Першыя дні Андрэй Іванавіч баяўся за сваю незалежнасць, каб як-небудзь госць не звязаў яго, не абцяжыў якімі-небудзь зменамі ў жыццёвым ладзе і не парушыўся-б парадак дня яго, так удала заведзены; але боязнь была дарэмная. Павел Іванавіч наш паказаў незвычайна гнуткую здольнасць прыстасавацца да ўсяго. Ухваліў філасафічную павольнасць гаспадара, сказаўшы, што яна абяцае стогадовае жыццё. Пра адзіноту выказаўся вельмі трапна, іменна, што яна жывіць вялікія думкі ў чалавеку. Зірнуўшы на бібліятэку і пахваліўшы кнігі наогул, заўважыў, што яны ратуюць ад бяздзейнасці чалавека. Сказаў слоў няшмат, але значных. Ва ўчынках сваіх ён патрапіў быць яшчэ больш да месца. Своечасова з’яўляўся, своечасова адыходзіў; не абцяжваў гаспадара распытваннем, калі той быў негаваркі; з прыемнасцю гуляў з ім у шахматы, з прыемнасцю маўчаў. У той час, калі адзін пускаў кучаравымі воблакамі дым з люлькі, другі, не курачы люлькі, прыдумваў, аднак-жа адпаведны занятак: даставаў, напрыклад, з кішэні срэбраную з чэрню табакерку, і, умацаваўшы яе паміж двух пальцаў левай рукі, пакручваў яе хутка пальцамі правай, накшталт таго, як зямная сфера круціцца навокал сваёй восі, ці так барабаніў па ёй пальцам, з прысвістам. Словам — не перашкаджаў гаспадару. «Я першы раз бачу чалавека, з якім можна жыць», гаварыў сам сабе Тенцетнікаў: «наогул гэтага ўмельства ў нас мала. Паміж намі ёсць даволі людзей, і разумных, і адукаваных, і добрых, але людзей сталага, роўнага характару, людзей, з якімі можна было-б пражыць век і не пасварыцца, — я не ведаю, ці многа ў нас можна адшукаць такіх людзей. Вось першы чалавек, якога я бачу». Так адгукаўся Тенцетнікаў аб сваім гасці.
Чычыкаў, з свайго боку, быў вельмі рады, што пасяліўся на час у такога мірнага і ціхага гаспадара. Цыганскае жыццё яму надакучыла. Адпачыць, хоць месяц, у цудоўнай вёсцы, між палёў, на пачатку вясны, карысна было нават і ў гемараідальных адносінах.
Цяжка было адшукаць лепшы куток для спачынку. Вясна, якую доўга затрымлівалі халады, раптам пачалася ва ўсёй красе сваёй, і жыццё зайграла ўсюды. Ужо сінелі пралескі, і па свежым ізумрудзе першай зеляніны жаўцелі дзьмухаўцы, лілова-ружовы анемон нахіляў кволую галоўку. Раі мошак і кучы казюлек з’явіліся на балотах; наўздагон за імі бегаў ужо вадзяны павук; а за імі розная птушка сабралася адусюль у сухі чарот. I ўсё збіралася бліжэй паглядзець адно на другое. Раптам насялілася зямля, прачнуліся лясы, загучэлі лугі. У вёсцы пайшлі карагоды. Гулянню быў прастор. Колькі яркасці ў зеляніне! колькі свежасці ў паветры! колькі птушынага крыку ў садах! Рай, радасць і лікаванне ўсяго! Вёска гучала і спявала, як быццам на вяселлі.
Чычыкаў хадзіў шмат. Прагулкам і гулянням было прыволле ўсюды. То ішоў ён на прагулку па плоскай вяршыні ўзвышшаў, маючы перад вачамі даліны, што рассцілаліся ўнізе, дзе яшчэ ўсюды заставаліся вялікія азёры ад веснавога разводдзя, і астравамі на іх цямнелі яшчэ голыя лясы; або ўваходзіў у гушчар, у лясныя яры, дзе стоўпі...[92] густа дрэвы, абцяжаныя птушынымі гнёздамі, што змясці...[92] крыклівых крумкачоў, якія цьмянілі неба крыжаваным лётам. Па абсохшай зямлі можна было накіравацца да прыстані, адкуль з гарохам, ячменем і пшаніцай адплывалі першыя судны, між тым, як у той-жа час з аглушальным шумам імчалася вада на колы млына, што пачынаў працаваць. Хадзіў ён наглядаць першыя веснавыя работы, глядзець, як свежая ралля чорнай паласой праходзіла па зеляніне, і сейбіт, пастукваючы рукой аб сяўню, што вісела ў яго на грудзях, жменяй раскідаў насенне роўна, ні зернятка не перадаўшы на той ці іншы бок.