ніколі не займаўся імі!» I даў ён сабе зарок дзяліць з імі працу і заняткі.

I пачаў ён гаспадарыць, распараджацца. Зменшыў паншчыну, зменшыў дні працы на памешчыка, і прыбавіў часу мужыку. Дурня-кіраўніка выгнаў. Сам пачаў цікавіцца ўсім, з’яўляцца на палях, у гумне, у ёўнях, на млынах, каля прыстані, пры пагрузцы і сплаве барак і пласкадонак, так што гультаі пачалі нават пачухвацца. Але цягнулася гэта нядоўга. Мужык кемлівы: ён зразумеў хутка, што пан, хоць і жвавы, і ёсць у ім таксама ахвота ўзяцца за многае, але як іменна, якім чынам узяцца, гэтага яшчэ не цяміць, гаворыць як па пісанаму і не ўшчуваючы. Вышла так, што пан і мужык неяк не тое, каб зусім не зразумелі адзін другога, але, проста, не спеліся разам, не злаўчыліся выводзіць адну і тую-ж ноту.

Тенцетнікаў пачаў прыкмячаць, што на панскай зямлі ўсё атрымлівалася неяк горш, чым на мужыцкай. Сеялася раней, узыходзіла пазней, а працавалі, здавалася, добра. Ён сам прысутнічаў і загадаў даць нават па чарцы гарэлкі за старанную працу. У мужыкоў ужо даўно каласілася жыта, выплываў авёс, кусцілася проса, а ў яго толькі ледзь пачынала збожжа ісці ў трубку, пятка коласа яшчэ не завязвалася. Словам, пачаў прыкмячаць пан, што мужык проста махлюе, не гледзячы на ўсе палёгкі. Паспрабаваў быў дакараць, але атрымаў такі адказ: «Як можна, пане, каб мы пра панскую, гэта значыць, выгаду не дбалі! Самі вы бачылі, як стараліся, калі аралі і сеялі — па чарцы гарэлкі загадалі даць». Што можна было на гэта сказаць?

вернуться

91

Жаночыя галаўныя ўборы.