Выбрать главу

Чычыкаў адчуў тое і другое: і павагу і боязнь. Нахіліўшы пачціва галаву набок і расставіўшы рукі наводлет, нібы рыхтаваўся прыўзняць імі паднос з кубкамі, ён наўздзіў спрытна нагнуўся ўсім корпусам і сказаў: «Палічыў за абавязак прадставіцца вашаму прэвасхадзіцельству. Адчуваючы павагу да доблесцей людзей, якія ратавалі айчыну на полі бітвы, палічыў за абавязак прадставіцца асабіста вашаму прэвасхадзіцельству».

Генералу, як відаць, не не спадабаўся такі пачатак. Зрабіўшы вельмі прыхільны рух галавой, ён сказаў: «Вельмі рады пазнаёміцца. Будзьце ласкавы садзіцца. Дзе вы служылі?»

«Шлях маёй службы», сказаў Чычыкаў, сядаючы ў крэсла не на сярэдзіну, а наўскос, і ўзяўшыся рукамі за ручку крэсла, «пачаўся ў казённай палаце, ваша прэвасхадзіцельства. Далейшы ход яе прарабляў у розных месцах: быў і ў народным судзе, і ў камісіі будаўніцтва, і ў мытніцы. Жыццё маё можна прыраўняць як-бы да судна сярод хваль, ваша прэвасхадзіцельства. Цярплівасцю, можна сказаць, спавіты, спялюшкаваны і, будучы, можна сказаць, сам увасабленнем цярплівасці... А што было ад ворагаў, якія рабілі замахі на самое жыццё, дык гэта ні словы, ні фарбы, ні самая, так сказаць, кісць не здолее перадаць, так што на схіле жыцця свайго шукаю толькі кутка, дзе-б правесці рэшту дзён. Прыпыніўся-ж пакуль што ў блізкага суседа вашага прэвасхадзіцельства...»

«У каго гэта?»

«У Тенцетнікава, ваша прэвасхадзіцельства».

Генерал паморшчыўся.

«Ён, ваша прэвасхадзіцельства, вельмі каецца ў тым, што не выказаў належнай павагі...»

«Да чаго?»

«Да заслуг вашага прэвасхадзіцельства. Не знаходзіць слоў... Кажа: «Калі-б я толькі мог чым-небудзь... таму што сапраўды», кажа, «умею цаніць мужоў, якія ратавалі айчыну», кажа».

«Паслухайце, што-ж ён? Ды я-ж не гневаюся», сказаў, памякчэўшы, генерал. «У маёй душы я шчыра палюбіў яго і ўпэўнены, што з часам ён будзе найкарыснейшы чалавек».

«Зусім справядліва мелі ласку выславіцца, ваша прэвасхадзіцельства: сапраўды найкарыснейшы чалавек; можа перамагаць і дарам слова і ўладае пяром».

«Але піша, я думаю, глупства — якія-небудзь вершыкі?»

«Не, ваша прэвасхадзіцельства, не глупства. Ён штосьці людскае... Ён піша... гісторыю, ваша прэвасхадзіцельства».

«Гісторыю? аб чым гісторыю?»

«Гісторыю...» тут Чычыкаў спыніўся, і ці таму, што перад ім сядзеў генерал, ці проста, каб надаць больш важнасці прадмету, дадаў: «гісторыю аб генералах, ваша прэвасхадзіцельства».

«Як аб генералах? аб якіх генералах?»

«Наогул аб генералах, ваша прэвасхадзіцельства, аб усіх разам. Гэта значыць, уласна кажучы, аб айчынных генералах».

Чычыкаў зусім заблытаўся і збянтэжыўся, ледзь не плюнуў сам і ў думках сказаў сам сабе: «Божа, што за глупства такое вярзу!»

«Выбачце, я не вельмі разумею... Што-ж гэта выходзіць, гісторыю якога-небудзь часу, або асобныя біяграфіі? і пры тым ці ўсіх, ці толькі тых, хто ўдзельнічаў у 12-м годзе?»

«Зусім так, ваша прэвасхадзіцельства, хто ўдзельнічаў у 12-м годзе!» Сказаўшы гэта, ён падумаў сам сабе: «Хоць забі, не разумею!»

«Дык чаму-ж ён да мяне не прыедзе? Я змог-бы сабраць яму вельмі многа цікавых матэрыялаў».

«Баіцца, ваша прэвасхадзіцельства».

«Якое глупства! Праз нейкае там пустое слова, што паміж намі прамовіў... Ды я зусім не такі чалавек. Я, бадай-што, сам да яго гатоў прыехаць».

«Ён да гэтага не дапусціць, ён сам прыедзе», сказаў Чычыкаў, супакоіўся і зусім падбадзёрыўся, і падумаў: «Якая аказія! Як генералы прышліся дарэчы! а гэта-ж язык балбатнуў з дурасці!»

У кабінеце пачуўся шолах. Арэхавыя дзверы разьбянай шафы адчыніліся самі сабой і на адчыненай адваротнай палавіне іх, ухапіўшыся рукой за медзяную ручку замка, з’явілася жывая фігурка. Калі-б у цёмным пакоі раптам успыхнула празрыстая карціна, моцна асветленая добра ззаду лямпамі, адна яна так не ўразіла-б раптоўнасцю свайго з’яўлення, як гэтая фігурка. Было відаць, што ўвайшла, каб штосьці сказаць, але ўбачыўшы незнаёмага чалавека... З ёй разам, здавалася, уляцеў сонечны прамень, быццам засмяяўся нахмураны кабінет генерала. Чычыкаў у першую хвіліну дакладна не мог вызначыць, што такое іменна перад ім стаяла. Цяжка было сказаць, якой краіны яна была ўраджэнка. Такога чыстага, высокароднага абрысу твару нельга было адшукаць нідзе, апрача можа толькі на адных старажытных камейках [93]. Простая і лёгкая, як стрэлка, яна ўзвышалася над усімі сваім ростам. Але гэта быў зман. Яна была зусім не высокага росту. Вынікала гэта ад незвычайна суладных суадносін паміж сабой усіх частак цела. Адзенне ляжала на ёй так, што здавалася, лепшыя краўчыхі раіліся паміж сабой, як-бы лепш прыбраць яе. Але гэта быў таксама зман. Апранулася яна як быццам сама сабой: у двух, трох месцах схапіла іголка сяк-так непакроены кавалак аднакаляровай тканіны, і ён ужо сабраўся і размясціўся вакол яе ў такіх зборах і фальбонах, што калі-б перанесці іх разам з ёю на карціну, усе паненкі, апранутыя па модзе, здаваліся-б перад ёй нейкімі стракаткамі, вырабам ласкутнага раду. I калі-б перанесці яе з усімі гэтымі зборкамі ахінуўшай яе сукні на мрамар, назвалі-б яго копіяй геніяльных... Адно было нядобра: яна была занадта ўжо тонкая і худая.

вернуться

93

Камея (каштоўны паліраваны камень з якім-небудзь рэльефным мастацкім малюнкам).