Выбрать главу

«Ты, Селіфан, ці добра распытаў дарогу да палкоўніка Кашкарова?»

«Я, Павел Іванавіч, будзьце ласкавы заўважыць, усё ўпраўляўся каля каляскі, дык мне не было часу; а Пятрушка распытваў у фурмана».

«Вось і дурань! На Пятрушку, сказана, не пакладацца: Пятрушка бервяно; Пятрушка дурны; Пятрушка, глядзі што, і цяпер п’яны».

«Тут-жа не мудрасць якая!» сказаў Пятрушка, крыху павярнуўшыся і гледзячы скоса. «Апроч таго, што, спусціўшыся з гары, узяць лугам, нічога больш і няма».

«А ты, апроч сівухі, нічога і ў рот не браў! Прыгож, вельмі прыгож! Ужо вось можна сказаць: здзівіў прыгажосцю Еўропу!» Сказаўшы гэта, Чычыкаў пагладзіў свой падбародак і падумаў: «Якая, аднак-жа, розніца паміж асвечаным грамадзянінам і грубай лакейскай фізіяноміяй!»

Каляска пачала тым часам спускацца. Адкрыліся зноў лугі і прасторы, усеяныя асінавымі гаямі.

Ціха падрыгваючы на пругкіх пружынах, асцярожна спускаўся далей па непрыкметным схіле гары спакойны экіпаж і, нарэшце, паімчаўся лугамі паўз млыны, з лёгкім громам па мастах, з невялікім пагойдваннем па дрогкаму мякішу нізіннай зямлі. I хоць-бы адзін узгорачак або купінка далі сябе адчуць бакам! Асалода, а не каляска.

Хутка праляцелі паўз іх кусты лазы, тонкія алешыны і срабрыстыя таполі, б’ючы галінамі Селіфана і Пятрушку, якія сядзелі на козлах. З Пятрушкі штохвілінна скідалі яны шапку. Суровы слуга саскокваў з козлаў, лаяў неразумнае дрэва і гаспадара, які пасадзіў яго, але прывязаць шапку або нават прытрымаць яе рукой усё не хацеў, спадзяючыся, што гэта апошні раз і далей не здарыцца. Да дрэў-жа хутка далучылася бяроза, там елка. Ля карэння гушчарына; трава — сіняя ір [95] і жоўты лясны цюльпан. Лес пазмрачнеў і рыхтаваўся ператварыцца ў ноч. Але раптам адусюль, паміж галін і пнёў, заззялі пробліскі святла, як быццам зіхатлівыя люстэркі. Дрэвы парадзелі, бляскі рабіліся большымі... і вось перад імі возера — раўніна вады вярсты чатыры шырынёй. На супроцьлеглым беразе, над возерам, высыпалася шэрымі бярвенчатымі хатамі вёска. Крыкі чуліся ў вадзе. Чалавек 20, па пояс, па плечы і па горла ў вадзе, цягнулі да супроцьлеглага берага невад. Здарылася аказія. Разам з рыбай заблытаўся неяк круглы чалавек, такога-ж памеру ў вышыню, як і ў таўшчыню, сапраўдны гарбуз або бочка. Ён быў у безнадзейным становішчы і крычаў на ўсё горла: «Целяпень Дзяніс, перадавай Казьме! Казьма, бяры канец у Дзяніса! Не напірай так, Фама Большы! Ідзі туды, дзе Фама Меншы. Чэрці! кажу вам, парвеце сетку!» Гарбуз, як відаць, баяўся не за сябе: утапіцца з прычыны таўшчыні ён не мог, і, як-бы ні куляўся жадаючы нырнуць, вада-б яго ўсё выносіла ўгору; і калі-б села яму на спіну яшчэ двое, ён-бы, як упарты пухір, застаўся-б з імі на паверхні вады, злёгку толькі крэкчучы пад імі ды пускаючы носам бурбалкі. Але ён моцна баяўся, каб не парваўся невад і не ўцякла рыба, і таму, звыш іншага, цягнулі яго яшчэ накінутымі вяроўкамі некалькі чалавек, што стаялі на беразе.

«Мусібыць, пан, палкоўнік Кашкароў», сказаў Селіфан.

«Чаму?»

«Таму, што цела ў яго, вось як бачыце, бялейшае, чым у іншых, і таўшчыня ніштаватая, як у пана».

Заблытанага ў сетку пана прыцягнулі ўжо тым часам прыкметна да берага. Адчуўшы, што можа дастаць дна нагамі, ён стаў на ногі, і ў гэты час убачыў каляску, якая спускалася з грэблі, і сядзеўшага ў ёй Чычыкава.

«Абедалі?» закрычаў пан, падыходзячы са злоўленай рыбай на бераг, увесь ублытаны ў сетку, — як, у летні час, дамская рука ў ніцяную пальчатку, — трымаючы адну руку над вачамі казырком для абароны ад сонца, другую-ж ніжэй, — на манер Венеры Медзіцэйскай [96], выходзячай з лазні.

«Не», сказаў Чычыкаў, крыху падымаючы шапку і працягваючы кланяцца з каляскі.

«Ну, дык дзякуйце-ж богу!»

«А што?» запытаў Чычыкаў з цікавасцю, трымаючы над галавой шапку.

«А вось што! Кінь, Фама Меншы, сетку, ды падымі асятра з ражкі! Целяпень Казьма, ідзі, дапамажы!»

Два рыбакі крыху паднялі з ражкі галаву нейкага страшыдла. — «Вунь які князь! з ракі зайшоў!» крычаў круглы пан. «Едзьце ў двор! Фурман, вазьмі дарогу ніжэй праз гарод! Бяжы, целяпень Фама Большы, зняць загародку! Ён вас правядзе, а я зараз...»

Доўганогі босы Фама Большы, як быў, у адной кашулі, пабег наперадзе каляскі праз усю вёску, дзе каля кожнай хаты былі развешаны невады, сеткі і морды [97]: усе мужыкі былі рыбакамі; потым зняў з нейкага гарода загародку, і гародамі выехала каляска на плошчу каля драўлянай царквы. За царквой, крыху далей, былі відаць дахі панскіх будынкаў.

вернуться

95

Аір (расліна).

вернуться

96

Антычная статуя ў Фларэнцыі.

вернуться

97

Плеценая верша.